Песні ад сэрца дорыць слухачам калектыў «Рубляначка» са Століншчыны

- 16:30Новости

Хаця па адукацыі Валянціна Лемяза і не педагог, гэта не перашкаджае ёй амаль 10 гадоў паспяхова займацца з выхаванцамі ў Давыд-Гарадоцкім цэнтры дзіцячай творчасці, што на Століншчыне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Валянціна Міхайлаўна з дзяцінства спявала і складала вершы, іграла на фартэпіяна ў Давыд-Гарадоцкай школе мастацтваў, удзельнічала ў розных конкурсах і канцэртах, дзе атрымлівала граматы і дыпломы. Пасля заканчэння Рубельскай сярэдняй школы таленавітая дзяўчына паступіла ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.

Атрымаўшы дыплом кі­­раўніка народнага хору і арганізатара культурна-адпа­чын­кавай работы, Валянціна пачала працоўную дзейнасць мастацкім кіраўніком у сельскім Доме культуры вёскі Доўск Рагачоўскага раёна. Адначасова была салісткай народнага хору “Радасць” у музычнай школе. Праз некалькі гадоў Валянціна Міхайлаўна вярнулася на малую радзіму. Працуючы ў Рубельскім сельскім доме культуры, у вольны час спявала ў царкоўным праваслаўным хоры, дарэчы, у свой час духоўнымі спевамі захапляўся і яе дзядуля.

— З ранняга дзяцінства выхоўвалася ў праваслаўным асяроддзі на духоўных песнях, — заўважае Валянціна Лемяза. — Працуючы з дарослымі, адчувала, што чагосьці не хапае, а калі пачала працаваць з дзецьмі, зразумела, што нарэшце знайшла сябе.

Дзякуючы выдатным арганізацыйным здольнасцям мастацкага кіраўніка, былі створаны дзіцячы хор ня­дзельнай школы “Рубельскі дабравест” і вакальна-харавы калектыў “Рубляначка” ў Давыд-Гарадоцкім цэнтры дзіцячай творчасці.

— Сённяшні склад “Рубляначкі” ўжо чацвёрты па ліку, — працягвае Валянціна Міхайлаўна. — У ім займаюцца 20 дзяўчынак ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў. Жадаючых трапіць у калектыў хапае, але далёка не ўсе там затрымліваюцца надоўга, бо духоўныя спевы патрабуюць адпаведнага стану душы і поклічу сэрца. Удзельнікі калектыву істотна адрозніваюцца ад равеснікаў: не грубіяняць, не свавольнічаюць, паважаюць старэйшых, вывучаюць Біблію ў нядзельнай школе. Сёлетні склад “Рубляначкі” будзе набірацца з вучняў 1—5 класаў.

— Працуючы кіраўніком ­“Рубляначкі”, Валянціна Міхайлаўна зарэкамендавала сябе сапраўдным прафесіяналам, улюбёным у сваю справу, — гаворыць дырэктар цэнтра Алена Вандзіч. — Педагог дадатковай адукацыі не толькі актыўна папулярызуе народную культуру, адраджае, захоўвае і развівае мясцовыя традыцыі, але і прывівае выхаванцам важныя маральныя якасці, вучыць любіць Радзіму і жыць па Божых запаветах.

“Рубляначка” — адзін з лепшых дзіцячых вакальна-харавых калектываў на Століншчыне. Мастацкі кіраўнік Валянціна Лемяза неаднаразова адзначалася падзякамі і ганаровымі граматамі за прафесіяналізм і папулярызацыю песеннага жанру.

У рэпертуары калектыву — патрыятычныя, народныя і фальклорныя песні. А веды, якія атрымала Валянціна Лемяза ў Мінскім духоўным вучылішчы на рэгенцка-пеўчым аддзяленні, дазваляюць ёй займацца з дзецьмі таксама візантыйскімі і грэчаскімі спевамі духоўнага характару, прычым на мясцовым дыялекце.

Калектыў спявае на богаслужэннях у храме, выступае на царкоўных мерапрыемствах. Так, сёлета “Рубляначка” ўдзельнічала ў духоўна-асветніцкім праекце “Покаяния отверзи ми двери…”, прымеркаваным да Дзён праваслаўнай культуры ў Мінску, а таксама ў велікодным канцэрце ў Свята-Елісавецінскім манастыры са спектаклем “Паэма пра любоў”.

— Прафесіяналізм Валянціны Міхайлаўны, яе ініцыятыўнасць і творчы падыход да справы атрымалі заслужанае прызнанне ў калег і гледачоў, — расказвае Алена Вандзіч. — Калектыў актыўна выступае ў школах і на розных канцэртных пляцоўках раёна, удзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных вакальна-харавых конкурсах. У скарбонцы дасягненняў шматлікія дыпломы, атрыманыя па выніках абласных і заключных этапаў рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, рэспубліканскіх конкурсаў “Юныя таленты Беларусі” і “Погляд у нябёсы”, абласнога адкрытага фестывалю-конкурсу вакальна-харавой творчасці “Neoпеснi.by”, абласных конкурсаў “Спяваю табе, Радзіма!” і “Твая мінута славы”.

Валянціна Лемяза прызнаецца, што вельмі ўдзячна Богу за магчымасць вучыць дзяцей спевам, развіваць іх творчыя здольнасці і далучаць да духоўных каштоўнасцей, ад чаго свет абавязкова стане крыху лепшым.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ