Профільныя змены плануюць арганізаваць для сталічных навучэнцаў 10-х класаў на асенніх канікулах

- 11:10Новости

Новы прафарыентацыйны праект быў прадстаўлены падчас Мінскага гарадскога адукацыйнага форуму педагагічных работнікаў «Сталічная адукацыя: час канструктыўнага ўзаемадзеяння і развіцця», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Сёння ў горадзе створаны ўмовы, якія дазваляюць кожнаму дзіцяці знаходзіць свой вектар развіцця, асвойваць шляхі атрымання запатрабаваных ведаў і прымяняць іх на практыцы, — адзначыла старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна. — У дзіцячых садах паступальна павялічваецца колькасць гурткоў і секцый, дзякуючы чаму амаль 100 % выхаванцаў наведваюць дадатковыя заняткі ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі і патрэбамі. Сістэмай дапрофільнай падрыхтоўкі ахоплена больш за 50 % навучэнцаў школ і гімназій. У спалучэнні з актыўнай прафарыентацыйнай работай гэта дазваляе дзецям пасля заканчэння 9-га класа зрабіць далейшы выбар. Каля 40 % выпускнікоў другой ступені выбіраюць шлях у прафесію. Гэта стала магчымым дзякуючы вырашэнню ключавых пытанняў удасканалення работы сталічных каледжаў у апошнія гады, што павысіла прэстыж і запатрабаванасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў моладзі. А на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі папулярнасць у навучэнцаў усё больш набываюць профільныя класы прафесійнай накіраванасці. Дзякуючы супрацоўніцтву школ і гімназій з УВА і профільнымі прадпрыемствамі гэтыя класы прывабныя для старшакласнікаў. Акрамя таго, яны забяспечваюць для многіх бясшвовы пераход да навучання ва УВА.

Яскравы прыклад, які дэманструе паспяховасць гэтага падыходу, — уступная кампанія 2025 года. 65 % мінскіх выпускнікоў першых інжынерных класаў сталі студэнтамі тэхнічных універсітэтаў.

Як адзначалася, у горадзе пашырана сетка класаў прафесійнай накіраванасці, з’явіліся інжынерна-экалагічныя, авіяцыйныя, чыгуначныя, класы «Юны пракурор». Па меркаванні М. Ільіной, сёння неабходна шукаць дадатковыя рэсурсы і новыя фарматы ў прафарыентацыйнай рабоце. Адна з прапаноў — у гарадскога савета дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

— Эфектыўным будзе правядзенне асенніх профільных змен для навучэнцаў 10-х класаў ва ўмовах кааперацыі школ і гімназій унутры кожнага раёна, — лічыць дырэктар гімназіі 24 Мінска Таццяна Лукша. — Работа лагера павінна прадугледжваць кожны дзень новыя формы і віды прафесійнага ўзаемадзеяння, такія як фестывалі, дыялогавыя пляцоўкі са спецыялістамі розных галін эканомікі, наведванне прадпрыемстваў і арганізацый — заказчыкаў кадраў для азнаямлення з работай рэальнага сектара эканомікі, заняткі ў лабараторыях, правядзенне майстар-класаў выкладчыкамі і студэнтамі. Навучэнцы змогуць праявіць сябе на практыцы і зразумець, наколькі гэтая прафесія ім падыходзіць. А сумесная агульнагарадская сустрэча лагераў прафесійнай накіраванасці (напрыклад, на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі) завершыць работу профільнай змены і будзе садзейнічаць абмену вопытам. Такая форма арганізацыі работы дапаможа навучэнцам 10-х класаў на старце іх прафесійнага навучання, стане трывалай базай для будучай прафесіі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара