Матэматычныя прыклады і гістарычныя задачы: Вольга Буката выкарыстоўвае неардынарныя метады і прыёмы на ўроку

- 13:10Образование, Портфолио

Цікава і нават весела праводзіць урокі гісторыі Вольга Буката, настаўнік­-метадыст сярэдняй школы № 1 Ліды. Метады і прыёмы, якія выкарыстоўвае педагог, выклікаюць эмацыянальны водгук у дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Важна пагрузіць вучняў у гістарычную эпоху, якую мы вывучаем, навучыць аналізаваць прачытанае, браць інфармацыю з розных крыніц, прымяняць гульнявыя формы, — гаворыць Вольга Мікалаеўна. — Каб навучэнцы адчулі асаблівасці таго ці іншага перыяду ў жыцці дзяржавы, разгледзелі розныя бакі грамадскага жыцця, арганізую работу з фотаздымкамі, у тым ліку з сямейных альбомаў дзяцей, з архівам школьнага музея, артыкуламі з газет, а таксама плакатамі, лозунгамі і нават анекдотамі.

Так, пры вывучэнні гісторыі СССР 1950—1980-х гадоў Вольга Буката прапануе дзецям дапоўніць фразы савецкіх лозунгаў. Напрыклад: “Народ и __ — едины!” (партия); “ ___ — дружные ребята!” (октябрята); “Партия сказала: “Надо!”, комсомол ответил: “____”!” (есть). Трэба не проста назваць прапушчаныя словы, але і даць тлумачэнне.

Чытаючы анекдоты, вучні вылучаюць характэрныя рысы гістарычнага перыяду, пра які ідзе размова. У савецкі час былі папулярныя анекдоты пра дэфіцыт тавараў: “Чаму ў продажы няма абутку? Басанож лягчэй да­гнаць і пера­гнаць Амерыку”; “У магазіне пакупнік прадаўцу: “Вы маглі б мне нарэзаць сто грамаў каўбасы?” — “Магу. Прыносьце” і іншыя. І нават фізкультхвілінка ў Вольгі Мікалаеўны заўсёды пазнавальная, часта праходзіць як гульня “Веру — не веру”.

Частку заданняў педагог прапануе ў выглядзе матэматычных прыкладаў, дзе ў якасці складнікаў выступае дата і месца падзеі або дата і гістарычная асоба.  Вучні пішуць адказ, вызначаючы інфармацыю, якая адсутнічае. Напрыклад: “Напалеон + 1804 г. = ?” (становіцца імператарам); “Каралева Вікторыя + ? = абвешчана імператрыцай Індыі” (у 1876-м); “? + 1859 г. = паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору” (Ч.Дарвін).

Вольга Буката распрацоўвае гістарычныя задачы, дзе па апісанні ў той ці іншай крыніцы інфармацыі падзей, біяграфічных фактаў розных дзеячаў трэба сказаць, пра каго ці пра што ідзе размова. Дзеці любяць візуальныя гістарычныя крыніцы: фота, ілюстрацыі, карціны і нават карыкатуры.

Прапаноўваецца заданне: падумайце, як аўтар наступнай карыкатуры адносіўся да тэорыі эвалюцыі відаў шляхам натуральнага адбору. Вольга Мікалаеўна просіць уважліва разгле­дзець малюнак, ахарактарызаваць яго па плане і адказаць на галоўнае пытанне.

Пры падрыхтоўцы да алімпіяд па гісторыі актуальныя заданні на складанне пашпарта помніка архітэктуры (мастацтва) па прапанаваным плане, дзе адлюстроўваецца яго сувязь з гістарычнымі падзеямі (дзеячамі).

— Здабываць патрэбную інфармацыю з візуальных крыніц, асэнсоў­ваць і інтэграваць яе дапамагае кросенс — квадрат, які складаецца з 9 маленькіх квадратаў з малюнкамі, — расказала педагог. — Вучні складаюць кросенсы і з іх дапамогай расказва­юць пра тую ці іншую па­дзею. Так можна ўстана­віць прычынна-выніковыя сувя­зі паміж асобнымі фрагментамі гістарычнай падзеі або з’явы і пабудаваць звязны, лагічны аповед.

***

Для таго каб разнастаіць работу з дзецьмі, арганізаваць іх самастойную дзейнасць, правесці апытанне і рэфлексію, Вольга Буката выкарыстоўвае інтэрнэт-­рэсурсы і сэрвісы.

— Важны аспект чытацкай адукаванасці навучэнцаў — гэта ўменне складаць кан­спект, у якасці якога можа высту­піць інтэрактыўны плакат, створаны ў ThingLink, — адзначае Вольга Мікалаеўна. — Гэта спосаб візуалізацыі інфармацыі на аснове аднаго малюнка, да якога ў выглядзе пазнак (“гарачых кропак”) прымацоўваюцца спасылкі на вэб-рэсурсы і інтэрнэт-дакументы, мультымедыйныя аб’екты: відэа, аўдыя, прэзентацыі, гульні, апытанні і г.д. Яго можна выкарыстоўваць як апорны канспект (прапануецца гатовы) або як творчае дамашняе заданне (ствараецца вучнямі). Распрацоўка інтэрактыўнага плаката або сайта можа стаць вынікам праектна-даследчай дзейнасці. Пры яго ацэнцы ўліч­ваюцца ўменні дзяцей працаваць з рознымі гістарычнымі крыніцамі, выбіраць неабходную інфармацыю, структураваць яе, а таксама вусна прэзентаваць створаны прадукт.

З дапамогай праграмы Power Point Вольга Буката распрацоўвае гульні (“Шчаслівы выпадак”, “Што? Дзе? Калі?”), а сэрвісы “Генератар рэбусаў”, “Фабрыка крыжаванак”, “Буквомикс”, Quizizz выкарыстоўвае для стварэння займальных заданняў, віктарын. З іх дапамогай вучні і самі склада­юць такія заданні. Разнастайваюць работу з паняційным апаратам сэрвіс LearningАpps і платформа Joyteka.

 Дзеці вельмі любяць гульню “Трыміно”, якая ствараецца ў розных інтэрнэт-сэрвісах. Будуецца яна па прынцыпе даміно, у якім трэба скласці аднолькавыя бакі і выбудаваць фігуру. Але ў аснове “Трыміно” не прамавугольнікі, а трохвугольнікі. Пры суаднясенні інфармацыі на іх баках (напрыклад, імя дзеяча і па­дзея або назва твора і аўтара) з трохвугольніка атрымліваецца фігура — або вялікі трохвугольнік, або шасцівугольнік.

Пры арганізацыі рэфлексіі Вольга Буката выкарыстоўвае сэрвіс Mentimeter.com, які забяспечвае імгненную сувязь з класам. Тут можна прыдумаць невялікае апытанне, прапанаваць вучням спасылку (можна ў выглядзе QR-кода) і ў рэжыме рэальнага часу ўбачыць адказы ўсіх.

***

— На ўроках гісторыі мы заўсёды закранаем праблемы маральнага выбару. Дзеці ўяўляюць сябе на месцы людзей, якія жылі, напрыклад, у гады вайны, — адзначае Вольга Мікалаеўна. — Адчуць трагедыю беларускага народа ў гэты час дапамагае прыём “Ужыванне ў вобраз”. На сайце НІА размешчаны электронны варыянт дапаможніка “(Не)забытыя ахвяры вайны”, дзе ёсць карткі з фотаздымкамі і кароткімі біяграфіямі тых, хто прайшоў канцлагеры, пазначаны “прычыны”, па якіх гэтыя людзі праследаваліся. Вучань, чытаючы біяграфію асобнага чалавека, спрабуе ўявіць тое, што з ім адбывалася, а затым адказвае на пытанні настаўніка.

Шмат каму вядома гісторыя кахання ваеннай медсястры Зінаіды Тусналобавай і афіцэра Чырвонай Арміі Іосіфа Марчанкі. Цяжкае раненне Зінаіды ставіць Іосіфа ў сітуацыю выбару: заставацца ці не з дзяўчынай, якая мае інваліднасць? Няпростым было рашэнне і ў Бацькі Міная (Міная Шмырова). Чацвёра яго дзяцей фашысты ўзялі ў заложнікі: здацца і наўрад ці выратаваць дзяцей ці не здацца, страціць дзяцей, але адпомсціць за іх? На такіх прыкладах навучэнцы вучацца важным чалавечым каштоўнасцям: любові, адданасці, клопату пра будучыню сям’і і роднай зямлі.

***

Штогод Вольга Буката рыхтуе дзясяткі пераможцаў конкурсаў і алімпіяд розных узроўняў. Так, у мінулым навучальным годзе на трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі ад школы паехалі чатыры вучні, з дыпломамі вярнуліся Соф’я Дзянкевіч (у 8 класе яна выступала за 10-ы) і Ілья Душкевіч (у 9 класе выступаў за 10-ы). Ілья і Соф’я ў тым жа годзе сталі пераможцамі рэспубліканскага анлайн-конкурсу “Гісторыя маёй краіны”. Вучань 11 класа Данііл Нетунахін атрымаў перамогу на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыя) вучняў па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі” з работай па тэме “Забудоўля і знешняе аблічча горада Ліды ў 1950—1980-я гады ва ўспамінах яго жыхароў”. Яшчэ ў 10 класе Данііл і яго аднакласнік Дзмітрый Томін зацікавіліся тэмай развіцця Ліды ў савецкі перыяд. Юнакі таксама паспяхова выступілі на раённых і абласным даследчых конкурсах з работай “Развіццё Ліды ў савецкі перыяд ва ўспамінах землякоў: індустрыялізацыя ў пасляваенны перыяд”.

 Надзея ЦЕРАХАВА
 Фота аўтара