Як школьнікі Ляхавіччыны дапамагаюць рабочым зялёнага будаўніцтва

- 11:10Новости

Лагер працы і адпачынку «Авантаж» сярэдняй школы № 1 Ляхавіч аб’яднаў падлеткаў, якія выказалі жаданне папрацаваць рабочымі зялёнага будаўніцтва. На 15 дзён навучэнцы працаўладкаваліся ў ляхавіцкую ЖКГ, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».  

Кожны дзень у лагеры пачынаецца з хвілінкі бяспекі альбо хвілінкі здароўя. Пасля снедання школьнікі працуюць на працягу 4 гадзін з невялікімі перапынкамі на адпачынак. Выконваюць работы па азеляненні, разбіўцы і доглядзе кветнікаў, газонаў, афарбоўцы плота, чыстцы тратуарных дарожак.

Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні горада навучэнцы сумяшчаюць з насычанай інфармацыйна-асветніцкай і забаўляльна-спартыўнай праграмай. Лагерная змена мае грамадзянска-патрыятычны кірунак. Педагогі разам з вучнямі рэалізуюць праект «Wеb. Карта. Беларуса».

— Адной з задач лагера з’яўляецца выхаванне грамадзяніна і патрыёта. А для гэтага неабходна ведаць культурна-гістарычную спадчыну роднага краю, традыцыі і звычаі нашага народа, яго мінулае і сучаснасць, — адзначае дырэктар лагера Таццяна Абражэвіч. — Таму ў рабоце змены вылучаюцца тэматычныя дні, мэта якіх фізічнае і псіхалагічнае аздараўленне выхаванцаў і набыццё імі новага сацыяльнага і асобаснага вопыту. Юныя патрыёты падарожнічаюць па сваёй краіне, даведваюцца розную інфармацыю пра вялікую і малую радзіму. А напрыканцы для падлеткаў будзе праведзены залік, падчас якога яны прадэманструюць свае веды. Па выніках гэтага заліку кожны атрымае «Wеb. Карту. Беларуса».

Сумаваць у вольны ад работы час падлеткам, сапраўды, не даводзіцца. Кожны дзень — цікавы і змястоўна насычаны. У лагеры прайшлі інтэлектуальнае шоу «Ад першых слоў да вялікіх тамоў», спартыўная эстафета «Ганаруся роднымі сімваламі», экскурсія-фотасесія «Палаца-паркавыя ансамблі Ляхавіччыны», быў арганізаваны прагляд і абмеркаванне фільма «У бой ідуць адны старыя», аформлены стэнд «Героі Айчыны — нашы землякі».

Яркія ўражанні ў межах інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху: НЕсумнае лета — НЕсумныя сустрэчы» пакінула размова са старшынёй Ляхавіцкай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л. Хмарук, сакратаром раённай арганізацыі БРСМ А. Дземідовіч, са старшынёй раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Н. Ісаханавай.

Таксама былі праведзены экскурсіі «У свеце цікавых прафесій» на мясцовыя заводы (малочны, кансервавы, льнозавод), у ляхавіцкі лясгас, у Дараўскі дом рамёстваў. Навучэнцы наведалі музей раённага аддзела ўнутраных спраў, адбылася гутарка з супрацоўнікамі Дэпартамента аховы. Вялікі эмацыянальны водгук знайшла сустрэча школьнікаў са свяшчэннаслужыцелем айцом Максімам, экскурсія «Святыя месцы роднай зямлі».

— Лагер працы і адпачынку — гэта эфектыўная форма летняй занятасці школьнікаў. Выхаванцы атрымалі не толькі ўнікальны працоўны вопыт, але і пазнаёміліся з новымі людзьмі, даведаліся пра тую ці іншую прафесію, адпачылі. І, канечне ж, добрым бонусам да ўсіх уражанняў з’яўляецца заработная плата. Грошы не такія і вялікія, але для школьнікаў важна, што яны зарабілі іх самастойна, — падкрэслівае Т. Абражэвіч.

— Сёлета ў раёне запланавана аздаравіць 780 дзяцей. На канец ліпеня ў лагерах з дзённым знаходжаннем адпачылі 295 выхаванцаў, з кругласутачным — 260, — расказвае начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Марыя Саракавік. — Пад увагай знаходзяцца дзеці з мнагадзетных сем’яў, дзеці ўразлівых катэгорый. Прышкольныя лагеры актыўна працавалі ў чэрвені на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ЦКРНіР. У ліпені на базе сярэдняй школы № 1 дзейнічалі выхаваўча-аздараўленчы лагер «Светлячок», дзе рэалізоўвалася тэматычная змена «Тэрыторыя права» і лагер працы і адпачынку «Авантаж». На працягу ўсяго лета працуе стацыянарны лагер з кругласутачным знаходжаннем «Чайка». Гэты лагер карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод дзяцей і падлеткаў.  Тут запланавана аздаравіць 420 дзяцей за пяць змен, кожная з якіх мае тэматычны напрамак. Напрыклад, трэцяя называлася «Кінакампанія «Чайка» і мела культурна-забаўляльны кірунак. Кожны корпус уяўляў сабой кінастудыю, дзе былі «Беларускія зоркі», «Энергетык», «Кадры». Чацвёртая змена — аграрна-прамысловая з «Зажынкамі» падчас адкрыцця і «Дажынкамі» на падвядзенні вынікаў. Для школьнікаў прадугледжаны сустрэчы з прадстаўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і кіраўнікамі АПК раёна. У лагеры дзейнічае свая валюта — чайкоіны, якія можна выдаткаваць, каб адпачыць ад ранішняй зарадкі ці прадоўжыць вячэрнюю дыскатэку. У «Чайцы» пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі працуе студэнцкі педагагічны атрад «Партызаны Талаша».

У падрыхтоўку лагера «Чайка» да аздараўленчага сезона з рэспубліканскага і раённага бюджэтаў укладзена больш за 20 тыс. рублёў. Не засталіся ў баку і спонсары. Зроблены бягучы рамонт трох карпусоў, адрамантаваны дах у харчаблоку і набыты неабходны кухонны інвентар. Адным словам, дарослыя прыклалі ўсе намаганні для таго, каб дзіцячы адпачынак быў бяспечным, камфортным і здаровым.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара