Скрапбукінг, маляванне, выцінанка, дэкупаж, вязанне, кветкаводства, а таксама спорт і танцы — усё гэта захапленні кіраўніка па фізічным выхаванні дзіцячага сада аграгарадка Мышкавічы Кіраўскага раёна Наталлі Беляшовай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Я чалавек, які пастаянна даследуе свае здольнасці і магчымасці. Колькі сябе памятаю, заўсёды нечым захаплялася. У школьныя гады наведвала секцыі па футболе, баскетболе, самба і дзюдо, займалася шыццём, вязаннем, вышываннем. У дарослым узросце спектр захапленняў істотна пашырыўся. З задавальненнем вырошчваю вулічныя і пакаёвыя кветкі, танцую, спрабую сябе ў скрапбукінгу і дэкупажы, — расказала Наталля Міхайлаўна.
Свае творчыя вырабы Наталля Беляшова ўсебакова ўкараняе ў работу. Педагог стварае папяровыя кветкі для святочнага афармлення музычнай залы дзіцячага сада. Зробленыя яе рукамі выцінанкі ўпрыгожваюць вокны і памяшканні дашкольнай установы.

— Не так даўно адкрыла для сябе чароўны свет вязання ў тэхніцы амігурумі. З гіпаалергеннай пражы вяжу вядомых казачных персанажаў. Цацкі перыядычна прыношу ў якасці сюрпрызнага моманту на заняткі. Малышам гэта вельмі падабаецца. А мне дапамагае прыўнесці нешта крэатыўнае ў традыцыйныя формы фізкультурнай дзейнасці, — падзялілася Наталля Міхайлаўна.
Захапленне дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтвам падштурхнула педагога да распрацоўкі ўласных дыдактычных дапаможнікаў.
Зараз у яе картатэцы — настольныя гульні і лэпбукі, якія спрыяюць засваенню дзецьмі ведаў аб здаровым ладзе жыцця і правільным харчаванні, знаёмству малых з відамі спорту і алімпійскай сімволікай.

— Мноства арыгінальных гульнявых прадуктаў распрацавала па фарміраванні экалагічнай культуры ў выхаванцаў, прывіцці ім навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці. Дапаможнікамі актыўна карыстаюцца калегі, — паведаміла Наталля Беляшова.
З творчым падыходам Наталля Міхайлаўна арганізуе і фізкультурныя заняткі. Любоў да спорту і харэаграфіі натхніла яе на адкрыццё гуртка “Дзіцячы фітнес”. Малышы вучацца выконваць танцавальна-рытмічныя кампазіцыі, з радасцю займаюцца з нейраскакалкамі, пад музыку выконваюць практыкаванні на стэпах і фітболах.
— Заняткі станоўча ўплываюць на гарманічнае фізічнае развіццё дзяцей. Акрамя таго, разам з выхаванцамі мы рэгулярна рыхтуем конкурсныя выступленні. Мае малышы неаднойчы станавіліся пераможцамі розных аглядаў і фестываляў, — адзначыла Наталля Беляшова.
Нямала прафесійных дасягненняў і ў самой Наталлі Міхайлаўны. Дыпломы і падзякі матывуюць педагога на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства і пошук новых творчых ідэй.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





