Мурал з выявай Героя Савецкага Саюза Аляксандра Гарбатава адкрыюць у Рагачоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі

- 11:04На пользу дела, Новости

Зорку ў абрамленні стужкі ў колер нацыянальнага сцяга — з кветак, мурал з выявай военачальніка, генерала арміі, Героя Савецкага Саюза Аляксандра Васільевіча Гарбатава адкрыюць у Рагачоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзякуючы ініцыятыве аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама, калектыў установы дадатковай адукацыі актыўна ўключыўся ў конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. Плануецца, што на сцяне цэнтра з’явіцца мурал з партрэтам героя, а размешчаны QR-код дазволіць кожнаму даведацца пра легендарнага чалавека.

— Доўга думалі, які праект распрацаваць, каб рэалізацыя аказалася не кароткатэрміновай, каб уклад быў важны і каштоўны не толькі для калектыву, творчых дзяцей, якія наведва­юць аб’яднанні па інта­рэсах, але і ў цэлым для горада, — адзначае дырэктар Рагачоўскага раённага ЦТДіМ Анжаліка Драбкова. — Разважалі аб знакавых датах: сёлета адзначаецца 80-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, таксама кіраўніком дзяржавы аб’яўлены Год добраўпарадкавання, праводзіцца рэспубліканскі конкурс па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі”. Было вырашана адк­рыць мурал у гонар знакавай асобы для Рагачоўскага раё­на — военачальніка, генерала арміі, Героя Савецкага Саюза Аляксандра  Гарбатава. Дарэчы, ЦТДіМ размяшчаецца па аднайменнай вуліцы. Таму патрыятычная ідэя стварэння арт-аб’екта ў яго гонар стане наглядным напамінам пра подзвіг герояў-вызваліцеляў і будзе выкарыстоўвацца як прыклад для падрастаючага пакалення.

Свой уклад у вызваленне Рагачова ўнёс военачальнік, генерал арміі, Герой Савецкага Саюза Аляксандр Васільевіч Гарбатаў. З чэрвеня 1943 года і да канца Вялікай Айчыннай вайны Гарбатаў камандаваў 3-й арміяй і ўдзельнічаў у Арлоўскай, Беларускай наступальнай і Усходне-Прускай аперацыях. Армія пад яго кіраўніц­твам удзельнічала ў трох ваенных аперацыях па вызваленні Беларусі: гарадоў Хоцімска, Касцюковіч, Прапойска (Слаўгарада), Рагачова, Мінска, Навагрудка, Ваўкавыска, Беластока; у акружэнні і знішчэнні нямецкіх войскаў пад Бабруйскам, у фарсіраванні Сожа, Дняпра і Бярэзіны.

За асабістую мужнасць і ўмелае кіраўніцтва войскамі 3-й арміі пры прарыве абароны саперніка і адбіцці контрудараў падчас Усходне-Прускай аперацыі 10 красавіка 1945 года Аляксандр Гарбатаў удастоены звання Героя Савецкага Союза.

Беларусы захоўваюць пра военачальніка ўдзячную памяць: генерал быў ганаровым грамадзянінам Гомеля, яго імем названы вуліцы ў Ваўкавыску, Гомелі, Асіповічах, Рагачове, гарадскім пасёлку Свіслач.

Педагогі цэнтра ў рамках рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі” распрацавалі ўнікальны макет кветкавай кампазіцыі, які будзе глядзецца ў адзіным стылі разам з арт-аб’ектам. Літаральна ўсе падаконнікі заняты расадай раслін, а педагогі ў прадчуванні стварэння кветніка з нацыянальным характарам.

— Зусім хутка ў нас з’явіцца зорка ў абрамленні стужкі ў колер нацыянальнага сцяга з некалькіх соцень чырвоных сальвій, — дадае намеснік дырэктара Людміла Гаеўская. — Чырвоныя цынерарыі будуць як бы ўзвышаць усю кветкавую кампазіцыю зоркі, ад якой будуць накіраваны промні са 150 аксамітак і салют з сальвій. Дызайн усёй кампазіцыі спраектаваны і пралічаны да дробязей: ён будзе гарманічна вылучацца на фоне мурала, а ўся прылеглая тэрыторыя па-сапраўднаму стане дарагім сэрцу месцам для кожнага беларуса.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і прадастаўлена Рагачоўскім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі