Ёсць запыт — будзе прапанова. Менавіта па гэтым прынцыпе працуюць у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На сёння тут займаюцца 1659 навучэнцаў, якія наведваюць 148 аб’яднанняў па інтарэсах. З дзецьмі займаецца 51 педагог дадатковай адукацыі. За 2024 год скарбонка дасягненняў установы дадатковай адукацыі папоўнілася 224 прызавымі месцамі.
Палац на працягу апошніх пяці гадоў уваходзіць у лік лепшых шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці. А ўсё таму, што з’яўляецца сапраўдным цэнтрам вольнага часу.
У клубе “Чайная сустрэча” заўсёды цёпла і ўтульна. У дзіцячым цэнтры бяспекі “Плюс” — шматлюдна, бо сучасныя дзеці ў плане бяспекі даволі прынцыповыя. А музей гісторыі Шчучыншчыны прыцягвае сваёй аўтэнтычнасцю, багаццем экспанатаў і насычанасцю экскурсійных маршрутаў.
Міні-музей “Канструктар” — гэта не толькі інфармацыйны цэнтр, але і інтэрактыўная пляцоўка для рэалізацыі дзіцячай творчасці. Стварэнне міні-музея стала магчымым дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
“Мы пашыраем магчымасці будучых канструктараў. Робататэхніка — выдатны памочнік”, — заўважыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ірына Поскіна.
Брэндавымі мерапрыемствамі ўстановы дадатковай адукацыі сталі палацавыя балі (маладзёжны, кадэцкі, афіцэрскі, настаўніцкі, калядны, баль мецэнатаў), адкрытыя турніры па кікбоксінгу і тайландскім боксе.
Тут працуюць 5 калектываў са званнем “Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Гэта студыі эстраднай песні “Красавік”, эстраднага вакалу “Галасы элегіі”, студыя дызайну і вырабу адзення “Гармонія”, танцавальны калектыў “Кантрасты MIX”, дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва “Батлейка”.
Прынамсі, студыя эстраднай песні “Красавік” ужо 20 гадоў працуе ў статусе ўзорнага калектыву. За гады дзейнасці студыі для соцень хлопчыкаў і дзяўчынак песня стала жыццёвай неабходнасцю, для многіх заняткі ва ўзорнай студыі становяцца пачаткам прафесійнага самавызначэння. Юныя таленты з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў палаца, горада, вобласці. Заўсёды высокія вынікі юныя вакалісты дэманструюць на розных конкурсах. Кіраўнік студыі, педагог дадатковай адукацыі Святлана Аляксеева, у мінулым годзе была ўдастоена ганаровага звання “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
“Танцавальны калектыў “Кантрасты MIX” у статусе ўзорнага дзейнічае з 2019 года. Гэты калектыў вельмі папулярны сярод моладзі. Сюды хочуць трапіць многія, бо, займаючыся ў ім, можна навучыцца танцаваць і вальс, і падэграс, а затым прыняць удзел у балях, якія сталі традыцыйнымі для нашага палаца, а таксама ў шматлікіх мерапрыемствах горада і вобласці. Удзельнікі калектыву займаюцца сучаснай харэаграфіяй, эстраднымі танцамі. Крэатыўны педагог Таццяна Дзякевіч стварае для дзяцей умовы для самавыяўлення, а таксама для стварэння аўтарскага танца”, — адзначыла дырэктар палаца Ірэна Дзегцярова.
Не менш папулярнай з’яўляецца і ўзорная дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва “Батлейка”, дзе гаспадарыць педагог дадатковай адукацыі Міхаіл Чарнадзедаў. Міхаіл Міхайлавіч — не проста педагог (прычым не ў першым пакаленні), але і разьбяр па дрэве, кераміст, мастак. З дапамогай выяўленчага мастацтва педагог выхоўвае ў вучняў любоў да сваёй малой радзімы, яе мінулага і сучаснасці, што яскрава прасочваецца ў серыі пейзажаў, панарам Шчучына, у адлюстраванні архітэктурнай спадчыны роднага краю.
“У многіх выпускнікоў студыі захапленне жывапісам перайшло ў прафесію. Наша выхаванка Вольга Мікановіч у мінулым годзе стала студэнткай ГрДУ імя Янкі Купалы (паступіла на факультэт мастацтваў і дызайну). Арына Асанава годам раней стала студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Надзея Гайдук, якая нядаўна заваявала два дыпломы І ступені на абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “Архнавацыя”, таксама плануе звязаць сваё жыццё з творчай прафесіяй”, — заўважыла Ірэна Пятроўна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА