Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Кіраўскай сярэдняй школы імя У.Ц. Курыленкі з Віцебскага раёна Сяргей Залескі сем гадоў запар сустракае жніво ў полі на камбайне. Летні інтэнсіў на камбайне педагог лічыць найлепшым спосабам актыўнага адпачынку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Усё маё дзяцінства было сельскагаспадарчым, — гаворыць педагог. — Я вясковец, вырас у Вялікіх Лётцах. Мой бацька звязаны з аграрнай сферай: некалі кіраваў калгасам імя У.С.Краева, цяпер — вядучы інжынер фермерскай гаспадаркі “ЭкаБазіс” у нашым раёне. Дома — добры прысядзібны ўчастак, уласны трактар. З тэхнікай, колькі сябе памятаю, мы на ты. Пра тое, як вадзіць і рамантаваць, меў уяўленне калі не з пачатковай школы, то з сярэдняй дакладна. Зразумела, што і самастойна сесці за руль хацелася. Бацька падобную самадзейнасць забараняў і ў той жа час разумеў мае памкненні. Таму, як толькі я дасягнуў падыходзячага ўзросту, грозна загадаў: “Глупствам не займайся, трэба здаць на правы!” Я без праблем вывучыўся і здаў, дапамагаў на трактары сям’і, суседзям.
Падчас вучобы ў ВДУ імя П.М.Машэрава студэнт уладкоўваўся летам працаваць у фермерскую гаспадарку, да бацькі.
— У мяне былі канікулы, пэўныя ўменні і нежаданне сядзець склаўшы рукі, калі можна зарабіць грошы, — усміхаецца настаўнік-камбайнер. — Спачатку адвозіў раніцай механізатараў у поле і прывозіў назад увечары, на працягу дня дапамагаў па неабходнасці. Іншымі словамі, мая місія была “прынясі — падай” плюс пасільны ўдзел у рамонце. Але гэта было для мяне навучанне, прычым на практыцы. Аднойчы спатрэбілася тэрмінова замяніць камбайнера. Тэхніка стаяла, а спрыяльныя па надвор’і дні на вагу золата. Паколькі я крыху разбіраўся ў камбайнах, мяне пасадзілі за штурвал. Прыгледзеліся, як у мяне атрымліваецца. Праз тыдзень, калі ў гаспадарцы завяршылі жніво, мяне паставілі перад фактам: “Усё нармальна, малайчына! З наступнага лета працуеш у нас камбайнерам”. Я і не адмаўляўся. Між тым я тады ўжо ў школе настаўнічаў.
У педагагічным калектыве да працоўнага захаплення маладога калегі аднесліся прыхільна. Дырэктар школы Вольга Арцёменка з той пары штогод стараецца, каб водпуск у Сяргея Залескага заканчваўся бліжэй да канца жніўня — у адпаведнасці з графікам жніва. У пачатку ліпеня настаўнік ужо рыхтуе камбайн.
— Ёсць такі фільм “Я худзею”, там маю другую прафесію жартам называюць “менеджар па кіраванні складанай зернеўборачнай машынай”, — каменціруе суразмоўнік. — Прыземлена гэта гучыць — механізатар. А мне падабаецца праца на зямлі, магчыма, не менш за настаўніцкую. Гэта змена дзейнасці, мой летні актыўны адпачынак. У залатых жнівеньскіх палёў ёсць свая магія і рамантыка, непаўторная атмасфера, асабліва калі добры ўраджай і едзеш без паломак. Ад цямна і да цямна ты на рабоце — незалежна ад пагодных умоў, бо пры любым надвор’і тэхніка патрабуе догляду, праверкі. Найперш я раблю вільготнае прыбіранне ў кабіне, дзе ў жніво праводжу больш часу, чым дома ў ложку. Адпаведна, хочацца, каб на рабочым месцы ўсё было ў парадку, прыгожа і прыбрана. Тысячнага камбайнерскага выніку я пакуль не дасягнуў, бо ў нас параўнальна невялікая гаспадарка, але 700 тон у свой лепшы сезон намалаціў. Сёлета паглядзім.
Вучні Сяргея Васільевіча таксама ў курсе, што іх настаўнік яшчэ і вопытны камбайнер.
— Дзеці цікавяцца, кожнае лета ёсць нават жадаючыя паехаць на поле, каб паглядзець, як я працую, — прызнаецца Сяргей Залескі. — Ім і пракаціцца на камбайне хочацца, аднак адразу паказваю надпіс: “Перавозка пасажыраў забаронена”. Затое пасадзіць у кабіну, калі перапынак ці камбайн на мехдвары, даць патрымацца за руль, кнопкі памацаць — гэта можна. Камбайн сучасны: абстаноўка ў кабіне выклікае здзіўленне і захапленне, у малых вочы гараць. Такія памкненні дзяцей трэба заахвочваць, замацоўваць у намеры. Можа, у кагосьці зернейка зацікаўленасці вырасце ў прафесію. Маё прызванне ўсё ж у школе. Разам з тым у дзяцінстве мяне таксама зацікавілі сельскагаспадарчай працай, і вось да чаго гэта прывяло ў дарослым жыцці.
Арыенцірамі ў прафесіі для мяне сталі мае школьны настаўнік Сяргей Лобачаў і трэнер па баскетболе Васіль Сазонік — легендарная асоба, сапраўдная зорка ў рэгіянальнай спартыўнай прасторы.
У педагагічнай дзейнасці наш герой паказвае аналагічны грунтоўны падыход і дастойныя вынікі.
— Са школы пасябраваў са спортам, у прыватнасці, з баскетболам, — адзначае настаўнік. — Мы з сябрамі, памятаю, увесь час былі ў руху: то ў футбол, то ў іншыя камандныя гульні гулялі, то плавалі. У студэнцтве да баскетбола ў мяне дабавілася спецыялізацыя па плаванні, хаця баскетболам ніколі не пераставаў і працягваю займацца. Яшчэ ў дзіцяча-юнацкай спатршколе нашага раёна працую трэнерам па гэтым відзе спорту. Што тычыцца сярэдняй школы, то ў нас склалася выдатная педагагічная каманда. З дзецьмі займаемся разам. Нашы вучні з ахвотай і да мяне ў секцыю ходзяць, і да калег. Як вынік, трымаемся ў лідарах на раённых спаборніцтвах, неаднойчы перамагалі на абласных. На трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі мая вучаніца атрымала дыплом. Летась з’ездзілі на першынство Беларусі па стрытболе і занялі 5-е месца. Перспектывы, як мне бачыцца, добрыя, пастаянна прырастаем па выніковасці. Акрамя таго, захапляюся паляваннем — вясной і ўвосень, у сезон. Люблю ў вольны час сустракацца з сябрамі. Тут, у прынцыпе, усё ідзе з дзяцінства: моцнае сяброўства, узаемная падтрымка, мы за любы пазітыўны рух, каб не сумаваць без справы. Гэтаму і нашых дзяцей вучым.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





