Плячо ў плячо з хлебаробамі: свой уклад у агульны каравай уносіць намеснік дырэктара Таццяна Лук’янчук

- 14:10Новости

Наўрад ці выпускніца псіхолага-­педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Таццяна Лук’янчук калі­-небудзь уяўляла сябе не толькі на настаўніцкай, але і на хлебаробнай ніве. Аднак сёлетні адпачынак намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хаціслаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна праводзіць менавіта так.

Раней Таццяна Рыгораўна праводзіла лета звычайна дома. У вёсцы работы заўсёды хапае, тым больш на 20 сотках уласнага прысядзібнага ўчастка. Сёлета ж з 9 ліпеня педагог працуе падсобным работнікам на зерняскладзе СУП “Хаціслаўскі”.

— Мы прывыклі да хлеба, як да паветра, і часам не заўважаем яго, не думаем пра яго, ды і каштуе хлеб танна, — гаворыць Таццяна Лук’янчук. — І мы нават не ўяўляем, як можа быць інакш. Здаўна жаданых гасцей сустракалі хлебам-соллю, зернем жыта абсыпалі маладых, каб яны жылі дружна і багата. Хлеб — кароткае слова, але колькі сіл і працы патрэбна для таго, каб вырасціць яго. Лёгкага хлеба не бывае.

Таццяна Рыгораўна, усміхаючыся, расказвае, што да работы на зерняскладзе яна далучылася невыпадкова. Жанчына з вясковай сям’і. Яе бацькі ўсё жыццё працавалі на мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Тата шмат гадоў шчыраваў трактарыстам, а падчас жніва абавязкова перасаджваўся за штурвал камбайна. Часта з поля ён вяртаўся вельмі позна, стомлены, але задаволены тым, што дзякуючы і яго рукам на нашым стале будзе хлеб.

Зараз у сельгаспрадпрыемства гарачая пара. Яму асабліва патрэбны рабочыя рукі, бо ўборка ўраджаю — справа адказная і важная. Каб аказаць пасільную дапамогу, жанчына і ўладкавалася на час адпачынку на зернясклад. Ён, лічыць педагог, важнае звяно ўборачнай кампаніі.

На зерняскладзе Таццяна Рыгораўна працуе разам з былымі і сённяшнімі вучнямі. Некаторыя з іх патрабуюць павышанай выхаваўчай увагі, асабліва на канікулах. Сумесная работа дазваляе праводзіць з вучнямі прафілактычныя гутаркі.

— Мы працуем пазменна, ёсць і выхадныя дні, — расказвае Таццяна Лук’янчук. — У асноўным падмятаем тэрыторыю, накрываем збожжа плёнкай ад дажджу, выконваем іншыя даручэнні. Вытворчы рытм патрабуе спрытнасці і хуткасці. Зладжа­насць і выніковасць работы зернясклада залежаць і ад нас.

Таццяна Рыгораўна любіць назіраць, як машыны выгружаюць зерне з кузаваў. Гэта нагадвае залаты зерняпад з прыемным водарам. У такія моманты, па словах жанчыны, разумееш, што залатыя горы — гэта не метафара.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара