Бяспечнае лета — паўнацэннае лета: агляд майскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 16:43Журнал "Народная асвета", Новости

Зусім хутка скончыцца навучальны год, прагу­чаць апошнія званкі і насту­пяць доўгачаканыя канікулы. Якім будзе лета для дзяцей, безумоўна, залежыць ад нас, дарослых. Упэўнена, і бацькі, і педагогі ўжо назапасілі шмат ідэй, як актыўна, весела і з карысцю дзецям правесці гэты час. А дзе павышаная актыўнасць, там і павышаная рызыка.

Таму, на жаль, кожнае лета рэгіструецца павелічэнне колькасці няшчасных выпадкаў, якія здараюцца з дзецьмі. Што можна і што неабходна зрабіць педагогам, каб доўгачаканыя летнія месяцы прынеслі вучням не траўмы і расчараванне, а яскравыя ўражанні і каштоўны вопыт?

Эксперты па асновах бяспекі жыццядзейнасці сцвярджаюць: выключна тэарэтычнае азнаямленне дзяцей і падлеткаў з правіламі паводзін у надзвычайных сітуацыях недастаткова эфектыўнае. У экстрэмальных выпадках неабходна адразу пачынаць ДЗЕЙНІЧАЦЬ, прымяняючы адпаведныя навыкі.

Выпрабаваная часам форма выпрацоўкі такіх навыкаў — гульнявая. Менавіта ў працэсе гульні школьнікі хутка і з цікавасцю засвойва­юць правілы бяспекі і авалодва­юць канкрэтнымі спосабамі паводзін у пагражальных для жыцця сітуацыях, вучацца кіраваць сваімі эмоцыя­мі і супрацоўнічаць з іншымі
людзьмі. Акумуліраваны вопыт шэрага школ краіны па правядзенні асветніцка-гульнявых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне культуры бяспечных паводзін, — у майскім выпуску “Педагагічнай асамб­леі”.

Працяг тэмы бяспекі дзяцей — ужо псіхалагічнай — у нашым пастаянным праекце “Бацькоўскі сход”. Да пытанняў суіцыдальных паво­дзін падлеткаў часопіс звяртаўся ўжо неаднойчы. Але, на жаль, гэта праблема па-ранейшаму актуальная. Якой жа ўладарнай і жорсткай павінна быць сіла, што прымушае чалавека пазба­віць сябе самага дарагога — жыцця? Агульнай прычынай суіцыдаў, паводле вызначэння спецыялістаў, з’яўляецца сацыяльна-псіхалагічная дэз­адаптацыя, якая ўзнікае пад уплывам вострых псіхатраўматычных сітуацый, парушэння ўзаемадзеяння з блізкім акружэннем. Аднак што тычыцца падлеткаў, то гэта часцей за ўсё не татальныя парушэнні, а менавіта парушэнні ва ўзаемадзеянні з блізкімі, з сям’ёй. Дапамагчы дзіцяці, якое не здольна ўба­чыць іншага спосабу вырашэння сваіх жыццёвых праб­лем, акрамя самагубства, можна, толькі дакладна ўсвядоміўшы прычыны яго фатальнага рашэння. Даследаванню найбольш тыповых прычын, а таксама вызначэнню стратэгіі прафілактыкі падлеткавых суіцыдаў, прысвечаны артыкулы “Бацькоўскага сходу”.

Першая старонка летапісу гімназіі Чачэрска, вопыт якой мы прадстаўляем у рубрыцы “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”, была запоўнена амаль 125 гадоў назад. За гэты час многа разоў мяняўся статус установы, яе “месца жыхарства”, але трывалымі заставаліся педагагічныя традыцыі. І сёння гімназія — у ліку лепшых у Гомельскай вобласці. Ключ на эмблеме ўстановы адукацыі — сімвал адкрыцця нязведанага, сіні колер — сімвал глыбіні і бясконцасці пазнання. Адк­рыць для вучняў цікавы свет навукі настаўнікам дапамагае ўменне ства­раць нестандартныя заданні на звычайным дыдактычным матэрыяле. Уявіце, што вы пяцікласнік і вам трэба напісаць працяг верша У.Караткевіча “Лісце”, захаваўшы яго памер і настрой. Справіліся? А цяпер вы ў 8 класе на ўроку гісторыі, і пытанне да вас такое: чаму сяляне былі незадаволены адменай прыгону? Парадокс? Калі і тут вы атрымалі дзясятку, чытайце далей: настаўнікі гімназіі прапануюць вельмі цікавыя практычныя матэрыялы з вопыту і метадычнай, і выхаваўчай работы. Магчыма, іх ідэі дапамогуць вам знайсці свой ключ да прафесійнага майстэрства і да дзіцячых сэрцаў.

А напрыканцы мы, па майскай традыцыі, жадаем вам, паважаныя педагогі, лёгкага заканчэння навучальнага года, выпускнікам — выдатных вынікаў на іспытах і, безу­моўна, усім моцнага здароўя!

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар