Штомесячны дадатак да «Настаўніцкай газеты» выйдзе ў свет 15 ліпеня.

Па меркаванні педагога-псіхолага сярэдняй школы № 4 Светлагорска Наталлі Грамыка, праблема булінгу сёння актуальная для ўсяго грамадства. Прычым з развіццём інтэрнэту дзіця можа сутыкнуцца з булінгам не толькі ў школе, але і ў кіберпрасторы. Выйсце з гэтай сітуацыі — папаўняць багаж ведаў у навучэнцаў, каб павысіць верагоднасць таго, што яны змогуць правільна паступіць у сітуацыі цкавання.
Пра перавагі груп інтэграванага навучання і выхавання і пра тое, чаму многія бацькі выбіраюць для свайго дзіцяці менавіта такую групу, расказваюць сталічныя педагогі дашкольнай адукацыі — загадчык дзіцячага сада № 234 Таццяна Аляхновіч і педагог-псіхолаг названай установы адукацыі Таццяна Лук’янчук.
У рубрыцы «Бацькоўскі ўніверсітэт» — развагі педагога-псіхолага дзіцячага сада № 4 Гродна Настассі Радзюк пра дзіцячую трывожнасць і бацькоўскія страхі. А пра нечаканыя псіхалагічныя прычыны скаліёзу расказвае педагог-псіхолаг Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната Таццяна Ігнатовіч.
Прыемнага чытання, шаноўныя падпісчыкі!
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара





