Штомесячны дадатак да «Настаўніцкай газеты» выйдзе ў свет 8 жніўня.
Даверлівыя ўзаемаадносіны ў сям’і і размова па душах з уласным дзіцем — лепшая прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці. У гэтым упэўнена педагог-псіхолаг Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Валянціна Меліхава. Па меркаванні Валянціны Юр’еўны, «няма чужых дзяцей і не можа быць абыякавасці», калі мы хочам выхаваць дастойнае пакаленне.

— Сям’я — апора для дзіцяці. Калі яно адчувае дома павагу, давер і бяспеку, то, па маім вопыце, у 99 працэнтах выпадкаў не трапіць у нядобранадзейную сітуацыю, не здзейсніць правапарушэнне. У сям’і не месца скандалам, усё можна вырашыць шляхам даверлівай гутаркі, — падкрэслівае спецыяліст.
Як дапамагчы школьнікам адаптавацца ў новым калектыве, расказвае псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка Ілляна Мацвіенка. Тут павінны актывізавацца бацькі і педагогі. Менавіта ўвага дарослых да міжасобасных адносін унутры класа дазваляе заўважаць прыметы ізаляцыі або канфліктаў, не дапускаць пагаршэння цяжкіх сітуацый.
У сваёй рабоце педагог-псіхолаг Дзяржынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Марыя Мардухай спалучае шэраг метадаў, накіраваных на аказанне эфектыўнай псіхалагічнай дапамогі падлеткам, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі.
— У сваёй практычнай дзейнасці я часта выкарыстоўваю арт-тэрапеўтычныя методыкі, — дзеліцца вопытам спецыяліст. — Яны дазваляюць дзіцяці расслабіцца і сфарміраваць навык канструктыўнага пазбаўлення ад лішняга напружання.
Да ўвагі чытачоў «Настаўніцкай газеты» — новая рубрыка «Клуб усвядомленага бацькоўства» і вопыт работы педагога-псіхолага Рэчыцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ігара Маліноўскага. Спецыяліст расказвае пра выпадкі з практыкі і разважае на тэму, ці трэба вучыць быць бацькамі. Галоўная роля бацькоў — зрабіць дзіця самастойным, аўтаномным і незалежным, упэўнены Ігар Мікалаевіч.
Прыемнага чытання, шаноўныя педагогі!
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара





