Робасабакі і эксперыменты з вадкім азотам: чым здзіўляў Фестываль навукі — 2025

- 16:14Репортаж

Якія хітрасці і прыёмы астраномаў перакачавалі ў камеры смартфонаў, якія магчымасці ў біянічнай рукі, даведаліся госці Фестывалю навукі — 2025, што адбыўся ў Цэнтральным батанічным садзе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Афіцыйны старт фестывалю дало ўрачыстае… разбіванне стужкі. Яе загадзя змясцілі ў вадкі азот, дзякуючы чаму і атрымаўся такі эфект.

Неабходна папулярызаваць навуку праз яе яркую дэманстрацыю. Важна паказваць дзецям не толькі карпатлівую працу, але і захапляльныя эксперыменты і цікавыя доследы.

Гэта падчас урачыстага адкрыцця адзначыў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік:

— Ужо сёмы раз гасцінны батанічны сад прымае гэтае маштабнае мерапрыемства. Нефармальная абстаноўка яго правядзення — нагляднае пацвярджэнне таго, што навуковая дзейнасць — гэта не толькі ўпартая праца, але і крэатыў, якім напаўняе яе моладзь. Прыемна, што фестываль арганізоўвае савет маладых вучоных. Я перакананы, што на ўсіх лакацыях з бляскам у вачах прэзентуюць свае дасягненні будучыя акадэмікі і знакамітыя навукоўцы.

 

Прарэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па інфарматызацыі, арганізацыі і суправаджэнні мерапрыемстваў, кіраўнік дырэкцыі Фестывалю навукі Леанід Гусеў выказаў падзяку ўсім арганізатарам і наведвальнікам:

— Мы рады, што нашы пляцоўкі аб’ядноўваюць гасцей не толькі з розных гарадоў Беларусі, але і іншых краін. Фестываль — выдатная магчымасць падрастаючаму пакаленню даведацца пра сучасныя адкрыцці, зразумець важнасць развіцця навуковай сферы.

Пляцоўка Міністэрства адукацыі “Універсітэт будучыні” аб’яднала 35 УВА краіны, Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр і Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.

Студэнтка 3 курса электратэхнічнага факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Ангеліна Маёрава расказала пра дзейнасць клуба робататэхнікі на базе УВА.

Прадстаўляючы Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі, інжынер авіяцыйнага навукова-тэхнічнага цэнтра Ігар Пішчук падкрэсліў, што ўстанова ідзе ў нагу з часам, таму на Фестывалі навукі знаёміць з актуальным напрамкам па вывучэнні БПЛА, якому прысвечана цэлая кафедра ўстановы адукацыі:

— На базе ваеннага факультэта таксама праходзяць навучанне аператары беспілотнікаў. Гэты напрамак карыстаецца попытам сярод абітурыентаў. Захоўваецца павышаная цікавасць і да такіх кірункаў, як лагістыка авіяцыйных перавозак, гарантаванне бяспекі на паветраным транспарце, лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі.

На пляцоўцы “Космас” госці змаглі даведацца, якія хітрасці і прыёмы астраномаў перакачавалі ў камеры смартфонаў, сабраць макет сапраўднага спадарожніка, пагутарыць з першай жанчынай-касманаўтам незалежнай Беларусі Марынай Васілеўскай і зрабіць памятнае фота ў тэматычнай фотазоне.

Тэматычная зона “Экалогія” дала магчымасць юным следапытам апынуцца на Палессі. Нацыянальны парк “Прыпяцкі” расказаў пра ўнікальных насельнікаў і таямніцы балот, а таксама даў магчымасць памаляваць мохам, лісцем і шышкамі.

Не менш запатрабаванай аказалася пляцоўка “Медыцына”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі кіраваць біянічнай рукой, змаглі разгледзець клеткі ў мікраскоп і адчуць сябе дактарамі, аказаўшы першую дапамогу. Таксама ім прапанавалі тут даведацца сваю групу крыві і рэзус-фактар.

Цікавымі ідэямі на Фестывалі навукі падзяліліся ўніверсітэцкія навукоўцы.

Так, старшы выкладчык факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Гаршкоў азнаёміў з інтэрнэт-рэсурсам археалагічнай экспазіцыі ўстановы адукацыі.

— За многія гады ў нас назапасіліся вялікія фонды археалагічных матэрыялаў. Таму ўзнікла неабходнасць іх сістэматызацыі, уключэння ў вучэбны працэс і навуковую дзейнасць.

Ініцыятыва ўяўляе сабой партал, на якім прадстаўлены прадметы, пачынаючы з каменнага веку. Можна знайсці інфармацыю, дзе і кім яны былі знойдзены, даведацца пра іх асаблівасці, паглядзець фатаграфіі.

— Ужо сёння рэсурс актыўна ўключаны ў адукацыйную дзейнасць, з дапамогай QR-кодаў можна перайсці на сайт і знайсці ўсю неабходную інфармацыю. Таксама працуем над тым, каб стварыць 3D-мадэлі артэфактаў з музейных экспазіцый, — дадаў А.Гаршкоў.

На пляцоўцы “Смак навукі” наведвальнікам далі пакаштаваць безлактозны сыр і згушчонку. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Вікторыя Баброва адзначыла, што такая ежа лягчэй засвойваецца, пры гэтым яна застаецца карыснай і захоўвае класічны малочны смак. Тут жа можна было пабываць на майстар-класе па гатаванні ліманаду і разабрацца, як нараджаюцца хлеб, сыр і кефір.

Валанцёры Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ знаёмілі гасцей свята з мастацтвам каліграфіі, а на пляцоўцы “Антарктыда” можна было ўбачыць калекцыі, сабраныя беларускімі вучонымі-палярнікамі.

Асаблівую ўвагу ў тэматычнай зоне “Інтэлектуальныя тэхналогіі” прыцягнула робатызаванае абсталяванне, уключаючы робасабак, а для самых актыўных удзельнікаў прайшоў конкурс па зборцы максі-пазла “Мая Беларусь”.

Свае пляцоўкі прапанавалі і госці з Расіі. Парк “Зараддзе” разгарнуў лабараторыі, дзе прайшлі заняткі па мінералогіі, палеанталогіі, хіміі і анатоміі, а таксама правёў прыродазнаўчыя квізы. Лакацыя “Навука 0+” распавядала пра перадавыя даследаванні ў галіне мікрабіялогіі, вірусалогіі, мірнага атама, віртуальнай рэальнасці.

Акрамя таго тут прапанавалі займальныя эксперыменты з вадкім азотам, кіслародам. У секцыі майстар-класаў удзельнікі фестывалю навучыліся накладваць швы і кіраваць падводным і чатырохногім роверамі.

Прыемным бонусам для наведвальнікаў мерапрыемства стаў кінатэатр пад адкрытым небам, дзе можна было адпачыць і паглыбіцца ў свет навукі, паглядзеўшы навукова-папулярныя фільмы.

Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота і відэа аўтара