Развіццё творчых здольнасцей дзяцей і выхаванне ў іх эстэтычнага густу, удасканаленне кірункаў выхаваўчай і фізкультурна-аздараўленчай работы — тое, што ў сваёй дзейнасці эфектыўна спалучаюць педагогі Нясвіжа падчас летніх канікул. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Важныя дасягненні
Для якаснай арганізацыі летняга адпачынку ў Нясвіжскім раёне гэтым летам арганізавана работа 7 лагераў з кругласутачным і 26 — з дзённым знаходжаннем дзяцей.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Святлана Шатрун расказала, што стацыянарны выхаваўча-аздараўленчы лагер “Арляня” гэтым летам працуе ў пяць 15-дзённых змен. На працягу дзвюх змен у Карцэвіцкай сярэдняй школе функцыянаваў лагер “Эўрыка”.

— Па выніках летняй кампаніі плануецца аздаравіць 1785 непаўналетніх, — прывяла даныя Святлана Анатольеўна. — У лагерах з дзённым знаходжаннем ужо аздаравіліся 935 дзяцей, з іх 739 — у аздараўленчых лагерах на базе ўстаноў адукацыі раёна, 128 — у спартыўна-аздараўленчых і 68 — у лагерах працы і адпачынку.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме падкрэсліла: у раёне штогод вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі працы і адпачынку навучэнцаў. Так, ва ўстановах адукацыі ў чэрвені была арганізавана работа шасці адпаведных лагераў, у тым ліку дзейнічалі 5 лагераў з дзённым знаходжаннем і 1 — з кругласутачным.
— Занятасць непаўналетніх забяспечылі ААТ “Нясвіжскія астраўкі”, КСУП “Эксперыментальная база “Бураковая”, УП “Нясвіжская ЖКГ”, ААТ “Новае жыццё”, — пералічыла Святлана Шатрун. — У Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна ў лагеры з дзённым знаходжаннем аздаравіліся 22 дзіцяці-інваліды. Падчас трэцяй і чацвёртай змен у лагеры “Арляня” аздаровяцца 20 выхаванцаў Гарадзейскай спецыяльнай школы-інтэрната.
Пры падрыхтоўцы да летняй аздараўленчай кампаніі бягучага года за кошт сродкаў абласнога і раённага бюджэтаў у аздараўленчым лагеры “Арляня” праведзены бягучы рамонт даху жылога доміка і медыцынскага блока, адрамантаваны сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, электразабеспячэння жылых домікаў і інш.
— Усяго на падрыхтоўку лагера з раённага бюджэту выдзелена 121 тысяча рублёў, з рэспубліканскага — 10,2 тысячы рублёў, — падкрэсліла Святлана Шатрун.
Расказваючы пра арганізацыю канікул, яна прыгадала самыя значныя дасягненні горада і раёна за мінулы навучальны год.
Асаблівае месца ў сістэме выхаваўчай і ідэалагічнай работы займае ваенна-патрыятычнае выхаванне. Ва ўстановах адукацыі раёна арганізавана работа 18 ваенна-патрыятычных клубаў. Удзельнікі маладзёжнага ваенна-патрыятычнага клуба “Спадчына” — пастаянныя госці раённых мерапрыемстваў і акцый.
— Другі год запар у чэрвені выхаванцы клуба — навучэнцы сярэдняй школы № 1 Нясвіжа прымаюць удзел у акцыі “Каляндар і кніга памяці”, прысвечанай Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, якая праводзіцца на плошчы Перамогі ў Мінску. Падчас сёлетняй акцыі члены клуба заступілі на ганаровую вахту ля Вечнага агню разам з членамі Паста № 1 Мінска. Акрамя таго, нашы навучэнцы былі ўдастоены гонару несці Вахту Памяці самастойна.
У раёне сталі традыцыйнымі бацькоўскія сходы на прадпрыемствах, падчас якіх тлумачацца нормы адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства ў дачыненні да дзяцей і бацькоў, разглядаюцца пытанні прыцягнення да адказнасці дарослых за неналежнае выкананне абавязкаў па ўтрыманні і выхаванні дзяцей, абмяркоўваюцца праблемы, звязаныя з падлеткавай злачыннасцю, і інш.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням фарміравання здаровага ладу жыцця ў вучняў, прафілактыцы суіцыдальных паводзін, тлумачацца наступствы ўжывання непаўналетнімі наркатычных рэчываў і інш.
Свет цудаў
Узорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Хобі ART” Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна — гэта мноства магчымасцей для самавыяўлення навучэнцаў.
Валенне, маляванне, канзашы, тэхніка торы — гэта толькі невялікі пералік таго, што кіраўнік студыі педагог дадатковай адукацыі Ірына Таратута ўмее сама і чаму вучыць сваіх выхаванцаў.

— У 2019 годзе аб’яднанні па інтарэсах “Ручная работа” і “Свет цудаў”, якія працавалі ў ЦКРНіР Нясвіжскага раёна, аб’ядналіся ў студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Хобі ART”, — расказвае Ірына Віктараўна. — Два гады назад студыі прысвоена званне ўзорнай.
Сёння ў студыі “Хобі ART” займаюцца 60 навучэнцаў з усіх устаноў адукацыі Нясвіжа.
— У межах дзейнасці аб’яднання “Ручная работа” вывучаюцца такія віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як валенне, маляванне шэрсцю, дывановае пляценне, дывановая вышыўка, канзашы, тэхніка торы, — пералічвае Ірына Таратута. — Разнастайнасць тэхнік не стамляе навучэнцаў, а дазваляе паспрабаваць сілы і праявіць свае творчыя здольнасці ў розных відах рукадзелля. Падчас заняткаў нашы дзеці знаёмяцца з гісторыяй рамёстваў і пераносяць набытыя веды на сучасныя вырабы.
У выставачным фондзе студыі захоўваецца больш як сто дзіцячых работ, аформлены і штогод папаўняецца каталог творчых праектаў. А яшчэ навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Ручная работа” — удзельнікі майстар-класаў на розных мерапрыемствах.

— Нашы навучэнцы на працягу трох гадоў з’яўляліся ўдзельнікамі абласнога праекта “Укараненне мадэлі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах адукацыйнага мастацка-тэхналагічнага кластара”, — зазначае кіраўнік “Хобі ART”. — Штомесяц навучэнцамі рэалізуюцца творчыя праекты, сярод якіх “Творчы альбом”, “Мой майстар-клас”, творчы праект у тэхніцы сухога валення “Беларускія народныя казкі”.
Праектам узорнай студыі “Хобі ART” з’яўляецца аб’яднанне па інтарэсах “Свет цудаў”, якое дзейнічае ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна.
— Чым бы ні займалася ў сваім жыцці асаблівае дзіця, якія б фізічныя, інтэлектуальныя або псіхічныя абмежаванні ні былі ў яго, яно павінна мець магчымасці да паўнавартаснай самарэалізацыі, сацыяльнай адаптацыі. Праз творчасць яна таксама магчымая, — разважае педагог. — Праз свае работы асаблівыя деці падтрымліваюць зносіны з намі, знаходзяць сувязь з навакольным светам. Такім выхаванцам неабходны простыя рэчы: увага, любоў, разуменне, магчымасці для творчасці. Набываючы тэарэтычныя і практычныя навыкі работы з рознымі матэрыяламі, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі не толькі ствараюць сваімі рукамі мастацкі выраб, але і спазнаюць радасць ад гэтай дзейнасці. Творчы падыход да работы, якому вучацца ў працэсе заняткаў, у далейшым яны перанясуць ва ўсе віды дзейнасці па-за межамі цэнтра.
Экалагічны парк
У сярэдняй школе № 3 Нясвіжа выхаваўчай рабоце надаецца вялікае значэнне, і летнія канікулы не сталі выключэннем.
За той час, пакуль установай адукацыі кіруе Марына Макаўчык, у школе склалася пэўная сістэма работы, якая дае добрыя вынікі.

— Планаванне выхаваўчай работы вядзецца па ўсіх напрамках з улікам нарматыўных прававых дакументаў, якія рэгламентуюць арганізацыю адпаведнай дзейнасці, — звяртае ўвагу Марына Міхайлаўна. — Аднымі з галоўных напрамкаў з’яўляюцца ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. Летась значнае месца адводзілі падрыхтоўцы да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі. — У нас працягваецца работа па фарміраванні ў вучняў уменняў аналізаваць інфармацыю аб сацыяльных з’явах і працэсах, весці дыскусію па праблемах развіцця сучаснага грамадства з дапамогай рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.
Экалагічная адукацыя — адзін з важных напрамкаў дзейнасці педагогаў і вучняў. Марына Макаўчык расказала, што чатыры гады назад яны сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага праекта “Зялёныя школы”. Удзел у шматлікіх акцыях, фестывалях, конкурсах — выдатны сродак фарміравання ў вучняў экалагічнай адукаванасці.
— У нас дзейнічаюць аб’яднанне па інтарэсах “Сябры прыроды”, клуб “Экалагічны бумеранг”, экалагічны атрад “Зямляне”, — працягвае Марына Міхайлаўна. — Двойчы ўстанова адукацыі прызнавалася лепшай па выніках
раённага эколага-патрыятычнага форуму па экалагічным выхаванні дзяцей і падлеткаў і ўзнагароджвалася пераходным хрустальным глобусам.
Тэрыторыя сярэдняй школы № 3 Нясвіжа — гэта прадуманыя экалагічныя сцежкі, прыгожа аформленыя клумбы, на якіх расце безліч кветак. Непадалёк закладзена зона адпачынку, ёсць сад надзеі, басаногая сцежка “Адчуванне”.
— У нас распрацаваны экскурсійны маршрут “Школьны экалагічны парк”, які ўключае ў сябе 12 тэматычных адукацыйна-забаўляльных пляцовак, — акцэнтуе ўвагу дырэктар школы. — Урачыстае адкрыццё маршруту запланавана ў Дзень ведаў. Таксама ў нас вядзецца работа па адкрыцці аб’яднання па інтарэсах “Школьнае лясніцтва”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





