Звыш 1,7 тысячы дзяцей будзе ахоплена аздараўленнем і карыснай занятасцю ў Чавускім раёне за перыяд канікул

- 10:07Новости

Лета ў дзяцей Чавускага раёна насычана яскравымі падзеямі. Для навучэнцаў распрацавана шырокая праграма карыснай занятасці. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Ва ўсіх установах адукацыі загадзя падрыхтаваліся да летняга канікулярнага перыяду, стварылі падрабязныя планы арганізацыі вольнага ад вучобы часу для вучняў. Аздараў­ленне адбываецца зладжана і мэтанакіравана, — паведаміў начальнік аддзела па адукацыі Чавускага райвыканкама Дзяніс Нікіфараў.

Акцэнт у аздараўленчай кампаніі ў раёне зрабілі на адпачынку навучэнцаў у лагерах. Тут прадугледзелі функцыянаванне летнікаў розных тыпаў і профіляў.

— У чэрвені ва ўсіх школах традыцыйна працавалі лагеры з дзённым знаходжаннем. Ліпень праходзіць пад знакам палатачных летнікаў. Дарэчы, яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод дзяцей. Сёлета адпачынкам ахоплены 180 вучняў, — расказаў Дзяніс Уладзіміравіч.

Зараз у палатачным летніку ідзе другая змена. Тут аздараўляюцца 90 хлопцаў і дзяўчат. Дзеці падзелены на два атрады. Для адных больш прывабным аказаўся ваенна-патрыятычны кірунак, для іншых — турыстычна-краязнаўчы.

— Жыццё ў нас кіпіць з ранку і да позняга вечара. Дні ў лагеры тэматычныя, напоўненыя змястоўнымі справамі. Аргані­зуем для дзяцей спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, інтэлектуальныя квесты і віктарыны, пазнавальныя экскурсіі. Навучэнцы спазнаюць гісторыю і этнаграфію роднага краю, асвойваюць турысцкія навыкі: вучацца распальваць вогнішча, ставіць палатку, арыентавацца на мясцовасці. Асабліва важна, што ў лагеры школьнікі становяцца больш адказнымі і самастойнымі, — адзначыла кіраўнік атрада юных краязнаўцаў настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 Чавус Кацярына Малолава.

У атрадзе з патрыятычным напрамкам навучэнцы прахо­дзяць своеасаблівы курс маладога байца, узмоцнена займаюцца дапрызыўнай падрыхтоўкай. Упор робяць і на вывучэнне ваеннай гісторыі: даследуюць падзеі, якія адбываліся на чавускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— На тэрыторыі нашага раёна размяшчаўся фронт, ішлі цяжкія, кровапралітныя баі. У нас шмат брацкіх пахаванняў загінуўшых за мір і незалежнасць савецкіх салдат. Разам з вучнямі наведваем мемарыялы, наводзім там парадак, успамінаем подзвігі воінаў-герояў, — заўважыў настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 1 горада Павел Кніга.

Адпачынак у палатачным летніку вельмі падабаецца дзецям. Некаторыя вучні прыязджаюць сюды ўжо некалькі разоў запар.

— Знаходзімся ў яднанні з прыродай. Побач аднакласнікі, сябры. Штодзень — захапляльныя мерапрыемствы. Уражанняў з лішкам хапае на год наперад, — падзяліліся Захар Машкоўскі, Аляксей Шышкін, Ганна Мажугіна, Таццяна Міняйлава і Багдан Фёдараў.

Цікава правесці канікулы чавускія навучэнцы могуць не толькі ў аздараўленчых летніках. На базе школ для іх рэгулярна працуюць гульнявыя пляцоўкі. Усюды працягваецца работа аб’яднанняў па інтарэсах, стадыёнаў, бібліятэк. Тройчы на месяц педагогі вывозяць вучняў на экскурсіі.

— Гульнявая пляцоўка працуе бесперапынна. Нядаўна завяршылася дзейнасць лагераў і студатрадаў. Для ўсіх дзяцей летам стараемся знайсці занятак па душы. Актыўна далучаем навучэнцаў да працы. Яны дапамагаюць даглядаць кветнікі і расліны на ўчастку, вырошчваюць агародніну ў школьнай цяп­ліцы, прыводзяць у належны стан падручнікі. Заўсёды чака­юць вучні экскурсійных выездаў. Ра­зам з настаўнікамі нашы хлопцы і дзяўчаты наведалі мемарыяльны комплекс каля вёскі Дрануха і Палац Булгакаў у Жылічах, пабылі ў Мінску. Цяпер плануем адправіцца ў нядаўна адкрыты музей славы Магілёўшчыны, — расказала намеснік дырэктара сярэдняй школы № 2 райцэнтра Людміла Ліпская.

Сярод чавускіх школьнікаў шмат тых, хто хоча правесці лета працуючы. Для такіх навучэнцаў прадугледзелі лагеры працы і адпачынку, студэнцкія і валанцёрскія атрады, вытворчыя брыгады, індывідуальнае працаўладкаванне.

Падлеткі задзейнічаны на добраўпарадкаванні горада і вёсак, аказанні працоўнай падтрымкі лясгасам і сельскагаспадарчым прадпрыемствам.

— Усяго за канікулы аздараўленнем і патрэбнай занятасцю будзе ахоплена звыш 1,7 тысячы вучняў. Увагу ўдзяляем нават дзецям з аддаленых населеных пунктаў. З рознымі святамі, гульнямі, акцыямі туды пастаянна выязджаюць педагогі, — падкрэсліў Дзяніс Нікіфараў. — Агульнымі намаганнямі імкнёмся, каб у кожнага навучэнца лета сапраўды прайшло ярка і запамінальна. Бо тады і ў новы навучальны год дзеці пойдуць з добрым настроем, а вучоба будзе ім у радасць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара