Беларускае выдавецтва выпусціла зборнікі тэстаў для падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Старт продажу пачнецца 11 жніўня

- 11:56Новости

Намеснік дырэктара па маркетынгу і камерцыйнай дзейнасці выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Настасся Радзікевіч расказала пра кніжныя навінкі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».  

— Мы ўпершыню выпусцілі зборнікі тэстаў для падрыхтоўкі да ЦТ і ЦЭ з заданнямі, якія выконвалі на іспытах сёлетнія выпускнікі і абітурыенты. Зборнікі падрыхтаваны па 15 вучэбных дысцыплінах. У іх увайшлі актуальныя заданні, якія адпавядаюць апошнім патрабаванням ЦЭ і ЦТ, — адзначыла Н. Радзікевіч.

Старт продажу пачнецца 11 жніўня. Набыць выданні можна будзе як у кніжных магазінах, так і на сайце выдавецтва.

— Акрамя таго, на сайце мы зрабілі асобны падраздзел, дзе размяшчаем літаратуру, з якой абітурыент можа папрацаваць, каб якасна адказаць на пытанні тэстаў, — дадала намеснік дырэктара.

У гэтым годзе традыцыйна ўсе першакласнікі краіны атрымаюць кнігу «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку», работа над якой вялася ў выдавецтве.

— Кніга пачынаецца з прывітальнага слова Прэзідэнта, змяшчае шмат інфаграфікі, прыгожых малюнкаў, а таксама элементы дапоўненай рэальнасці, якая дапамагае лепш зразумець матэрыял. Галоўнае, што мы нагадваем: Беларусь — гэта мы, — падкрэсліла Н. Радзікевіч.

Настаўнікам пачатковых класаў дапамогу ў арганізацыі і правядзенні заняткаў па асновах бяспекі жыццядзейнасці акажа «Практыкум», выпушчаны да новага вучэбнага дапаможніка для 3-га класа «Асновы бяспекі жыццядзейнасці».

У серыі «Я ганаруся» пабачыла свет кніга «Узнагароды Вялікай Айчыннай вайны». Выданне добра ілюстравана, з магчымасцямі дапоўненай рэальнасці, з выхадам на аўдыяверсіі тэкстаў, якія агучаны прафесійнымі артыстамі, выйшла яно на беларускай і рускай мовах.

Яшчэ адна навінка — кніга «Дзецям пра інфармацыйную бяспеку» з цыкла «Проста аб галоўным», якая дасць адказы на пытанні пра тое, якія небяспекі могуць чакаць дзяцей у інтэрнэце, як навучыцца абараняць сябе, свае персанальныя даныя, рэпутацыю і асабістую прастору. Сумесна з Беларусбанкам было падрыхтавана некалькі разваротаў пра розныя віды махлярства ў інтэрнэце. Плануецца, што да пачатку верасня кніга з’явіцца ў продажы. Яна будзе карысная не толькі ў вучэбным працэсе, але і для дамашняга чытання разам з бацькамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ