Гэтым летам у Верхнядзвінскім раёне для вучняў, якія жадаюць з карысцю правесці канікулы і крыху падзарабіць, арганізаваны 8 працоўных брыгад і лагер працы і адпачынку «Патрыёт». Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» паназірала, як у Прыдзвінска-Бароўскай сярэдняй школе падлеткі сумяшчаюць адпачынак і працу, дапамагаючы ўстанове рыхтавацца да новага навучальнага года.

— Асаблівую ўвагу ў раёне мы ўдзяляем арганізацыі занятасці дзяцей з 14 гадоў. Пастаўлена задача, каб як мага больш школьнікаў гэтага ўзросту было ахоплена карыснай дзейнасцю. Тым самым мы прывіваем падлеткам працоўныя навыкі і даём магчымасць зарабіць грошы, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Святлана Якаўлева.
Летась у Прыдзвінска-Бароўскай сярэдняй школе працавала звычайная вучнёўская брыгада. А гэтым летам быў адкрыты 15-дзённы лагер працы і адпачынку. Юнакі і дзяўчаты праводзяць тут па 7 гадзін у дзень, з іх чатыры — працуюць. Кожную гадзіну арганізоўваецца 15-мінутны перапынак. Школьнікі забяспечаны гарачым харчаваннем. Лагер наведвае 15 вучняў. Самыя малодшыя сёлета скончылі 8 класаў, самыя старэйшыя пойдуць у 11-ы клас.
— Спектр работ, якія вядуцца ў школе да новага навучальнага года, немалы. Гэтымі днямі на тэрыторыі ўстановы з’явілася новая агароджа. Стары драўляны плот замянілі дзякуючы фінансаванню з бюджэту. У планах адрамантаваць галоўны ўваход у школу, зрабіць касметычны рамонт памяшканняў, — паведаміў дырэктар школы Сяргей Драздоў. — Частку работ у рамках працоўнай занятасці нам дапамагаюць выканаць школьнікі. Гэта афарбоўка сцен і падлогі, рамонт мэблі, добраўпарадкаванне тэрыторыі, догляд кветнікаў і г. д.

Назіраем, як юнакі даюць новае жыццё сталам, крэслам і партам пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па гаспадарчай рабоце Валерыя Квяцінскага. Знімаюць старыя камплектуючыя (спінкі, стальніцы, сядзенні) і замяняюць іх на новыя, прывезеныя з завода. З аперацыяй па зборцы/разборцы мэблі школьнікі знаёмяцца на ўроках працоўнага навучання. У сваю чаргу дзяўчыны фарбуюць сцены ў холе водаэмульсійнымі фарбамі пад пільным наглядам настаўніцы працоўнага навучання Вольгі Мікалаевай.
Для афарбоўкі падлогі ў спартыўнай зале, спартыўнага вулічнага абсталявання і металічных каркасаў мэблі прымяняюцца алейныя фарбы. Але іх дазволена выкарыстоўваць толькі тым вучням, хто дасягнуў 16 гадоў. Да новага навучальнага года ў школе будзе цалкам адрамантаваны кабінет матэматыкі. Перад пачаткам адпаведных работ дзеці займаюцца падрыхтоўкай памяшкання.

Свае актыўнасці ладзяцца і на тэрыторыі ўстановы адукацыі. Вучні наводзяць парадак, зграбаюць скошаную траву, раўняюць зямлю на ўчастку пасля ўстаноўкі агароджы. У рамках падрыхтоўкі да раённага конкурсу па добраўпарадкаванні сіламі навучэнцаў і педагогаў высаджана клумба ў выглядзе зоркі, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі. Работы былі пачаты яшчэ вясной, зараз робяцца завяршальныя акорды. У вёсцы Бароўка, дзе знаходзіцца школа, таксама быў наведзены парадак. Для добраўпарадкавання было выбрана месца побач з навучальнай установай на перакрыжаванні вуліц.
Пасля актыўнай працы ў другой палове дня падлеткі адпачываюць, глядзяць фільмы, удзельнічаюць у віктарынах, спартыўных гульнях, выхаваўчых мерапрыемствах, ходзяць на экскурсіі.

— Мы наведалі мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам у вёсцы Яніна. Навялі парадак і ўсклалі кветкі на брацкай магіле воінаў, якія загінулі ў 1944 г. пры вызваленні вёскі Бароўка, — расказала начальнік лагера Наталля Валынец. — Плануючы работу лагера, педагогі ставілі перад сабой задачу азнаёміць дзяцей з рознымі прафесіямі. З гэтай мэтай мы выязджалі на мясцовыя прадпрыемствы. Работнікі лясгаса, масласыразавода, чыгуначнай станцыі «Верхнядзвінск» расказалі вучням пра спецыфіку сваёй працы, паказалі сучаснае абсталяванне.
Некаторыя падлеткі, імкнучыся зарабіць пабольш грошай, адразу пасля заканчэння змены ў працоўных брыгадах і лагерах уладкоўваюцца ў студатрады па лініі БРСМ або на мясцовыя прадпрыемствы, куды іх бяруць паляводамі, прыбіральшчыкамі тэрыторыі, на фасовачныя і пагрузачныя работы. Важна і тое, што ў працэсе афармлення неабходных дакументаў, адкрыцця рахункаў у банках і карыстання банкаўскімі карткамі школьнікі даведваюцца пра розныя нюансы працоўнага заканадаўства, што тычацца непаўналетніх, пра свае правы і абавязкі, павышаюць фінансавую дасведчанасць.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





