У Клімаўскай сярэдняй школе Гомельскага раёна ведаюць, як зрабіць летні адпачынак асаблівым

- 17:40Духовность и патриотизм, Новости

У прышкольным лагеры “Краязнаўцы” Клімаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна летні дзень прайшоў пад лозунгам “Беларусь хрысціянская”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

З карысцю для душы

У прышкольным лагеры “Края­знаўцы” Клімаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна першы месяц лета — час яркага, крэатыўнага, інтэнсіўнага і займальнага адпачынку, які для выхаванцаў арганізоўваюць педагогі. Напрыклад, адзін з дзён прайшоў пад дэвізам “Беларусь хрысціянская”, што падкрэслівае важнасць духоўнага і культурнага выхавання маладога пакалення. Дарэчы, наведва­юць аздараўленчы лагер дзеці 1—6 класаў. Як прызнаюцца школьнікі, для іх самай запамінальнай падзеяй стала займальная экскурсія ў прыход храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Прыбыткі. У суправаджэнні настаўніцы геаграфіі Веры Флёрка дзеці атрымалі магчымасць не толькі даведацца пра гісторыю храма, але і паглыбіцца ў атмасферу духоўнасці. Экскурсію правёў іерэй Георгій Барадзін, які з радасцю падзяліўся ведамі аб храме і яго значэнні для мясцовай суполь­насці.

— Такое ўзаемадзеянне паміж школай і прыходам садзейнічае духоўнаму ўзбагачэнню дзяцей, — лічыць Вера Леанідаўна. — У рамках праграмы духоўна-асветніцкай работы з моладдзю экскурсія дапамагла навучэнцам лепш зразумець сваю культурную спадчыну і традыцыі. Айцец Георгій расказаў аб значэнні розных царкоўных абрадаў і сімвалаў, а таксама паказаў асноўныя часткі храма, уключаючы алтар і іканастас. Дзеці задавалі мноства пытанняў, праяўляючы непадробную зацікаўленасць да тэмы.

Святар адказаў на мноства “А чаму?” юных гасцей, імкнуўся зрабіць аповед зразумелым і цікавым для школьнікаў. Ён таксама паказаў хлопчыкам і дзяўчынкам галоўную кнігу Евангелле, якую выкарыстоўваюць падчас богаслужэнняў, і расказаў, што яна знаходзіцца на троне ў алтары. А таксама прапанаваў старэйшым дзецям прачытаць некалькі сказаў на царкоўна-славянскай мове. Адзін з самых дапытлівых удзельнікаў экскурсіі, чацвёртакласнік Іван Лявонцьеў, атрымаў у падарунак ад айца Георгія кнігу “Біблія ў ілюстрацыях”, што натхніла яго на далейшае чытанне і вывучэнне.

Летнія канікулы — гэта час, калі дзеці могуць не толькі адпачываць, але і развівацца, спазнаваць новае. Такія мерапрыемствы, як экскурсія ў храм, фарміруюць у падрастаючага пакалення павагу да традыцый, са­дзейнічаюць духоўнаму развіццю. Многія з наведвальнікаў выказалі жаданне вярнуцца ў храм і даведацца больш пра яго традыцыі, што сведчыць аб станоўчым уплыве такіх сустрэч на светаўспрыманне школьнікаў.

Педагогамі ўстановы адукацыі наладжана цеснае ўзаемадзеянне з прыходам храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і іерэем Гео­ргіем. На працягу больш як 5 гадоў прадстаўнік духавенства часты госць у Клімаўскай школе, а падчас канікул дзеці з задавальненнем наведваюць храм.

“Юнацтва” ў працы

Летнія канікулы — гэта і выдатная магчымасць для актыўнай працы з прыемным бонусам, заробкам. Кожны год у час самых працяглых канікул вучні сельскай школы прымаюць удзел у праектах другаснай занятасці. Сёлета 10 былых васьмікласнікаў з задавальненнем бавяць час у прышкольным лагеры “Юнацтва”. На працягу двух тыдняў яны працавалі ў якасці дапаможных рабочых на малочнатаварнай ферме “Клімаўка” ААТ “Птушкафабрыка “Світанак”: дапамагалі скла­даць дровы, прыбіраць тэрыторыю і сачылі за статкам кароў на выпасе. Затым перайшлі працаваць у родную школу ў якасці сталяроў трэцяга разраду. Пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Віталя Уладзіміравіча Курзова юнакі пачалі рамонт мэблі.

Пасля таго як падлеткі падкруцілі балты, усталявалі новыя стальніцы, яны з задавальненнем працягнулі праводзіць час з сябрамі. Дарэчы, выхаванцы не губляюць ні адной хвіліны чэрвеня, яны актыўна ўдзельнічаюць у велапрабегах па вывучэнні роднага краю, віктарынах і дыскусіях, а таксама наведваюць прафілактычныя сустрэчы з работнікамі ІСН і МНС.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі