Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі прапануюць юныя навукоўцы

- 13:11Выхаванне
Алена Лашчэўская (ліцэй № 1 Слоніма)

Вынікі XXIV Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ былі падведзены на мінулым тыдні ў Рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтры. 30 праектаў і 32 удзельнікі конкурсу былі названы лепшымі. Самыя адметныя з іх будуць прадстаўляць Беларусь на міжнародных алімпіядах экалагічных праектаў у Стамбуле, Баку і на юніёрскім водным конкурсе ў Стакгольме.

У рэспубліканскім этапе конкурсу прынялі ўдзел 89 работ, якія ацэньвала журы на чале з кандыдатам біялагічных навук дацэнтам кафедры заалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандрам Уладзіміравічам Хандогіем. Сёлета толькі 8 з іх былі прадстаўлены на англамоўную абарону, у той час як менавіта яна дае магчымасць прэтэндаваць на ўдзел у конкурсах міжнароднага ўзроўню.
“На жаль, англамоўных работ было не так шмат, аднак усе яны выкананы на вельмі высокім узроўні”, — адзначыў кіраўнік секцыі “Генетыка і селекцыя” РЭБЦ Іван Анатольевіч Рускіх, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца членам журы міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў Inepo.

Алена Лашчэўская (ліцэй № 1 Слоніма)У гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі рэспубліканскага конкурсу была праведзена тэматычная канферэнцыя, якая дала магчымасць аўтарам праектаў і іх кіраўнікам пазнаёміцца з іншымі конкурснымі работамі. Прыкладам архіактуальнай тэмы, якая мае прыярытэт на міжнародным узроўні, стаў праект Хрысціны Пічугінай, навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна Мінскай вобласці, “Тапінамбур — перспектыўная біяэнергетычная культура”. Дарэчы, работа атрымала дыплом III ступені ў секцыі “Эксперыментальная біялогія. Лабараторны эксперымент”, і менавіта яна прадставіць Беларусь на міжнароднай алімпіядзе ў Турцыі. Яшчэ адна работа, якая будзе прадстаўлена ў Стамбуле, — праект Ільі Навасельскага, навучэнца сталічнай гімназіі №6.
“Уключэнне сельскай гаспадаркі ў пошук альтэрнатыўных крыніц энергіі сёння з’яўляецца інтэрнацыянальнай задачай, — падкрэсліў Іван Рускіх. — Такія даследаванні праводзяцца практычна ва ўсіх краінах. І кожная дзейнічае з улікам сваіх агракліматычных умоў: недзе спрабуюць атрымаць энергію з водарасцей, недзе — з драўняных раслін. Што тычыцца тапінамбуру, то, на мой погляд, гэта выдатны выбар. З аднаго боку, усе мы выдатна ведаем гэтую расліну, а з другога — яна не культывуецца ў сельскагаспадарчай сферы нашай краіны. Самае каштоўнае ў гэтай рабоце — ідэя. Калі яна будзе данесена да вялікай навукі, то можа атрымаць сваё прымяненне ў жыцці”.
Такія прыклады ў гісторыі дзейнасці юных біёлагаў Беларусі ёсць. У свой час некалькі юннатаў сённяшняга РЭБЦ пачалі праводзіць даследаванні па селекцыі соі. У той час у краіне пра яе амаль нічога не ведалі. Падлеткі пачалі з вырошчвання соі на невялікім участку, эксперыменты па скрыжаванні соі ляглі ў аснову навукова-даследчай работы, якая прадстаўлялася на розных конкурсах. Сёння гэта вялікі і паспяховы бізнес: толькі ў Беларусі зарэгістравана значная колькасць гатункаў соі. Частка гатункаў зарэгістравана ў Расіі і Вялікабрытаніі.
Адна з апошніх работ, якая знайшла практычнае прымяненне, належыць навуковаму таварыству навучэнцаў “Касмічная біялогія” РЭБЦ. Тэхналогія вытворчасці сыроваткі, якую запатэнтавалі юныя навукоўцы, сёння з поспехам выкарыстоўваецца на Вілейскім малочным камбінаце.

Тэматыка даследчых работ сёлетняга конкурсу, як заўсёды, была вельмі шырокай. На секцыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыя” былі прадстаўлены праекты, прысвечаныя ўплыву ўльтрагуку на рост раслін, паразітам на лісці дрэў, трутавым грыбам і інш. Удзельнікі конкурсу спрабавалі знайсці адказы на пытанні: як захаваць яблыкі ў хатніх умовах, як уплываюць пакаёвыя расліны на экалагічную абстаноўку жылых памяшканняў і г.д. Дыплом I ступені ў секцыі атрымала работа Кацярыны Карпук з сярэдняй школы № 27 Брэста “Аналіз відавога складу прадстаўнікоў атрада Голанасенныя (Pinophyta) цэнтральнай часткі Брэста і мікрараёна “Рэчыца”, якія выкарыстоўваюцца ў зялёным будаўніцтве”.
Маніторынг жыццядзейнасці мураўёў, вывядзенне пчаламатак штучным шляхам, фенааблічча папуляцыі кошак і асаблівасці харчавання шчупака звычайнага сталі аб’ектамі даследавання навуковых работ, якія канкурыравалі ў секцыі “Экалогія жывёл”. Дыплом I ступені ў ёй атрымаў Аляксей Радчанка з сярэдняй школы № 2 Крычава (Магілёўская вобласць), тэмай яго работы стала “Вывучэнне фаўны і экалогіі павукоў (Aranei) вёскі Міхеівічы Крычаўскага раёна”.
Секцыя “Вада і водныя экасістэмы” традыцыйна адна з самых папулярных на рэспубліканскім конкурсе, паколькі яе пераможца прадстаўляе Беларусь на юніёрскім водным конкурсе ў Стакгольме. Сёлета гэтае права заваявала Ангеліна Ціхун з Кваторскага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Тэма яе работы — “Арганізмы — біяіндыкатары стану экасістэмы рэчкі Куклянкі”.
Секцыя “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне” не ўпершыню ўражвае разнастайнасцю тэм. Які ўплыў новыя тэхналогіі, і аддзелка гарадскіх будынкаў у прыватнасці, аказваюць на экалогію чорнага стрыжа? Наколькі эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне мясцовых відаў паліва для атрымання цеплавой энергіі ў кацельных Скідальскай ЖКГ? Якія вынікі будзе мець морфабіялагічны аналіз хвастатых земнаводных ва ўмовах урабанізаванага ландшафту? Гэтыя і іншыя тэмы цікавілі ўдзельнікаў конкурсу экалагічных праектаў. Найбольш актуальнай і глыбокай журы назвала работу Дар’і Саковіч з сярэдняй школы № 3 Асіповіч (Магілёўская вобласць) “Прыродаахоўныя мерапрыемствы па захаванні чырванакніжнага віду земнаводных у зоне ўплыву рэканструкцыі і ўзвядзення аўтамабільнай дарогі М5 Мінск — Гомель”.
Работы секцыі “Эксперыментальная біялогія. Палявы эксперымент” звязаны з вывучэннем аб’ектаў расліннага свету і метадаў іх культывавання. Падлеткі праводзілі даследаванні, звязаныя з ураджайнасцю бульбы, вырошчваннем кедровай сібірскай сасны, тэхналогіяй вырошчвання гатункаў тамата і інш. Лідарам тут стала работа Алены Лашчэўскай з ліцэя № 1 Слоніма (Гродзенская вобласць) “Выяўленне цяжкіх металаў у лекавай расліне дуброўка белая”.
У секцыі “Эксперыментальная біялогія. Лабараторны эксперымент” вызначыць лепшых было асабліва цяжка. Настасся Савасцьянава з Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці з дапамогай эксперыментальных даследаванняў вызначала якасць прадуктаў харчавання расліннага паходжання па ўтрыманні ў іх нітратаў. Ілья Навасельскі з гімназіі № 6 Мінска павялічваў рэпрадуктыўнасць спіруліны з дапамогай электрычнага току. Святлана Казлова з ліцэя Лунінца (Брэсцкая вобласць) даследавала выкарыстоўванне альгінавых кіслот, выдзеленых з марскіх водарасцей, у якасці антысептыкаў. Дыплом I ступені гэтай секцыі, а таксама магчымасць прадстаўляць Беларусь на алімпіядзе ў Турцыі атрымала Хрысціна Неўдах з РЭБЦ (навучэнка ліцэя Лунінца) з работай “Узровень утрымання цэзію-137 у грыбах і вызначэнне зніжэння ўдзельнай гама-актыўнасці па цэзію-137 пасля правядзення тэрмічнай апрацоўкі”.

***
Беларусь удзельнічае ў турэцкай алімпіядзе экалагічных праектаў Inepo з 1994 года. За гэты час нашы юныя даследчыкі заваявалі 41 медаль. У мінулым годзе выхаванцам секцыі “Генетыка і селекцыя” РЭБЦ пад кіраўніцтвам Івана Анатольевіча Рускіх удалося заваяваць залаты і сярэбраны медалі.
“Напачатку ўсё здавалася неверагодным і завоблачным, аднак я шмат працавала, каб трапіць на міжнародны конкурс, — адзначыла ўладальніца сярэбранага медаля Аліна Галавач. — Эмоцыі ад перамогі памятаю і цяпер”.
“Для мяне вельмі важна, што новаму пакаленню ўдзельнікаў конкурсу цікава глыбокае пранікненне ў біялагічную навуку, — падкрэсліў залаты медаліст міжнароднай экалагічнай алімпіяды Аляксандр Даменікан. — Гэта вельмі значны вопыт для іх сёння і для далейшага жыцця. У будучыні менавіта яны будуць прадстаўляць нашу краіну перад навукоўцамі з усяго свету”.
Бронзавы медаль прадстаўніца Беларусі Аляксандра Кірыльчык заваявала ў мінулым годзе на аналагічнай турэцкай міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў у Азербайджане.
Сёлетні XXIV Рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ яшчэ раз прадэманстраваў высокі патэнцыял беларускіх школьнікаў.

Наталля АЛЁХІНА.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.