Яшчэ нядаўна ў гарадскім лясным масіве са складаным рэльефам, дзе бяжыць ручай Мышка, была дзікая тэрыторыя. Сёння тут камфортная паркавая зона, аформленая на тэму беларускай літаратуры, з канцэптуальнымі лаўкамі, дзіцячай гульнявой і спартыўнай пляцоўкамі. Фішка парку — “Алея паэтаў” з вялікімі інфармацыйнымі стэндамі, з якіх на нас глядзяць майстры беларускага слова, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дарэчы, праект “Сад вершаў” — гэта пераможца конкурсу “Мінская змена — 2024”. Новы ландшафтны парк увасабляе любоў да роднага слова і стварае асаблівую атмасферу адпачынку для наведвальнікаў.
Сюды мы зазірнулі ў гарачы жнівеньскі поўдзень і, нягледзячы на тое, што быў будны дзень, знайшлі там нямала адпачывальнікаў. Здаецца, гэта павінны былі быць мясцовыя жыхары, але, на дзіва, сустракаем тут Марыю Іванаўну Куліненка з падмаскоўнага горада Адзінцова, якая гуляе па паэтычным садзе са сваім унукам Львом.

— Толькі прыехалі ў Беларусь і адразу трапілі ў новы “Сад вершаў”, — усміхаецца расіянка, якая, як высветлілася, нарадзілася ў Брэсцкай вобласці. — Ужо больш за 30 гадоў я жыву ў Расіі, але беларускае слова добра памятаю, лічу, што родная мова закладзена ў генетычным кодзе. Пра беларускіх пісьменнікаў і паэтаў расказваю ўнуку, які хутка пойдзе ў 2 клас. Кажу яму, што ён беларус і не павінен забываць свае карані. Добра, што парк размешчаны на адлегласці ад вялікіх аўтамабільных дарог. Тут, у цішыні і ў цені алей, нават у гарачы дзень прыемна прайсціся ў “кампаніі” паэтаў. А можа, і пазагараць на палянцы.

Сапраўды, на “Алеі паэтаў” дарослыя могуць успомніць свае любімыя вершаваныя радкі, а школьнікі — даведацца нешта новае з біяграфіі Коласа, Купалы, Цёткі і іншых паэтаў, а потым здзівіць сваю настаўніцу на ўроку літаратуры. Напрыклад, тым, што Мікола Гусоўскі быў заснавальнікам жанру ліра-эпічнай паэмы ва ўсёй Усходняй Еўропе, а сапраўднае імя Цёткі — Алаіза Пашкевіч. Дарэчы, пачынаецца алея менавіта з Міколы Гусоўскага, найстарэйшага прадстаўніка беларускай літаратуры, а потым з кожным стэндам паэты “маладзеюць”. Усяго іх 15.
У “Саду вершаў” вялікі адукацыйны патэнцыял. Тут мы сустрэлі цэлы клас дзяцей з аднаго з летніх лагераў Мінска, якія, набегаўшыся на пляцоўцы, адправіліся з настаўніцай гуляць па “Алеі паэтаў”. А настаўніца пачатковых класаў і кіраўнік міжшкольнага выхаваўча-аздараўленчага лагера Таццяна Кобер са сталічнай сярэдняй школы № 213 Маскоўскага раёна падзялілася з намі ўражаннямі ад прагулкі па літаратурным парку, дзе яна з вучнямі была некалькі дзён назад.
Месца ўтульнае, сучаснае. Вельмі здзівіла сама ідэя стварыць такі парк, нічога падобнага ў горадзе раней не было.
— Спачатку ў гэты парк я трапіла з уласнымі дзецьмі, якія таксама школьнікі. Ім вельмі спадабалася, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — А потым вырашыла прывесці сюды і вучняў. Думаю, тут мы былі не апошні раз, бо наперадзе яшчэ ўвесь жнівень, а потым восень — у “Садзе вершаў” можна праводзіць заняткі па беларускай літаратуры ці іншых прадметах, а таксама класныя гадзіны.
Не магу не адзначыць імправізаваную вулічную бібліятэку — альтанку і побач паліцы з кнігамі, якімі можна абменьвацца: пакінуць свае і ўзяць пачытаць тое, што прынеслі папярэднія аматары літаратуры. Моладзь называе гэта буккросінгам. Цікава, што тут стаяць не толькі кнігі па беларускай літаратуры, але і сусветная класіка. У альтанцы з вучнямі можна праводзіць літаратурныя віктарыны, а ў парку — тэматычныя квесты.

Пасля дажджлівага лета сіноптыкі абяцаюць нам цёплы верасень — па парку можна будзе гуляць у любімы сезон паэтаў — восень. Нават лаўкі тут канцэптуальныя: вялікія, па-дызайнерску аформленыя, яны маюць QR-коды, па якіх можна даведацца пра цікавыя факты з беларускай літаратуры.

Таксама ў “Садзе вершаў” ёсць зоны для ціхага адпачынку, масавых мерапрыемстваў і нават месца для катання на санках ці цюбінгах зімой. Дзіцячая пляцоўка зроблена з дрэва, пад нагамі — мяккі пясок, усё ў прыродным стылі. На ўваходзе наведвальнікаў сустракае вялікі надпіс “Сад вершаў”, выкладзены з камянёў. Дарэчы, ва ўсім парку прадугледжана безбар’ернае асяроддзе. І галоўнае — праект яшчэ не завершаны, стваральнікі падумваюць адкрыць тут, напрыклад, ландшафтны тэатр ці спецыяльныя зоны для творчасці. Пажывём — пабачым. Важна, што парк усяго за некалькі тыдняў існавання ўжо палюбіўся мінчанам і гасцям сталіцы.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА








