Як у Маціевіцкай базавай школе ствараюць двор мары

- 15:24Репортаж

Нягледзячы на 120-­гадовы ўзрост, Маціевіцкая базавая школа Жабінкаўскага раёна выглядае маладой і прыгожай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове атрымліваюць веды каля 50 вучняў, якія пад кіраўніцтвам 15 педагогаў імкнуцца зрабіць другі дом, дзе праводзяць шмат часу, утульным і дагледжаным.

— Тэатр пачынаецца з вешалкі, а школа — з двара і вестыбюля, — лічыць дырэктар Галіна Парафянюк. — Менавіта яны ствараюць першае ўражанне ў гасцей пра гаспадароў установы. А паколькі новы будынак школы быў узведзены амаль 55 гадоў назад, праблема добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі стала з часам даволі актуальнай. Нам не ўсё роўна, як яна выглядае, бо дагледжаныя клумбы і адметныя ландшафтныя кампазіцыі до­раць станоўчыя эмоцыі дарослым і дзецям, вучаць берагчы і ства­раць прыгажосць вакол сябе ўласнымі рукамі, фарміруюць экалагічную культуру, эстэтычны густ і адказнасць за альма-матар.

Анкетаванне вучняў і педагогаў паказала, што многія з іх хацелі б упрыгожыць прышкольную тэрыторыю новымі клумбамі, дарожкамі, лаўкамі, альтанкамі і не толькі. Так нарадзіўся праект па азеляненні і добраўпарадкаванні “Школьны двор нашай мары”, разлічаны на 3 гады.

— Мы вырашылі не толькі па-новаму падысці да кветкава-дэкаратыўнага афармлення тэрыторыі, але і выклікаць у педагогаў і выхаванцаў патрэбу ў стварэнні і падтрыманні прыгажосці вакол сябе, — працягвае Галіна Парафянюк. — Больш за тое, захацелася навучыць дзяцей практычным спосабам і метадам добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі, апрабаваць сучасныя формы ландшафтнага дызайну, каб эфектыўней прапаганда­ваць прыродаахоўныя веды сярод школьнікаў, іх бацькоў і гасцей.

Спачатку ўсім вучням прапанавалі абмеркаваць і агучыць на класных сходах розныя ідэі па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Аксаны Лугоўскай дзеці вывучалі экалагічны стан, відавы склад і асаблівасці глебы школьнага двара, ацэньвалі выгляд зялёных насаджэнняў. Не засталіся ў баку ад абмеркавання плана і бацькі.

Затым вучні распрацавалі аўтарскія праекты па добраўпарадкаванні, азеляненні і рацыянальным выкарыстанні пры­школьнай тэрыторыі, дзе вызначалі размяшчэнне клумб, кветнікаў і ландшафтных кампазіцый, віды раслін і іх спалучэнне, а таксама разлічвалі кошт насення. За кожным класам былі замацаваны канкрэтныя ўчасткі работы.

— З завозам урадлівай глебы дапамагла мясцовая гаспадарка, а насенне набылі за ўласныя сродкі, — гаворыць Галіна Парафянюк. — Высадзілі мнагалетнія расліны і вечназялёныя кусты, правялі месячнік па добраўпарадкаванні, стварылі алею выпускнікоў і пеша­ходную дарожку з другаснай сыравіны…

— Працуючы над клумбамі, мы ўлічвалі таўшчыню ўрадлівага пласта глебы, тып і час цвіцення раслін, каларыстыку і тэкстуру кампазіцый, — расказвае Аксана Лугоўская. — Кожная клумба — гэта вынік творчай работы.

На ўваходзе сустракае ваза, нібыта выпадкова перакуленая, але не разбітая. З шырокага рыльца павольна “разліваюцца” кветкі сальвіі, якія ствараюць ілюзію жывой плыні, прычым не вады, а самой прыроды. Гэта застылы рух, сімвал таго, як прыгажосць можа расцвісці нават у самым нечаканым месцы.

Цэнтральная клумба аформлена ў выглядзе ромба. Мнагалетнія і адналетнія расліны высаджаны такім чынам, каб іх цвіценне чаргавалася і было няспынным. У цэнтры клумбы — субтрапічныя расліны, падабраныя па прапорцыях, колеры, форме і адценні лісця.

На бардзюрнай клумбе радуюць вока лаванда і хрызантэма, добра дапаўняючы адна адну і напаўняючы паветра тонкім водарам. А побач красуюцца аксаміткі, якія густым лісцем і вясёлымі шапачкамі суквеццяў ствараюць радасны настрой і кантрастуюць з лавандай і хрызантэмай.

Увагу прыцягваюць малыя архітэктурныя формы, звязаныя з вучобай. Вось цвіце клумба ў форме разгорнутай кнігі, якая запрашае зазірнуць на яе старонкі, напісаныя не чарнілам, а жывымі кветкамі.

— Кніга дае веды, а кветнік вучыць працы, цярпенню і клопату аб прыродзе, — заўважае Аксана Лугоўская.

Развіваючы творчыя здольнасці вучняў, у школе стварылі архітэктурную палітру. У паглыб­леннях драўлянага каркаса высаджаны кветкі розных адценняў, якія імітуюць фарбы на палітры мастака.

Адзін з кветнікаў выкананы ў форме гадзінніка. І гэта невыпадкова, бо школа працуе па гадзінах. Клумба падзелена на чатыры сектары, запоўненыя кветкамі. У цэнтры — стрэлкі, якія можна перамяшчаць уручную.

Штучны вадаём з вясёлым слімаком — гэта месца не толькі адпачынку, але і назірання за прыродай. Вакол вадаёма цвітуць кветкі, ствараючы адчуванне вадзяной роўнядзі.

— Кветкі — гэта не проста расліны, а сапраўдныя прыродныя мастакі, якія дораць добры настрой, натхненне і прыгажосць. А клумбавыя кампазіцыі, створаныя агульнымі намаганнямі, аб’ядноўваюць розныя кветкі ў гарманічнае цэлае, — падагульняе Аксана Лугоўская.

***

У 2020 годзе ўстанова далучылася да праекта “Зялёныя школы”. На рахунку маціевіцкіх педагогаў шмат дыпломаў, атрыманых па выніках абласнога агляду-конкурсу “Цудоўней стане Брэст­чына мая”. Акрамя таго, на працягу апошніх гадоў школа перамагае ў абласным конкурсе па зборы макулатуры сярод устаноў адукацыі “Захавай дрэва — здай макулатуру”. Можна не сумнявацца, што скарбонка ўзнагарод будзе папаўняцца і далей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы