20 снежня 2025 года “Настаўніцкая газета” адзначыць юбілейны выхад першага нумара. За год да гэтай знамянальнай даты мы пачынаем рубрыку “80 гадоў разам”, дзе вас чакае сустрэча з педагогамі, установамі адукацыі, матэрыялы пра якіх ужо выходзілі на старонках выдання ў ранейшыя дзесяцігоддзі. Праводзячы паралель з мінулым, будзем расказваць пра захаванне айчыннай сістэмай адукацыі лепшых традыцый выхавання і навучання маладога пакалення.
Першым героем рубрыкі стала Валянціна Пятроўна Рахманава з Рэчыцы. Нядаўна жанчына адзначыла 85-ы дзень нараджэння. І амаль 55 гадоў назад, у лютым 1970-га, пра яе, 30-гадовую настаўніцу англійскай мовы, пісала любімая “Настаўніцкая газета”.
Сямейная рэліквія
Той нумар з чорна-белым фотаздымкам і невялікай тэкстоўкай-подпісам педагог беражліва захоўвае ў сямейным архіве як сапраўдную рэліквію побач са старымі школьнымі альбомамі і асабістымі граматамі.
Разам з Валянцінай Пятроўнай, яе былымі і сённяшнімі калегамі пагартаем пажаўцелы нумар “Настаўніцкай”, прачытаем навіны сістэмы адукацыі, матэрыялы да 25-годдзя Вялікай Перамогі, азнаёмімся з перадавым на той час педагагічным вопытам і, канечне, пагаворым пра настаўніцкі вопыт самой Валянціны Пятроўны.
Пройдзе наша цёплая размова ў будынку сярэдняй школы № 4 Рэчыцы, дзе жанчына доўгі час працавала намеснікам дырэктара і які для яе, як і для соцень педагогаў і вучняў розных пакаленняў, стаў другім домам.
Згуртаваны калектыў
Па знешнім і ўнутраным выглядзе зусім не скажаш, што будынку 4-й рэчыцкай школы хутка споўніцца 50 гадоў: сучасная ўстанова, з сучасным абсталяваннем, сучаснымі творчымі педагогамі на чале з дырэктарам Галінай Мікалаеўнай Ушавай і пры гэтым даўнімі традыцыямі.
Капітальны рамонт надаў школе другое жыццё. У 2021 годзе падчас лінейкі з нагоды Дня ведаў прайшло ўрачыстае адкрыццё абноўленага будынка, што стала сапраўдным святам для ўсяго горада. Такім жа радасным для Рэчыцы было і 1 верасня 1976 года, калі ў новым будынку 4-й школы прагучаў першы званок. Радаснай гэтая падзея была і для Валянціны Пятроўны.
— Да 1976 года мы з дзяўчатамі былі раскіданы па розных школах. Я, напрыклад, працавала ў 3-й, дзе і быў зроблены фотаздымак для “Настаўніцкай газеты”, — пачала размову ветэран педагагічнай працы, гледзячы на сябровак, з якімі разам прыйшла на сустрэчу з журналістам. — У апошніх чыслах жніўня мы дапамагалі рыхтаваць будынак новай школы да здачы: выносілі смецце, мылі, скраблі, ачышчалі — адным словам, набліжалі пачатак навучальнага года. Тады і пазнаёміліся з калегамі, праца нас згуртавала.
Тэма згуртаванасці настаўніцкага калектыву заняла асаблівае месца ў аповедзе Валянціны Пятроўны. Нягледзячы на розныя супярэчнасці, якія ўзнікалі паміж калегамі, калектыў, па яе словах, быў вельмі дружны. Гэта выдатна пацвярджае наступны факт: многія гады ў школе паспяхова дзейнічаў настаўніцкі хор і музычны ансамбль.
— Мы былі адной сям’ёй. Дзяржаўныя святы, дні нараджэння заўсёды адзначалі разам. Збіраліся, накрывалі шыкоўны стол. Кожны прыносіў сваё. Я, напрыклад, грыбочкі. Усе ведалі: самыя смачныя грыбы ў Рахманавай! — з гонарам адзначыла Валянціна Пятроўна, а потым дастала з папкі старыя фотаздымкі.
Вось яна з калегамі на беразе Дняпра, вось на лыжах у зімовым лесе… А вось фота настаўніцкага хору. На адным са здымкаў — жанчына ў арыгінальным сцэнічным касцюме з гітарай.
— Гэта я. Пазналі? Касцюм шыла сама, — коратка апісала здымак Валянціна Пятроўна, а потым дадала, што і зараз можа ўзяць у рукі гітару і выканаць папулярныя некалі песні.
Нататка з працягам
З асаблівай цеплынёй жанчына расказвала пра фота з вучнямі. І ўсё ж самым галоўным са сваёй багатай школьнай фотакалекцыі яна лічыць здымак, змешчаны на чацвёртай паласе “Настаўніцкай газеты” ў нумары за 18 лютага 1970 года. Побач з матэрыяламі рубрык “Да 25-годдзя векапомнай Перамогі” і “Пісьменнік і школа” арыгінальнае па сюжэце фота: на пярэднім плане — дзяўчаты з коскамі і бантамі ў школьных сукенках, а на заднім каля дошкі — настаўніца і акардэаніст.
На першы погляд здаецца, што гэта ўрок музыкі ці спеваў, аднак напісаны на дошцы англійскі тэкст сведчыць пра заняткі па замежнай мове. Але прычым тут акардэон? Усё становіцца зразумела, калі чытаеш подпіс да фотаздымка: “Цікавыя вечары праводзяцца ў школе № 3 г.Рэчыцы. Тут створаны хор, які выконвае песні на рускай, беларускай, англійскай мовах”.
— Зроблена фота яшчэ да майго пераходу ў 4-ю школу. Вось так, развучваючы і выконваючы песні, я прывівала дзецям любоў да свайго прадмета. А гэта водзыў, які атрымала з лінгвістычнага інстытута пасля публікацыі здымка ў “Настаўніцкай газеце”, — паведаміла Валянціна Пятроўна.
Пасля невялікай паўзы яна раскрыла стары канверт, дастала адтуль ліст, акуратна разгарнула і, выразна прамаўляючы кожнае слова, пачала чытаць:
— Паважаная Валянціна Пятроўна… Гэта значыць я, — усміхаючыся, зрабіла ўдакладненне педагог. — У інстытуце былі вельмі рады пабачыць вас з вучнямі на фотаздымку ў “Настаўніцкай газеце”. Да сённяшняга часу вас і вашы цудоўныя песні памятаюць… Я салісткай была ў інстытуце, калі хто не ведаў, — зрабіла яшчэ адну жартаўлівую рэмарку Валянціна Пятроўна, гледзячы на сваіх калег-сябровак. — Добра, што вы свой талент панеслі ў школу. Я папрасіў інстытуцкую рэдкалегію змясціць ваш здымак у выглядзе выразкі ў нашу газету “Лінгвіст”. Вось ужо з тыдзень ваш здымак красуецца ў нашай інстытуцкай насценгазеце. Многія студэнты падыходзяць, чытаюць, і, канечне, кожны гатовы браць з вас прыклад. Вы, знаходзячыся далёка ад нас, дапамагаеце нам у нашай выхаваўчай рабоце сярод студэнтаў. Упэўнены, што вы яшчэ не раз праславіце ваш родны інстытут сваёй выдатнай работай у школе. З павагай, дацэнт Шыдлоўскі Адам Вікенцьевіч.
Усё геніяльнае — проста
Свой родны інстытут (сённяшні Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт) настаўніца праслаўляла яшчэ шмат разоў, даючы грунтоўныя веды вучням. Многія яе методыкі і па сённяшні час застаюцца актуальнымі.
— Як данесці дзецям веды, зацікавіць сваім прадметам? Раскажу канкрэтны прыклад са свайго вопыту. У адной маёй сяброўкі ўнук вучыўся ў Гомелі. Неяк пры сустрэчы яна гаворыць: “Валянціна Пятроўна, у нас такая праблема: пайшоў Сярожа ў гімназію, па ўсіх прадметах 9, 10, а па англійскай мове 5, 6. І настаўніца, здаецца, добрая, але ён не можа засвоіць вучэбны матэрыял, дайшло да таго, што не хоча ісці на ўрокі. Аказалася, хлопец не навучыўся будаваць пытанні. Я вырашыла растлумачыць яму граматыку як мага прасцей. А ўсё простае, ведаю па вопыце, самае эфектыўнае. Начарціла схему, расказала пра дзейнік, асноўны і дапаможны дзеяслоў. Ён глядзіць на мяне і здзіўлена гаворыць: “І ўсё так проста?”, — падзялілася педагог.
Тое, што на ўроках Валянціны Пятроўны дзецям заўсёды было цікава, а самі заняткі часта праходзілі нестандартна, сведчыць не толькі фотаздымак у “Настаўніцкай газеце”, датаваны 18 лютага 1970 года. У 80-я і 90-я гады сярэдняя школа № 4 Рэчыцы была апорнай у вобласці па вывучэнні замежнай мовы. У гэтым заслуга і Валянціны Рахманавай, якая доўгі час працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Разам з ёй давалі грунтоўныя веды вучням, рыхтавалі іх да дарослага жыцця і калегі, з якімі Валянціна Пятроўна разам прыйшла ў родную чацвёртую школу.
Падчас цёплай размовы за кубачкам чаю ветэраны педагагічнай працы ўзгадалі часы, калі закладваліся традыцыі вучэбнай і выхаваўчай работы, якія з гонарам працягваюць сённяшнія педагогі. Што гэта за традыцыі, мы абавязкова даведаемся ў адным з наступных нумароў “Настаўніцкай”. А пакуль яшчэ раз угледзімся ў чорна-белы газетны фотаздымак. Упэўнены, і сёння такая форма правядзення заняткаў будзе эфектыўнай.
Пра што пісала “Настаўніцкая газета”
ў нумары 14 (1887) за 18 лютага 1970 года
- На першай паласе па традыцыі інфармацыя пра самыя важныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця краіны. У прыватнасці, чытаем, што 16 лютага ў Мінску адбыўся Рэспубліканскі сход прадстаўнікоў абласных Саветаў калгасаў, на якім разглядаліся задачы калгасаў рэспублікі па выкананні рашэнняў Трэцяга Усесаюзнага з’езда калгаснікаў.
Увагу прыцягвае і ўзяты ў рамку (што сведчыць пра яго асаблівую важнасць) артыкул пад назвай “Кабінет біялогіі ў школе”. Аўтар зазначае: “Калі фізічны і хімічны кабінеты з адпаведнымі прыборамі, мадэлямі, рэактывамі, табліцамі і іншай нагляднасцю — звычайная з’ява ў школах, то кабінет біялогіі, на жаль, яшчэ рэдкасць, акрамя школ, што перайшлі на кабінетную сістэму навучання”. Разглядаюцца прычыны адсутнасці такіх кабінетаў і шляхі вырашэння гэтага актуальнага для таго часу пытання.
- Усю другую паласу (з пачаткам на першай) займае шэраг матэрыялаў, прысвечаных 100-годдзю нараджэння Уладзіміра Ільіча пад агульнай назвай “Тут кожны камень Леніна ведае…”.
- Героі трэцяй паласы — выключна настаўнікі. Тут фотаздымкі педагогаў (асобна ля дошкі, з вучнямі ў класе і на занятках у гуртках), матэрыялы пра іх і іх аўтарства. Напрыклад, заслужанага настаўніка БССР намесніка дырэктара сярэдняй школы № 1 Ліды Н.Бейзаравай у рубрыцы “Новыя праграмы ў дзеянні”.
- На чацвёртай паласе побач з фота Валянціны Рахманавай матэрыял былога камісара партызанскага атрада імя М.А.Шчорса брыгады імя В.І.Чапаева Н.Арышчука ў рубрыцы “Да 25-годдзя векапомнай Перамогі”. Матэрыял не страціў сваёй каштоўнасці і ў наш час і будзе цікавы ў першую чаргу педагогам-краязнаўцам, кіраўнікам школьных музеяў баявой славы.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара