У Чудзін — па казкі! Як школа ў палескай глыбінцы выкарыстоўвае духоўную спадчыну папярэднікаў

- 15:09Новости

Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць IV Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. Да яго штораз ладзіцца і конкурс юных казачнікаў­-баюноў: дзеці, падлеткі дэманструюць сваё майстэрства, скарыстоўваючы сацсеткі ў інтэрнэце. У ліку такіх казачнікаў — і вучні з Ганцавіцкага раёна: там, у Чудзіне, ёсць цэлы “казачны заказнік”. Туды і завітаў карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Фалькларыста родны кут

“Наш Чудзінскі край — быццам казка. Заходзьце да нас, калі ласка!” — вершаванымі радкамі сустракаюць гасцей вучні Чудзінскай сярэдняй школы на яе залітым сонцам ганку. Правялі ў гістарычна-этнаграфічны школьны музей. Значная частка экспазіцыі там прысвечана казкам, і не выпадкова. Пра гэта расказвалі сябры гуртка “Спадчына” Арцём і Ганна.

Едуць у Чудзін, у палескую глыбінку, людзі з розных месцаў Беларусі, едуць навукоўцы, студэнты-філолагі з Санкт-Пецярбурга — каб на свае вочы пабачыць унікальнае месца, дзе па гэты час яшчэ жывуць казкі.

Гэта, дарэчы, засведчыла і вучаніца школы Аляксандра Захарчэня. Два гады назад да казачнага форуму, калі НАН Беларусі, аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры праводзілі конкурс баюноў, яна была ўзнагароджана дыпломам І ступені — за мясцовую казку-прыпавесць “Сірочая доля”.

Гэты “пераможны” факт і павёў мяне, нібы чароўная нітка з клубочкам, у той Чу­дзін. А па дарозе, у Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці, паказалі мне, як героі чудзінскіх казак ажываюць на сцэне. Пад кіраўніцтвам Ірыны Гурскай удзельнікі студыі “Класныя дзеці” зрабілі пастаноўку паводле трох казак, якія запісаў этнограф фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі. Пра юных акцёраў, іх кіраўніцу раскажам іншым разам, а пакуль уда­кладнім: калі ж трапіў на “казачнае радо­вішча” сам Аляксандр Казіміравіч?

Пры дрэве казак Арцём і Ганна расказалі, як адкрыў “заказнік казак” сусветнага значэння Аляксандр Сержпутоўскі (1864—1940). Ён сам у чудзінскіх ваколіцах падрастаў і сталеў, хоць родам з іншага месца. Бацькі набылі хутар Дарагацішча (цяпер — урочышча Шарпутоўшчына, там устаноўлены памятны знак) непадалёк Чудзіна. Маленства, юнацтва хлопца прайшло ў глыбі Палесся, там спазнаваў свет і сябе ў ім. У Чудзін была і яго першая этнаграфічная экспедыцыя, калі Аляксандр Казіміравіч працаваў у этнаграфічным аддзеле Рускага музея ў Пецярбургу, Ленінградзе. Запісваў казкі, паданні, яркія прыказкі-показкі…

А чуйнасці да роднага слова, безумоўна, паспрыяла і тое, што навуковец па першай адукацыі настаўнік. У 1884-м ён скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, 9 гадоў працаваў з дзецьмі на Мазыршчыне, Случчыне. З часам трапіў у Піцер, дзе скончыў археалагічны інстытут — і заняўся навукай: этнаграфіяй, фалькларыс­тыкай. Дарэчы, жывучы ў Піцеры, таленавіты і працавіты паляшук і педагагічную дзейнасць не пакінуў: выкладаў у нядзельным універсітэце і ў беларускай школе, бо, як вядома, нашых суайчыннікаў там жыло — і цяпер жыве! — нямала.

Спадчына ў сучасным фармаце

Дык вось яно як! Аказваецца, казкі ў вёсцы Чудзін спрадвеку нараджаліся-ствараліся, у сілу браліся, у глыбінцы жылі, а ўрэшце навукоўцу голас падалі. Яму па­шчасціла пачуць-здабыць іх з глыбінь народнай свядомасці, вывесці ў свет як унікальную з’яву, апісаць як навуковы факт, аформіць належным чынам — усім на карысць. Гэтак, бывае, і радовішча карысных выкапняў ёсць, але да пары да часу прыхаванае, не асвоенае. А Сержпутоўскі ажно каля 50 казак у Чудзіне запісаў! Каб паказаць, хто іх даследчыку баяў, і стварылі ў школе дрэва казак. На лістках дрэва запі­саны імёны казачнікаў (Рэдкі, Даніла Кулеш, Платон Калеснік, бабка Матруна, Гаравых, Бохмат, Болбат, Круглік і інш.) і назвы рас­казаных імі казак.

Узяць для конкурсу казку бабкі Матруны Савені пра дзетак-сіротак Аляксандры Захарчэні параіла настаўніца гісторыі Галіна Мароз. Яна мясцовая і добра ведае казачную спадчыну, гісторыю вёскі, адметныя чудзінскія традыцыі і фальклор.

“Пра конкурс нам сказалі ў сельскім Доме культуры: туды яго ўмовы даслалі, — гаворыць Галіна Мікалаеўна. — Мы з Сашай прапанавалі расказаць мясцовую казку “Сірочая доля”. Адаптавала я казку пад фармат конкурсу, разам з супрацоўнікамі Дома культуры адпрацавалі ўсё да дробязей, знялі відэа і выставілі ў сацсеткі. Хоць работа калектыўная, ды ўсё сышлося на тым, як Аляксандра зробіць сваю частку справы. І яна, як бачым, цудоўна справілася, а заадно расказала крыху пра вёску Чудзін і Аляксандра Сержпутоў­скага”.

Цяпер у школе 79 вучняў, якіх во­зяць у тым ліку і з Будчы, дзе школу закрылі, з Пярэвалак — адтуль трое дзяцей. Разважаем пра тое, што казачны матэрыял — надзвычай цікавы для выкарыстання ў школьнай і пазашкольнай рабоце. І фармат конкурсаў юных баюноў дазваляе актывізаваць, “здабыць”, вывесці ў свет прыхаваныя таленты. А калі знойдзецца каму весці ў школе клуб аматараў казак (можа, і з ліку старшакласнікаў?), то гэта ж можа быць і выразнае чытанне тэкстаў, па ролях у тым ліку, і паглыблены аналіз іх сімвалаў, вобразаў, спасціжэнне сэнсаў, закладзеных паміж слоў. Цікава будзе як дарослым, так і дзецям вывуджваць этычныя жыццёвыя падказкі, якія ўклалі мудрыя стваральнікі ў свае творы.

Яшчэ адзін крэатыўны ход — як у Ганцавічах: інсцэніраваць казкі. Паглыбляцца ў казачную лексіку! Дарэчы, заслугоўва­юць увагі ў школах і сучасныя беларускія казкі, якія пішуць, напрыклад, Алена Масла, Галіна Пшонік, Людміла Рублеўская, Мікола Чарняўскі, Алесь Карлюкевіч, Яўген Калашнікаў, іншыя пісьменнікі. Пры гэтым Іна Валодзька згадвае Віктара Гардзея — земляка з Малых Круговіч, якога сёлета не стала. На памяць чытае мілагучныя, напоўненыя светлымі вобразамі яго вершы. Гаворым і пра раман “Бедна басота” з цэлымі россыпамі жывых беларускіх слоў, і пра кнігу вершаў “Мудры воран”, у якой шмат яркіх, павучальных казачных сюжэтаў.

Водбліскі агнёў народнай творчасці

Аляксандр Сержпутоўскі назваў Чу­дзін казачным заказнікам: яго так і можна пазначыць на ўмоўнай этнаграфічнай карце свету. На пытанне, адкуль тая альбо іншая казка родам, смела можна казаць: з Чудзіна! Пры гэтым у казкамі асветленай духоўнай прасторы, вядома ж, выхоўваюцца таленавітыя людзі. Сярод іх — паэт Алесь Каско, які скончыў філфак Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна і выкладаў некаторы час беларускую мову і літаратуру ў Чудзінскай сярэдняй школе. Часта ў ёй бываў і потым, дарыў новыя кнігі, якіх выйшла ў яго больш за 10… Цяпер на хаце, у якой рос і жыў творца, усталявана мемарыяльная дошка. У памяць пра земляка ў школьным музеі зроблена экспазіцыя з фотаздымкаў і кніг. Дарэчы, падкрэсліваюць настаўнікі, што вучні школы самі пішуць вершы, складаюць казкі, якія ўваходзяць у рукапісныя зборнікі.

Справу Аляксандра Сержпутоўскага прадоўжыў і Уладзімір Касько, фалькларыст, кандыдат навук, дацэнт Інстытута журна­лістыкі БДУ. Ён аўтар звыш 150 навуковых работ, у тым ліку пра вусна-паэтычную творчасць беларусаў.

“Мы шмат гадоў сябруем з Уладзімірам Канстанцінавічам, — гаворыць Галіна Мароз. — Ён даследуе навуковую дзей­насць і жыццё Аляксандра Казіміравіча, сістэматызуе ім назбіранае, працаваў па піцерскіх архівах. У нас прэзентаваліся яго кнігі “Святло далёкай зоркі”, “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў”. Бадай што на кожнай старонцы там — імёны нашых лю­дзей, і ўсім гэта вельмі цікава”.

Гасцям у школе паказваюць і відэа­запіс 1984 года: бабка Матруна расказвае казку — апошняя з казачніц, з якімі працаваў знакаміты этнограф. А чудзінскія школьнікі, вядома ж, любяць чытаць-перачытваць мясцовыя казкі. Некаторыя іх героі ўвасабляюцца ў вобразах музея васковых фігур, якому больш за 25 гадоў. І мне пашчасціла гэтае дзіва бачыць: фігуры вучняў застылі нерухома, нібы васковыя, на невысокіх падстаўках. А двое экскурсаводаў, праходзячы паўз іх, нагадваюць гледачам сюжэты чудзінскіх казак. Такі “паказ” бываў не раз на розных выставах па Беларусі. Гады ідуць, статысты мяняюцца — казкі жывуць. Неяк, расказваюць, адзін вядомы чалавек спачатку не зразумеў, што за музей такі, падзівіўся, адкуль столькі воску ў Чудзіне набралі. То яму адказалі як у казках: “Свет вялікі — усё бывае”. На­прыканцы імпрэзы падзякавалі артыстам, і нехта сказаў: “Ажывайце, дзеці! Можна расслабіцца…”

Як сёння казкі спрыяюць выхаванню дзяцей і падлеткаў, пра паважлівае стаўленне ў школе да народных традыцый, пра цікавыя экспанаты музея, творчыя работы вучняў па гэтай тэматыцы расказвалі дырэктар школы Валянціна Сергіеня, яе намеснік Іна Валодзька і настаўніца Галіна Мароз.

А для Іны Аляксандраўны асаблівы гонар — мець граматычны нарыс беларускай гаворкі вёскі Чудзін. Яго ў 1911 годзе напісаў Аляксандр Сержпутоўскі. Даследчык спрабуе растлумачыць, што паўплывала на яе. Выказвае думку: гэта ў палескай глушы, сярод непраходных балот на беразе рэчкі Лань, вёрст за 50 ад найбліжэйшага горада Слуцка склаўся такі закрыты лад жыцця ў палешукоў. Некаторыя з іх толькі разы тры на год едуць “у Слуцак” на кірмаш. Аўтар лічыць, што ізаляванасць і паспрыяла фарміраванню адметнай чу­дзінскай гаворкі.

“Мы вельмі ўдзячны Аляксандру Казіміравічу за каштоўны ўзор тагачаснай беларускай мовы, — гаворыць настаўніца. — Калі дакумент, нарыс трапіў да мяне, было жаданне вывучыць яго, даведацца, як раней гаварылі мае продкі? Там адлюстраваны асаблівасці фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння, нават сінтаксісу. Важна было параўнаць: як было ў мясцовым дыялекце і як стала. Працавалі разам з Лізаветай Тонка: мая вучаніца хадзіла да бабулі, дзядуляў, цётак-суседак з нарысам і распытвала. Праца была карпатлівая. І вывад: больш за 100 гадоў прайшло, а многія словы зберагліся ў мове і ўжываюцца мясцовымі людзьмі, вымаўляюцца падобна. Ёсць і такія, што выйшлі з ужытку. Ліза глыбока ўвайшла ў тэму і з гонарам абараніла работу на абласной канферэнцыі “З навукай у будучыню”, атрымала дыплом ІІ ступені”.

Што ж, чудзінскія казкі — па-над часам. Яны не старэюць, як і наша родная мова. Толькі прыхаваныя ў іх сэнсы пра вялікую каштоўнасць мудрасці, спагады, міласэр­насці, дабрыні могуць з часам “ажываць”, раскрывацца новымі гранямі.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара