Ва ўстановах адукацыі Краснапольшчыны актыўна ажыццяўляецца падрыхтоўка да новага навучальнага года. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Рамантуюцца класы, наводзіцца парадак у актавых і спартыўных залах, добраўпарадкоўваюцца прылеглыя да ўстаноў адукацыі тэрыторыі.
— Пытанням падрыхтоўкі ўдзяляецца першачарговая ўвага. У навучальных установах зараз гарачая пара: ва ўсю кіпяць рамонты. Улічваем кожную дробязь, каб нашы дзеці вучыліся ў камфорце, бяспецы і ўтульнасці, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Краснапольскага райвыканкама Алеся Шапавалава.

Па яе словах, усяго на правядзенне рамонтных работ накіравана звыш 2,2 млн рублёў. У некаторых установах адбываецца істотнае абнаўленне. Так, у Палужскай сярэдняй школе мяняюць дах. Маштабная рэканструкцыя ажыццяўляецца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. У раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі прадугледжана поўная замена старых драўляных вокнаў, а ў гарадскіх дзіцячых садах № 1 і № 2 хутка з’явіцца сучаснае гульнявое абсталяванне.
Усюды падрыхтоўка ідзе зладжана. На фінішы ў гэтай справе знаходзіцца калектыў Краснапольскай раённай дзяржаўнай гімназіі.

— Не так даўно ў нашым будынку былі капітальна адрамантаваны дах, цеплапункт, харчаблок, заменены вокны і створаны інжынерна-тэхнічны кластар. Цяпер сканцэнтравалі намаганні на бяспецы — устанавілі новую сістэму аўтаномнай пажарнай сігналізацыі. У рамках бягучага рамонту перафарбавалі сцены вучэбных класаў і рэкрэацый, пабялілі столь, часткова замянілі падлогавае пакрыццё, пераабсталявалі чатыры санвузлы, закупілі неабходную мэблю і інфармацыйныя стэнды ў кабінет прафарыентацыі, цэнтр бяспекі і лазерны цір, — адзначыў дырэктар Андрэй Высоцкі.
Шмат чаго зрабілі ў гімназіі і ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Тут з’явіліся новыя ландшафтныя аб’екты і малыя архітэктурныя формы. Для азелянення была высаджана алея маладых каштанаў, шматлікія кусты і кветкі. Адну з клумб аформілі ў выглядзе зоркі і прысвяцілі 80-годдзю Перамогі.
— Ужо гатовы прымаць адпаведную камісію для падпісання пашпарта гатоўнасці. Справіліся з рамонтам у даволі кароткія тэрміны. У гэтым заслуга нашых педагогаў, тэхнічных работнікаў, навучэнцаў. Працавалі разам, адзінай камандай, — падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.
Да завяршэння набліжаецца падрыхтоўка і ў іншых навучальных установах раёна. Зусім хутка ўсе мясцовыя школы будуць цалкам гатовы да сустрэчы з вучнямі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





