Настаўнік назаўжды. Генрыка Францаўна Галадзенка знаходзіла ключык да сэрца кожнага вучня

- 15:36Образование

Штодзённая творчасць, душэўная дабрыня, любоў да дзяцей, бездакорнае веданне сваёй справы… Усімі гэтымі якасцямі валодае Генрыка Францаўна Галадзенка, ветэран педагагічнай працы, якая адзначыла 80­гадовы юбілей.

Нарадзілася 5 ліпеня 1944 года ў Воранаве Гродзенской вобласці. У 1962 годзе скончыла Воранаўскую сярэднюю школу. Любоў да педагогікі ў здольнай дзяўчынкі прачнулася рана, і 1962/1963 навучальны год яна працавала настаўніцай англійскай мовы і фізікі ў Таўзгінянскай васьмігадовай школе Воранаўскага раёна.

У 1963 годзе паступіла ў Калінінградскі дзяржаўны педагагічны інстытут на матэматычны факультэт. Пасля яго заканчэння была накіравана ў Несцераўскую сярэднюю школу настаўніцай матэматыкі. У 1970 го­дзе па сямейных прычынах перайшла на работу ў Пакрышкінскую васьмігадовую школу, дзе працавала 10 гадоў. З 1980 года — у Вішнеўскай васьмігадовай школе Слаўскага раёна. У 1985 годзе Генрыка Францаўна вярнулася ў Несцераў.

Больш як 40 гадоў яна працавала настаўніцай, шмат гадоў у розных школах была завучам па вучэбна-выхаваўчай рабоце. На працягу многіх гадоў была настаўнікам для маладых спецыялістаў, якія пачыналі сваю прафесійную дзейнасць у Несцераве, рыхтавала прызёраў і пераможцаў конкурсаў і прадметных алімпіяд, мае вялікую колькасць падзяк і грамат.

Яна вельмі адказна адносілася да выхавання дзяцей. Была мудрым класным кіраўніком, заўсёды старалася арганізаваць работу з дзецьмі так, каб яны самі праяўлялі ініцыятыву, імкнуліся палепшыць сваю паспяховасць і нават падрыхта­ваць нумар мастацкай самадзейнасці на свой густ. Цярпліва адносілася настаўніца і да свавольстваў сваіх вучняў, праяўляючы муд­расць у адносінах да падлеткаў. Як вопытны педагог імкнулася разнастаіць віды работ, дапамагала школьнікам авалодаць матэматычнай пісьменнас­цю, стратэгіяй і тактыкай дыялагічных і групавых зносін, вучыла вырашаць розныя камунікатыўныя задачы. Мудры, таленавіты педагог, настаўнік па прызванні, да глыбіні душы адказная, яна знаходзіла ключык да сэрца кожнага вучня. Таксама Генрыка Францаўна — цікавы чалавек, суразмоўнік, жонка, мама, бабуля. Яна ўмее зразумець і дзіця, і дарослага, дапамагае справай і парадай.

Два гады назад быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Воранаўскім раёнам і Калінінградскай вобласцю ў рамках праекта “Расія — Беларусь: моцнае партнёрства”. Цікавыя факты былі адкрыты ў рамках супрацоўніцтва Несцераўскай сярэдняй агульна­адукацыйнай школы імя В.І.Пацаева з Пагаро­дзенскай сярэдняй школай. Падчас рэалізацыі праекта “Імі ганарыцца школа” было ўстаноўлена, што там працавала настаўніцай наша зямлячка Генрыка Францаўна Галадзенка. У гора­дзе Несцераў яе цэняць і паважаюць як мудрага і таленавітага педагога, цікавага чалавека. І мы ганарымся, што такі педагог — наша зямлячка!

Ганна ШЧЫГЛО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна