Поспех у выхаванні сучаснага вучня ў многім залежыць ад узроўню яго інфармацыйнай культуры. У гэтым упэўнена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Багушэўскай сярэдняй школы імя А.Э.Марфіцкага Сенненскага раёна Наталля Новікава. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кібербулінг, сватынг, фішынг… Гэтыя тэрміны, на жаль, сталі неад’емнай часткай нашага штодзённага жыцця, у першую чаргу падлеткаў. Як засцерагчыся ад інтэрнэт-пагроз, зрабіць знаходжанне школьнікаў у віртуальным свеце бяспечным? У Наталлі Аляксееўны ёсць некалькі эфектыўных парад.
— Асаблівае месца ў фарміраванні інфармацыйнай культуры навучэнцаў займае барацьба з кібербулінгам. Для яго папярэджання ў нашай школе праводзяцца інтэрактыўныя трэнінгі, практычныя заняткі “Наш інтэрнэт — наш выбар”, прафілактычныя гутаркі з прадстаўнікамі органаў правапарадку, якія заўсёды праходзяць у фармаце жывога дыялогу. Дзеці актыўна задаюць пытанні і атрымліваюць на іх грунтоўныя адказы, — паведаміла Наталля Новікава.
З мэтай прафілактыкі і папярэджання экстрэмісцкай дзейнасці ў інтэрнэце кожны месяц класныя кіраўнікі праводзяць маніторынг інфармацыйных рэсурсаў навучэнцаў. Таксама класныя кіраўнікі стварылі 14 бацькоўскіх і 7 вучнёўскіх чатаў, дзе педагогі размяшчаюць інфармацыю па прававой тэматыцы, кібербулінгу, бяспечным інтэрнэце, здаровым ладзе жыцця.
Яшчэ адзін важны напрамак работы — развіццё ў вучняў навыкаў пошуку, адбору і аналізу інфармацыі.
— Нам трэба навучыць дзяцей у вялікім патоку інфармацыі выбіраць праўдзівыя крыніцы, крытычна ацэньваць даныя. Так, уменне карыстацца інфармацыяй дапамагае піянерскаму атраду “Імпульс” у рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае. Помнім кожнага”. Сабраныя вучнямі звесткі пра іх родных — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны педагогі выкарыстоўваюць на класных гадзінах, пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці.
Нельга недаацэньваць і ролю шостага школьнага дня ў развіцці інфармацыйнай культуры навучэнцаў. Субота дае нам магчымасць аб’яднаць за карыснымі справамі дзяцей рознага ўзросту па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. З гэтага навучальнага года старшакласнікі працуюць над праектамі “Лаві фэйк” і “Інфармацыйны этыкет”, даносяць да вучняў 5—7 класаў на даступнай для іх мове інфармацыю пра бяспечны інтэрнэт і лічбавы этыкет, — паведаміла Наталля Новікава.
Поспех работы па фарміраванні інфармацыйнай культуры вучняў быў бы немагчымы без удзелу бацькоў. У той жа шосты дзень для татаў і мам у Багушэўскай школе праводзяцца кансультацыі, семінары па актуальных інтэрнэт-пагрозах, спосабах абароны ад іх, расказваецца пра бацькоўскі кантроль, даюцца рэкамендацыі па падтрымцы дзяцей у віртуальнай прасторы.
— Фарміраванне інфармацыйнай культуры — гэта сумесная задача школы, сям’і і грамадства, а пазаўрочная дзейнасць — магутны інструмент, які дазваляе не толькі навучыць дзяцей карыстацца інфармацыяй, але і выхоўваць у іх адказнасць за свае паводзіны ў лічбавым свеце, — адзначыла Наталля Аляксееўна.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара