Духоўна-маральнае выхаванне ў Лужкаўскай сярэдняй школе грунтуецца на прынцыпе «выдатнае — побач»

- 15:34Духовность и патриотизм, Новости

У Лужкаўскай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна рэалізуецца інавацыйны праект “Духоўна-­маральнае развіццё і станаўленне асобы навучэнца ў працэсе супрацоўніцтва школы, сям’і і царквы”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Праект быў разлічаны на тры навучальныя гады, але і па яго заканчэнні ў выхаванні падрастаючага пакалення лужкаўскія педагогі працягваюць выкарыстоўваць каштоўнасную спадчыну праваслаўя. 

— Развіваем у навучэнцаў працавітасць, павагу да людзей, прывіваем любоў да сям’і, Айчыны. Працуем па прынцыпе “выдатнае — побач”. Улічваем вялікі патэнцыял гісторыка-культурнай спадчыны нашай малой радзімы, — расказвае дырэктар школы Наталля Вершаловіч.

Па яе словах, педагогі інтэгруюць духоўна-маральны змест выхавання ў розныя віды дзейнасці, паглыбляюць узаема­дзеянне сям’і і школы праз краязнаўства, развіваючы і рэалізуючы ўсе яго кірункі ва ўрочнай, пазакласнай і пазашкольнай рабоце.

Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей ажыццяўляецца праз аб’яднанні па інтарэсах, калектыўныя творчыя справы, праектную і музейную дзейнасць, работу бібліятэкі. На захаванне духоўных традыцый накіраваны факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Педагогі выкарыстоўва­юць магчымасці супрацоў­ніцтва з царквой Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і яе настаяцелем Мікалаем Гуцко. Дзеці разам з бацькамі ўдзельнічаюць у конкурсах, пастаноўках спектакляў, дабрачынных канцэртах, акцыях, святочных мерапрыемствах. Усё гэта дапамагае праз эмоцыі і пачуцці замаца­ваць хрысціянскі погляд на асобу, сям’ю і краіну. Асобная ўвага ўдзяляецца правя­дзенню экскурсій “Праваслаўныя храмы і святыя месцы нашай мясцовасці”. Напрыклад, падчас экскурсіі па культурна-гістарычных помніках права­слаўнага дойлідства вучні даведваюцца аб невядомых старонках гісторыі храмаў, выконваюць да­следаванні, ствараюць буклеты і відэа.

Навучэнцамі створаны летапісы школы і аграгарадка Лужкі, віртуальныя падарожжы, карты-схемы маршрутаў па памятных месцах. 

Пад увагай педагогаў вывучэнне сямейных традыцый школьнікаў, стыляў сямейнага выхавання, дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Напрыклад, пасля апытання татаў і мам аб вобразе “Я” іх дзіцяці з пазіцый маральнасці і бацькоўскіх чаканняў арганізуецца работа пошты даверу (святар і педагогі адказваюць на пытанні бацькоў аб праблемах сямейнага выхавання), ладзіцца гутарка па азнаямленні з маральнымі законамі праваслаўнай веры, традыцыямі сямейнага выхавання.

У дзейнасці педагогаў установы цесна пераплятаюцца духоўнае і патрыятычнае выхаванне. У школе праводзіцца работа па пошуку імён абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў ходзе баёў на тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета. У выніку пошукава-даследчай экспедыцыі “Не было безы­менных салдат” былі ўстаноўлены 17 проз­вішчаў воінаў, якія загінулі на гэтай тэрыторыі. Цяпер іх імёны — на мемарыяльнай дошцы на брацкай магіле, і за кожным з іх — свой лёс. У цяперашні час пошукі працяг­ваюцца.

У музеі гісторыі школы дзейнічае група экскурсаводаў з ліку школьнікаў, якія з’яўляюцца даследчыкамi гiстарычнага мiнулага малой радзімы. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алены Арэхавай вучні распрацавалі і праводзяць экскурсію “Яны змагаліся за Радзіму”, прысвечаную педагогам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў распрацаваны экскурсійныя маршруты “Па месцах воінскіх пахаванняў”, “Ад Эдэма да Халакосту” (гісторыя лужкаўскіх яўрэяў), аформлена выстава “Халакост у мястэчку Лужкі” на аснове матэрыялаў, сабраных навучэнцамі і педагогамі.

Лужкаўскім школьнікам хапае часу і сіл, каб і сваімі справамі займацца, і іншым дапамагаць. Яскравы прыклад — валанцёрскі атрад “Дзеці XXI стагоддзя”. Юнакі і дзяўчаты шэфствуюць над навучэнцамі малодшых класаў, аказваюць дапамогу пажылым людзям, інвалідам, ветэранам педагагічнай працы, арганізоўваюць рэйды па прыбіранні тэрыторыі, добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, помнікаў. Напярэдадні калядных і навагодніх свят валанцёры традыцыйна праводзяць дабра­чынныя акцыі.

Па меркаванні педагогаў Лужкаўскай сярэдняй школы, галоўны вынік выхаваўчай работы ў тым, што навучэнцы пераконваюцца: духоўны і маральны шлях — шлях сапраўднага жыцця.

Дарэчы, у школе на працягу апошніх 5 гадоў няма навучэнцаў, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа і ў якіх былі б заўважаны шкодныя звычкі. У студзені 2025 года адменіцца статус адзінай на сённяшні дзень “сопаўскай” сям’і, якая не проста выканала ўсе рэкамендацыі прафілактычных службаў, а пры падтрымцы школы і царквы вярнулася да нармальнага жыцця. 

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі