Ва ўсіх школах раёна актыўна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Рамантуюцца кабінеты, харчаблокі, спартзалы, праводзіцца замена састарэлай мэблі і абсталявання, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Падрыхтоўку да новага навучальнага года пачынаем з красавіка. Загадзя вызначаем аб’ём работы, найбольш праблемныя пытанні, фінансаванне. Па кожнай навучальнай установе складаюцца адпаведныя графікі рамонтаў. Галоўным чынам гэта бягучыя касметычныя работы. Але ёсць і больш знакавыя: у трох школах праводзіцца рэнавацыя — абнаўляюцца фасады, ажыццяўляецца замена даху. На правядзенне рамонтаў выдзелена звыш 2,3 млн рублёў, — паведаміў начальнік аддзела па адукацыі Крычаўскага райвыканкама Мікалай Капаеў.
Летнія дні мінаюць хутка. Часу да восені засталося не так многа, таму ўсюды работа ідзе поўным ходам. Вакол сярэдняй школы № 5 горада ўсталяваны будаўнічыя канструкцыі. Адна група рабочых займаецца расчысткай гарышча ад старога ўцяплення, другая прыступіла да кладкі спецыяльнага мяккага даху над спартыўнай залай. Паралельна адбываюцца ўнутраныя работы па прывядзенні ў парадак вучэбных кабінетаў і іншых памяшканняў.
— У 5-й школе вядзецца самы маштабны рамонт. Тут капітальна адрамантуюць дах. Прадугледжана замена кроквеннай сістэмы. Замест шыфернага пакрыцця выкарыстаюць металачарапіцу. Над спартзалай будзе ўкладзены спецыялізаваны мяккі дахавы матэрыял. Гэтую ўстанову мадэрнізуем другі год запар. Летась істотна абнавілі блок пачатковых класаў, — патлумачыў Мікалай Міхайлавіч.

Кабінет настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Крычава Таццяны Слесаравай ужо цалкам гатовы да сустрэчы вучняў
У 1-й гарадской школе рамонт робяць нават з некаторым апярэджаннем. Патынкавалі фасад, ужо скончылі абнаўленне класаў.
— Наша ўстанова — найстарэйшая ў горадзе. У эксплуатацыю будынкі ўводзіліся ў 1950-х гадах, мадэрнізацыя была даўно патрэбная. Праводзім яе паступова. За апошнія гады капітальна адрамантавалі дах, замянілі ўсе састарэлыя аконныя блокі, падлогу ў рэкрэацыях, асфальт на прылеглай тэрыторыі і спартыўных пляцоўках, закупілі новы камп’ютарны клас і электронны цір. Сёлета ў скарочаныя тэрміны выканалі афарбоўку і тынкоўку фасада. Цяпер прыводзім у належны стан кабінеты, харчаблок, спартзалы. Касметычны рамонт робяць настаўнікі, тэхнічны і абслуговы персанал. Не застаюцца ўбаку бацькі і навучэнцы. Штодзень у школу прыходзіць працоўны вучнёўскі атрад. Дзеці дапамагаюць у аднаўленні мэблі і падручнікаў, даглядаюць кветкі і расліны на нашым участку, — расказала дырэктар Таццяна Журоўская.
Талакой рыхтуюцца да новага навучальнага года і ў Бацвінаўскай сярэдняй школе. Рамонт праводзіцца агульнымі намаганнямі будаўнічай брыгады, педагогаў, вучняў. Значную дапамогу ў працы аказвае школьны конь Малыш.
— Выканалі ўжо даволі вялікі фронт работ. Цалкам адрамантавалі дах, перафарбавалі большасць фасада. Зараз прыступілі да замены вокнаў. Пасля абновім школу знутры і будзем гатовы сустракаць камісію па прыёмцы, — адзначыў загадчык гаспадаркі Міхаіл Ліхаманаў.
— Работа адбываецца згодна з графікам. 1 верасня нашы вучні прыйдуць у светлыя абноўленыя класы. Будзе зроблена ўсе магчымае, каб дзеці вучыліся ў камфортных бяспечных умовах, атрымлівалі якасную адукацыю, — падкрэсліў Мікалай Капаеў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





