Невыпадкова скверык каля сталічнага Вялікага тэатра ўпрыгожвае бронзавы помнік Максіму Багдановічу. Дом, дзе нарадзіўся паэт, знаходзіўся непадалёк, а на аднайменнай вуліцы ў Траецкім прадмесці размясціўся музей, прысвечаны яму. Загадчык музея Міхаіл Бараноўскі яшчэ і аўтар грунтоўнай работы аб творчасці і жыцці нашага вялікага земляка (серыя “ЖЗЛБ”). Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Зеленя” і мядзведзік Васенька

— Міхаіл Аляксандравіч, на ваш погляд, прадстаўнікі юнага пакалення, школьнікі і студэнты дастаткова цікавяцца творчасцю Багдановіча? Ці ёсць у вас адрасаваныя моладзі праграмы, квесты і г.д.?
— Вядома, ёсць. Увогуле, як і ўсе, мы падладжваемся пад мэтавую аўдыторыю, і паколькі асноўным нашым наведвальнікам з’яўляецца школьнік, то для яго распрацоўваем заняткі пад розныя ўзросты. Прычым як адукацыйнага, асветніцкага напрамку, так і ў гульнявой форме, каб можна было выбіраць: весела правесці час у кампаніі, прайсці квест, пагуляць у нейкую гульню альбо атрымаць веды.
— Ці ёсць у вас знакавыя экспанаты, якія вы лічыце сапраўднымі рарытэтамі?
— У нас шмат кніг, дакументаў, фатаграфій, але, напэўна, самымі важнымі для нас экспанатамі з’яўляюцца рукапісы Максіма Багдановіча, бо ўсё ж галоўныя скарбы мастака — яго творы.
У прыватнасці, рукапісны зборнік “Зеленя”. А што да асабістых рэчаў паэта, якія ён трымаў у руках, то ёсць, на жаль, толькі адна, але вельмі кранальная. Гэта плюшавы мядзведзік Васенька. Дом Багдановічаў у Яраслаўлі, як вядома, згарэў, але гэтага мішку ён паспеў падарыць сваёй стрыечнай пляменніцы. Яна потым і перадала цацку з больш чым стагадовай гісторыяй у наш музей.
А ў Нацыянальным гістарычным музеі захоўваюцца сярэбраны гадзіннік і нож для разразання паперы, якія належалі Максіму.
Сын педагогаў
— Як, на ваш погляд, магло здарыцца, што чалавек, які ледзь ці не ўсё свядомае жыццё правёў у Расіі, стаў пісаць такія выдатныя вершы на матчынай мове?

— Гэта якраз тое пытанне, на якое са стапрацэнтнай упэўненасцю яшчэ ніхто і ніколі не адказаў і, верагодна, не адкажа. Мы можам толькі разглядаць нейкія версіі.
Шмат у чым, безумоўна, дапамаглі родзічы. Калі Багдановічы пераехалі ў Ніжні Ноўгарад, яны не адракліся і ад традыцыйнай беларускай культуры. Адам Ягоравіч, бацька Максіма і, апроч іншага, сваяк Максіма Горкага (яны былі жанатыя з роднымі сёстрамі) — вядомы беларускі этнограф, фалькларыст, мемуарыст, гісторык культуры. Мела пэўныя літаратурныя здольнасці і яго жонка Марыя Апанасаўна, якая вельмі рана памерла. У 1906 годзе хросная маці будучага вялікага паэта Вольга Сёмава выпісала для хлопчыка беларускамоўную газету “Наша доля”, а потым і “Нашу ніву”…
Усё гэта так ці інакш паўплывала на развіццё цікавасці Максіма да беларускай гісторыі і паэзіі. Але абсалютна дакладнага адказу, паўтаруся, пакуль ніхто не даў.
— Цікава, ці карыстаўся паэт нейкім акадэмічным руска-беларускім слоўнікам, калі такі існаваў на той час?
— Так, існаваў слоўнік Насовіча, надрукаваны ў 1870 годзе і складзены на аснове ўсходне-беларускіх гаворак. Мяркую, Багдановіч карыстаўся менавіта ім. А ўвогуле, ён вучыў мову па газетах, часопісах, рэдкіх у той час беларускіх кнігах. У той жа “Нашай ніве” ў 1907 годзе была апублікавана першая работа Багдановіча на беларускай мове — алегарычнае апавяданне “Музыка”.
— Вершы Багдановіча часам здаюцца больш вытанчанымі, чым творы яго сучаснікаў, нават тых, што прызнаны класікамі. Гэта не выпадкова?
— Справа ў тым, што, у адрозненне ад большасці беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, літаратараў таго часу, Максім Багдановіч меў класічную адукацыю. Ён вучыўся спачатку ў гімназіі, потым у ліцэі. І гэта не магло не адбіцца на яго творчасці.
Максім Багдановіч быў чалавекам высокай культуры, у тым ліку і культуры пісьма, якую ён прыўносіў у беларускую паэзію.

— Да таго ж ён быў сынам настаўніка і нават, калі не памыляюся, нарадзіўся ў школе, дзе выкладаў яго бацька Адам Ягоравіч.
— Так, яго бацька быў настаўнікам у першай мінскай прыходскай вучэльні, якая знаходзілася недалёка ад таго месца, дзе пабудаваны сённяшні Вялікі тэатр. Невыпадкова на помніку Багдановічу позірк паэта скіраваны менавіта ў той бок. Максім у літаральным сэнсе нарадзіўся і амаль год пражыў у той пачатковай школе.
Адам Ягоравіч скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і быў настаўнікам не проста па прафесіі, а па прызванні. Ён вельмі адказна ставіўся і да выхавання ўласных дзяцей. У сям’і існаваў культ ведаў, была вялікая бібліятэка. У тым ліку дзякуючы гэтаму выдатнаму педагогу і кніжніку мы маем таго Максіма Багдановіча, якога мы ведаем. Дарэчы, і яго мама Марыя Апанасаўна мела хоць няскончаную, але таксама педагагічную адукацыю, вучылася ў Санкт-Пецярбургу ў земскай настаўніцкай школе, скончыць якую ёй перашкодзіла вяселле. На жаль, маці памерла ад сухотаў, калі Максіму не было і пяці гадоў.
— Гэта ж ёй, здаецца, належыць фраза “Шкада, што дзеці пачалі размаўляць па-беларуску”. Але чаму?
— Бацькі выхоўвалі дзяцей у рэчышчы рускай культуры — галоўнай у Расійскай імперыі. Таму, напэўна, ім не падабалася, што дзеці, бываючы ў вёсцы, з лёгкасцю засвойвалі беларускую мову. Адам Ягоравіч толькі пасля смерці Максіма, і тое не адразу, зразумеў, што быў бацькам геніяльнага паэта, якога любяць і шануюць у Беларусі. Але час усё расставіў па сваіх месцах.
Каханне па імені Ганна
— Як вядома, Багдановіч яшчэ і перакладаў на беларускую мову вершы замежных аўтараў. Ён ведаў мовы ці карыстаўся падрадкоўнікам?
— Ён меў класічную адукацыю і даволі нядрэнна валодаў французскай, нямецкай мовамi, вывучаў латынь і старажытнагрэчаскую. Можа, ведаў іх не дасканала, але карыстаўся пры неабходнасці слоўнікамі, дапамогай больш дасведчаных сяброў. Максім Багдановіч стаў, па сутнасці, першым прафесійным перакладчыкам замежнай літаратуры на беларускую мову. Ён быў не толькі паэтам, але, шырэй кажучы, і літаратарам, які пісаў і вершы, і прозу, і крытычныя матэрыялы, публіцыстыку і г.д.
— Акрамя свайго літаратурнага таленту, аўтар “Зоркі Венеры”, “Слуцкіх паясоў”, “Веранікі” ды іншых вядомых нам з дзяцінства твораў быў яшчэ і проста прывабным мужчынам, высокім, стройным, з правільнымі рысамі твару. Як у яго складваліся адносіны з прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва, чаму яму не ўдалося стварыць сям’ю?
— Пакуль яго здароўе не падтачыла хвароба, яны з братамі былі даволі спартыўнымі хлопцамі. Бацька ўдзяляў гэтаму вялікую ўвагу, паколькі выступаў за ўсебаковае развіццё дзяцей. Дзеці кідалі камяні, лазілі па дрэвах, плавалі, гулялі ў рухавыя гульні. Наколькі можна меркаваць па фотаздымках, успамінах сучаснікаў, Максім Багдановіч сапраўды быў прывабны, умеў выклікаць да сябе прыхільнасць людзей, бо ў размове выхопліваў штосьці агульнае, цікавае і яму самому, і суразмоўніку.
Што да яго ўзаемаадносін з жанчынамі, то, думаю, не ажаніўся ён у першую чаргу з-за хваробы. Па-другое, Максім пайшоў з жыцця зусім маладым чалавекам, у 25 гадоў. У Багдановіча было, як вядома, вялікае каханне — сястра яго аднакласніка Ганна Какуева, якой ён прысвяціў шмат вершаў і, верагодна, “Зорку Венеру”. Ці адказвала яна яму ўзаемнасцю, сказаць цяжка…
— У некаторых даследаваннях згадваюцца імёны і іншых неабыякавых яму жанчын і нават верагодныя курортныя раманы. Відаць, аскетам паэта не назавеш?
— Згаданы зборнік “Зеленя”, напрыклад, паэт прысвяціў Нюце Гапановіч, з якой вёў працяглую перапіску, але ніякіх сведчанняў аб іх адносінах няма. Наогул жа, Багдановіч быў звычайным чалавекам са сваім унутраным светам, парывамі, марамі, у тым ліку сямейнага характару. Дарэчы, усё жыццё ён марыў, што ў яго будзе дачка.
Сёння мы недаравальна мала ведаем пра асабістае жыццё вялікага беларускага паэта-рамантыка, у якога, на жаль, не засталося ні спадчыннікаў, ні блізкіх сваякоў, страчаны важныя дакументальныя сведчанні. Затое засталіся яго цудоўныя вершы, якія хочацца чытаць і перачытваць. І наша памяць аб ім.
Уладзімір ПІСАРАЎ
Фота аўтара і з архіва музея





