Ва ўстановах адукацыі Магілёва і Магілёўскага раёна падрыхтоўка да новага навучальнага года выходзіць на фінішную прамую. Паўсюдна на стадыі завяршэння рамонтныя работы, шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторый. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Грунтоўны падыход
Сярэдняя школа № 39 Магілёва сустракае парадкам і чысцінёй. У абноўленых кабінетах усё гатова да прыёму навучэнцаў. Сёлета тут будуць вучыцца 980 хлопчыкаў і дзяўчынак, 90 з іх сядуць за парты ўпершыню.

— Да абнаўлення школы падышлі грунтоўна, пастараліся стварыць максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы для навучання дзяцей. Поўнасцю абнавілі 74 вучэбныя класы, капітальна адрамантавалі тры санвузлы, выканалі работы па афарбоўцы спартзалы, сталовай, калідораў. Па-новаму аформілі нашы ўнікальныя арт-аб’екты, — паведаміў дырэктар Аляксандр Салавей.
Знакавых адметнасцей у гэтай установе нямала. Летась пад куратарствам выхавальніцы Наталлі Гарбузавай быў створаны этнаграфічны музей, дзе прадстаўлена звыш 100 экспанатаў, якія адлюстроўваюць старадаўні сялянскі побыт беларусаў.

Па ініцыятыве маладой настаўніцы працоўнага навучання Валерыі Любезнай незвычайнае афармленне атрымалі школьныя рэкрэацыі. На сценах з’явіліся маляваныя інсталяцыі, прысвечаныя сімвалам і славутасцям горада, абласцям краіны, творчасці вядомых паэтаў Беларусі.
У свабодным доступе ў вучняў друкаваная перыёдыка і кнігі розных жанраў.
— У найбліжэйшых планах зрабіць у адным з калідораў алею піянераў — герояў Вялікай Айчыннай вайны. Прыдумваем крэатыўныя ідэі, шырока выкарыстоўваем магчымасці будынка для таго, каб на перапынках дзеці бавілі час за карыснай дзейнасцю і пашыралі кругагляд, — расказаў Аляксандр Фёдаравіч.
Актыўна займаюцца ў школе № 39 і добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Прылеглы да школы ўчастак складае амаль тры гектары, выкарыстоўваюць яго рознабакова. Тут ёсць трэнажорная і некалькі спартыўных пляцовак, шматлікія клумбы і нават уласны яблыневы сад.

— Наша ўстанова — удзельнік рэспубліканскага праекта “Зялёныя школы”. Экалагічнае выхаванне навучэнцаў — у прыярытэце, таму нядаўна высадзілі 10 саджанцаў яблыні і 20 кустоў парэчкі. Гэтым летам намаганнямі настаўніц біялогіі Наталлі Косцінай і Алены Зайцавай, а таксама настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ірыны Касцянецкай створаны арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, алея з туй. Дзякуючы настаўніку працоўнага навучання Андрэю Карлаву, на ўчастку пастаянна абнаўляюцца малыя архітэктурныя формы, — заўважыў дырэктар.

Паводле яго слоў, з 1 верасня ў школе на больш высокі ўзровень выйдзе прафарыентацыйная работа з вучнямі. Установа падпісвае дагавор аб узаемадзеянні з Беларускім дзяржаўным універсітэтам харчовых і хімічных тэхналогій і сельскагаспадарчым прадпрыемствам ЗАТ “Агракамбінат “Зара”. Трохбаковае супрацоўніцтва адкрые дадатковыя перспектывы для вучняў профільных груп інжынернай і аграрнай накіраванасці.
— Маем намер удасканальваць прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў. Сумесна з БДУІР вучым старшакласнікаў спецыяльнасці “Наладчык апаратнага і праграмнага забеспячэння”, якая карыстаецца вялікім попытам на рынку працы. Наогул стараемся вызначыць індывідуальную адукацыйную траекторыю для кожнага вучня, дапамагчы ім зрабіць правільны выбар прафесіі, — адзначыў Аляксандр Салавей. — Шэраг праектаў плануем ажыццявіць у рамках выхаваўчай работы. Мы з’яўляемся Школай міру і працягнем далучаць вучняў да міратворчасці, развіваць іх грамадзянскія і патрыятычныя якасці.

Каб адцягнуць навучэнцаў ад гаджэтаў і зацікавіць іх чытаннем, педагагічны калектыў укараніў у рэкрэацыйную прастору прэс-куток і адкрытую бібліятэку.
Выдатныя ўмовы
Дзіцячы сад № 119 Магілёва — самая маладая ўстанова дашкольнай адукацыі ў горадзе. Яркая і сучасная, яна радуе ўсіх жыхароў мікрараёна, у якім размешчана.
— Наша ўстанова была ўведзена ў эксплуатацыю паўтара года назад. Падзея стала значнай. Вакол мноства новабудоўляў, дзе жывуць пераважна мнагадзетныя сем’і. Дашкольную ўстанову ў крокавай даступнасці вельмі чакалі, — падзялілася загадчыца Вольга Лялькова.

Цяпер сад наведваюць 253 выхаванцы. Для хлопчыкаў і дзяўчынак тут створаны выдатныя ўмовы для гарманічнага развіцця. Прасторны трохпавярховы будынак абсталяваны музычнай залай, студыяй выяўленчага мастацтва, пакоем бяспекі. Для фізічнага станаўлення і ўмацавання здароўя дзяцей прадугледжаны басейн, гімнастычная і спартыўная залы.

— Асабліва падабаюцца малышам заняткі ў рэсурсным цэнтры, які аснашчаны мультыбордамі і робатэхнічнымі наборамі. Педагогі распрацавалі аўтарскія гульні, электронны адукацыйны рэсурс, што робіць навучанне неверагодна займальным і цікавым, — адзначыла Вольга Барысаўна.
Вялікую ўвагу ва ўстанове ўдзяляюць фарміраванню грамадзянска-патрыятычнай культуры выхаванцаў.
Згуртаваны калектыў працуе і над добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. У рамках будаўніцтва ўчастак быў абсталяваны шматфункцыянальнымі спартыўна-гульнявымі комплексамі. Педагогі мэтанакіравана займаюцца азеляненнем, ствараюць ландшафтныя кампазіцыі.

— У нас цудоўная матэрыяльная база, імкнёмся падтрымліваць яе ў належным стане. Пакуль падрыхтоўка да чарговага навучальнага года заключалася толькі ў гэтым, — сарыентавала загадчыца. — А вось у добраўпарадкаванні клопатаў хапае. Будзем далей акультурваць тэрыторыю, каб яна была такой жа маляўнічай і прыгожай, як будынак дзіцячага сада.

Уласнаручна педагогі стварылі тэматычны міні-цэнтр, які наглядна знаёміць дзяцей з нацыянальнымі традыцыямі, беларускімі народнымі звычаямі і рамёствамі.
Пазітыўныя тэндэнцыі
У чаканні звонкіх дзіцячых галасоў знаходзіцца і Камінтэрнаўская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Ва ўстанове ўжо атрымалі пашпарт гатоўнасці да новага навучальнага года.

— Завяршыць рамонт у кароткія тэрміны змаглі дзякуючы зладжанасці і адзінству. У падрыхтоўцы быў задзейнічаны ўвесь педагагічны калектыў. Сумеснымі намаганнямі істотна абнавілі вучэбныя кабінеты, спартыўную і абедзенную залы. Уклад у агульную справу ўнеслі навучэнцы: летам яны працавалі на карысць навучальнай установы ў складзе дзвюх вытворчых брыгад. Дапамогу аказвалі і бацькі, — растлумачыла дырэктар Ірына Нікалаева.
У школе будзе пашыраны і даўкамплектаваны тэхналагічным абсталяваннем харчаблок, зроблены сучасны кабінет абслуговай працы і новыя санвузлы, заменена электраправодка, абноўлена ўваходная група і запасныя выхады.
— Будынку школы больш як шэсцьдзясят гадоў. Рэканструкцыя даўно неабходна, асобныя памяшканні маюць патрэбу ў пашырэнні. Апошнім часам назіраем пазітыўную тэндэнцыю да павелічэння колькасці вучняў. У аграгарадку будуюцца шматкватэрныя дамы, да нас прыязджаюць маладыя сем’і з дзецьмі. Сёлета набіраем адразу два 1-я класы, а ўсяго за парты сядуць больш за 220 навучэнцаў. Значную частку хлопчыкаў і дзяўчынак падвозім на ўрокі з суседніх вёсак, — расказала Ірына Якаўлеўна.

Адукацыйны працэс у школе будзе ажыццяўляцца сіламі 24 педагогаў. Сярод іх двое маладых спецыялістаў. Літаральна праз пару тыдняў ва ўстанову прыбудзе малады настаўнік геаграфіі з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
— Маладыя кадры падтрымліваем у прафесійным станаўленні, садзейнічаем у забеспячэнні іх арэндным жыллём. Пра сваю будучую змену клапоцімся загадзя, матывуем на педагагічныя спецыяльнасці сваіх вучняў. Ёсць і вынікі: хутка двое нашых выпускнікоў вернуцца ў родную школу настаўнікамі, — падкрэсліла дырэктар.

Рамонт у школе поўнасцю скончаны. А вось тэрыторыю калектыў працягвае добраўпарадкоўваць. Улетку тут зрабілі шэраг кветнікаў, заклалі алею з туй. Цэнтральнае месца на ўчастку заняў імправізаваны сельскі дворык, які стаў прывабнай зонай адпачынку. Яго стварэннем займаліся дзеці сумесна з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Валянцінам Грамыкам, настаўніцамі пачатковых класаў Алай Кавалёвай і Валерыяй Патапцавай.
***

Начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Асмалоўская:
— На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі горада да новага навучальнага года выдаткавана звыш 23 млн рублёў. У дзвюх школах і чатырох дзіцячых садах ажыццяўляюцца капітальныя рамонты, у астатніх установах — неабходнае касметычнае абнаўленне. Акрамя рамонтных работ, праводзіцца закупка новай вучэбнай мэблі, надворных спартыўных і гульнявых комплексаў, тэхналагічнага абсталявання для харчаблокаў.
Пакуль установы адукацыі аператыўна рыхтуюцца да Дня ведаў, працягваецца аздараўленне дзяцей. Для вучняў працуюць разнастайныя летнікі і гульнявыя пляцоўкі, арганізавана актыўная занятасць. Прадугледжана і працаўладкаванне: функцыянуюць адпаведныя лагеры, студэнцкія і валанцёрскія атрады, вучнёўскія брыгады. Усяго за летнія канікулы карысным адпачынкам будуць ахоплены больш за 11 тысяч навучэнцаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





