Прэс-туры нашага Выдавецкага дома заўсёды інфармацыйна насычаныя і багатыя на цікавыя сустрэчы. Але ж калі да журналістаў далучаецца дэпутат, то яны набываюць яшчэ і растлумачальна-асветніцкі характар.
Менавіта такой стала сумесная камандзіроўка з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу членам Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Міхаілам Мірончыкам. На працягу двух дзён мы не проста наведвалі і знаёміліся з адметнасцямі арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу агульнаадукацыйных устаноў Шчучына і Гродна, але і былі ўдзельнікамі размоў педагагічнай грамадскасці з дэпутатам.
Насычаным стаў круглы стол з кіраўнікамі і педагогамі ўстаноў адукацыі Шчучынскага раёна, прысвечаны абмеркаванню навел заканадаўства ў адукацыі. Сустрэча праходзіла на базе Шчучынскага палаца дзяцей і моладзі. Міхаіл Уладзіміравіч гаварыў пра новыя нормы Кодэкса аб адукацыі, якія закладзены ў законе “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі”.
У прыватнасці, ён звярнуў увагу на прадугледжанае ажыццяўленне падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын у школах, размешчаных у пасёлках гарадскога тыпу. У адказ запрошаныя да размовы дырэктары школ заўважылі, што гэтае змяненне вельмі важнае, бо дае магчымасць навучэнцам атрымаць вадзіцельскае пасведчанне і стаць больш сацыяльна абароненымі.
Ухвалілі шчучынскія педагогі і захаванне адзіных грашовых норм расходаў на харчаванне ў дзіцячых садах і школах, якія ўстанаўліваюцца ўрадам з улікам існуючых цэн на прадукты харчавання. Як і навацыю, дзе мясцовым органам улады надаюцца паўнамоцтвы па арганізацыі бясплатнай перавозкі навучэнцаў да месцаў правядзення адукацыйных, спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў.
Гаварылася і пра магчымасці забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём. Па словах начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Паўла Тарчынскага, усе гэтыя пытанні ў рэгіёне вырашаюцца ў штатным рэжыме. Прынамсі, прыкладаюцца ўсе намаганні, каб аказаць своечасовую дапамогу кожнаму маладому спецыялісту.
Закраналіся пытанні штатнага раскладу невялікіх устаноў адукацыі — ад кіраўнікоў паступіла прапанова зыходзіць не з колькасці штатных адзінак, а з кірункаў дзейнасці. Спрэчным стала пытанне ліцэнзавання ўстаноў дадатковай адукацыі. Акрамя таго, хвалюючымі ў педагагічнай грамадскасці з’яўляюцца падыходы да арганізацыі і правядзення конкурсаў для школьнікаў. Гаворка найперш пра конкурсы і канферэнцыі даследчага характару, дзе па факце ацэньваюцца намаганні дарослых (бацькоў і настаўнікаў), а не саміх дзяцей.
Міхаіл Уладзіміравіч звярнуў увагу на законапраект “Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей”. Дэпутаты на пасяджэнні другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання прынялі праект закона ў першым чытанні. Яго прыняцце ў другім чытанні прадугледжвае дэталёвае абмеркаванне з унясеннем паправак і дапаўненняў. Актыўная работа заканатворцаў з педагагічнай грамадскасцю дазволіць зрабіць законапраект максімальна практыка-арыентаваным.
Міхаіл Мірончык: Я вельмі ўдзячны за жывую размову з настаўнікамі і прадстаўнікамі адміністрацый школ Шчучынскага раёна, бо менавіта такія сустрэчы дапамагаюць трымаць руку на пульсе і лепш разумець усе працэсы, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі нашай краіны. Больш за тое, менавіта педагогі са сваімі прапановамі аказваюць значны ўплыў на прыняцце заканатворчых праектаў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА