Наведаць унікальны музей “Птушкі Беларусі і прамысловая птушкагадоўля” прапануюць педагогі Краснадворскай сярэдняй школы Салігорскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У Салігорску прамысловы турызм развіваецца даўно і актыўна. Але не толькі з дзейнасцю сусветнавядомага “Беларуськалія” могуць азнаёміцца арганізаваныя групы турыстаў, у тым ліку настаўнікаў і вучняў. Побач з горадам знаходзіцца яшчэ адзін флагман айчыннай прамысловасці — Салігорская птушкафабрыка. Прадпрыемства — па вядомых прычынах аб’ект закрыты, таму трапіць на яго тэрыторыю, а тым больш убачыць працэс вытворчасці можа далёка не кожны.
Паколькі жадаючых атрымаць адказ на адвечнае пытанне, што было спачатку — курыца або яйка, шмат, у 2016 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара птушкафабрыкі Барыса Іванавіча Зінчука ў Краснадворскай сярэдняй школе быў адкрыты экалагічны музей, да гэтага з 2009 года ён дзейнічаў як музейны пакой. Месца размяшчэння экспазіцыі выбралі невыпадкова: прадпрыемства з’яўляецца шэфам установы адукацыі і знаходзіцца літаральна за яго агароджай.

— Па назве музея зразумела, што ён складаецца з дзвюх частак. Першая знаёміць з арніталагічнай разнастайнасцю нашай краіны, а другая — з прамысловай птушкагадоўляй, дзейнасцю фабрыкі, — пачала аповед загадчыца музея Людміла Сацкевіч.
Арніталогія для Людмілы Васільеўны да моманту стварэння музея была справай малазнаёмай. Ёй як настаўніцы біялогіі больш падабалася вывучаць расліны, аднак ад прапановы прыняць удзел у стварэнні птушынага музея і ўзначаліць яго не адмовілася.
Цяпер, калі слухаеш педагога, можа падацца, што экскурсію праводзіць не проста настаўніца біялогіі, а вучоны-арнітолаг. Вобразна, з параўнаннямі, эпітэтамі, цікавымі фактамі з жыцця птушак, асаблівасцямі іх характару — так яна знаёміць наведвальнікаў з чароўным птушыным светам.
— Вы ведалі, што многія беларускія буслы зімуюць у Егіпце, а, напрыклад, лебедзі і нават некаторыя совы ствараюць пары на ўсё жыццё. Называецца гэта манагаміяй. А вось глушэц — палігамны, што і нядзіўна. Паглядзіце, якія ў самца вялікія яркія бровы. Любая самачка зверне на іх увагу, — захапляльна, з ноткамі гумару праводзіць экскурсію Людміла Васільеўна.
Для кожнага ўзросту наведвальнікаў у яе свой падыход. Для малодшых школьнікаў — аглядная экскурсія, а для вучняў 8 класа, якія на ўроках біялогіі якраз вывучаюць птушак, аповед дапаўняецца шматлікімі навуковымі звесткамі, тэрмінамі, пытаннямі. Як прызналася настаўніца, калі дзеці правільна адказваюць, а тым больш калі самі задаюць дадатковыя пытанні экскурсаводу, то яе душа радуецца — значыць, экскурсія ім цікавая! Людміла Васільеўна не толькі паспяхова выхоўвае ў дзяцей любоў да роднай прыроды, але і ўласным прыкладам дапамагае вызначыцца з будучай прафесіяй. Некаторыя яе вучні сталі біёлагамі, а, напрыклад, Аляксандр Кусянкоў працуе заатэхнікам-селекцыянерам на птушкафабрыцы.

— Падчас знаёмства з раздзелам “Дзённыя і начныя драпежныя птушкі” расказваю, што іх відавы склад вельмі разнастайны. Падрабязна спыняюся на характарыстыцы савы балотнай, пугача, — працягвае знаёміць з адметнасцямі музея настаўніца. — Наступны раздзел — “Вадаплаўныя птушкі”. Тут самая багатая калекцыя. Звярніце ўвагу на імправізаваны вадаём, на якім сядзіць лысуха. Гэтая чорная птушка з белай дзюбай будуе гняздо літаральна на вадзе. Тут і лебедзь, а побач адзін з сімвалаў Беларусі — бусел. Пераходзім да птушак лесу: глушэц, цецярук, рабчык, курапатка. Асобна вядзём аповед пра птушак антрапагеннага ландшафту — сароку, каўку, шэрую варону, крумкача.
Мэта дзейнасці школьнага музея — не толькі знаёмства вучняў з чароўным птушыным светам Беларусі, выхаванне любові да роднай прыроды, але і прафесійная арыентацыя.
Менавіта гэта стала адной з прычын адкрыцця другой залы, прысвечанай птушкагадоўлі.
Тут і гісторыя Салігорскай птушкафабрыкі, і аповед пра яе прадукцыю, у першую чаргу курыныя і перапяліныя яйкі.
— Паглядзіце на гэты цуд прыроды, — трымаючы ў руках невялікае стракатае яйка, гаворыць Людміла Васільеўна. — У ім не толькі шмат карысных для нашага арганізма элементаў. Кожны малюнак на перапяліным яйку ўнікальны, не падобны на іншыя.

Як арганізавана вытворчасць на птушкафабрыцы, якое там выкарыстоўваецца абсталяванне, колькі яек за дзень можна знесці курыца і, нарэшце, што было спачатку: курыца або яйка — адказы на ўсе гэтыя пытанні вы можаце атрымаць падчас наведвання ўнікальнага школьнага музея.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





