Кожны настаўнік нясе адказнасць не толькі за якасць адукацыйнага працэсу, але і за выхаванне моладзі, гатовай да выклікаў сучаснасці. Як захаваць нашу зямлю для нашчадкаў? Як падтрымаць педагога-творцу? Як дапамагчы вучню пераадолець складаныя псіхалагічныя бар’еры? Менавіта гэтыя пытанні сталі стрыжнем кастрычніцкага нумара, дзе мы сабралі для вас самыя актуальныя матэрыялы.

“Не ламай галінкі!”, “Не крыўдзі жывёл!” — такія заклікі гучаць зноў і зноў, але для абароны прыроды адных слоў недастаткова. Патрэбны рэальныя справы і эфектыўныя інструменты экалагічнага выхавання. Як ачысціць раку ад залішняй расліннасці? Ці цяжка стварыць дэндрапарк на прышкольнай тэрыторыі? Ці магчыма ўкараніць зялёныя тэхналогіі ў адукацыйную прастору школы, каб дзеці адчувалі сябе сапраўднымі экаактывістамі? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце ў артыкулах нашай рубрыкі “Педагагічная асамблея”, прысвечаных фарміраванню любові да прыроды і экалагічнаму выхаванню моладзі.
А для тых, хто шукае натхнення ў вопыце калег, мы прадстаўляем гімназію № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, якая нядаўна адзначыла сваё 35-годдзе. Тут пануе асаблівая атмасфера высокай культуры і інтэлекту, дзе педагог становіцца вучоным, а навучэнец — даследчыкам. Як падтрымаць настаўніка, які адчувае адказнасць не толькі за свой прадмет, але і за імідж гімназіі? Чым зацікавіць вучня, каб ён свядома будаваў сваю дзейнасць, даследаваў новае і адаптаваўся ў калектыве? Кожны гімназіст можа зрабіць першыя крокі ў навуку ў цесным супрацоўніцтве з выкладчыкамі ўніверсітэта, стаць пераможцам алімпіяд, далучыцца да валанцёрскага руху або вывучаць кітайскую мову. Калектыў гімназіі на старонках рубрыкі “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” дзеліцца багатым вопытам інавацыйнай, метадычнай і выхаваўчай работы.
І нарэшце, у рубрыцы “Бацькоўскі сход” прадстаўлена тэма, блізкая амаль усім настаўнікам і бацькам, — падлеткавыя страхі, іх прычыны і спосабы пераадолення. Як, напрыклад, дапамагчы таленавітаму дзіцяці пераадолець страх публічных выступленняў? Вікторыя, дзяўчынка з абсалютным музычным слыхам, панікавала на кожным экзаменацыйным канцэрце, яе рукі пакрываліся потам, пальцы саслізгвалі з клавіш. І гэта магло паставіць крыж на прафесійнай кар’еры піяністкі. Але педагог Ніна Максімаўна не пагадзілася з такім ходам падзей. Далікатна, але настойліва яна выводзіла дзяўчынку на аналіз прычын страху, і высветлілася, што гэта боязь збіцца і атрымаць нізкую адзнаку. Затым была прапанова выступіць на “неацэначным” канцэрце — і адчуванне перамогі натхніла Віку. “Запомні гэты свой поспех, як фотафрагмент, кожны раз пракручвай яго ў памяці перад канцэртамі”, — параіла настаўніца, і Віка сустрэла наступны навучальны год ужо навучэнкай музычнага вучылішча.
Настаўнік — гэта не проста прафесія, гэта місія. Місія выхавання неабыякавых, маральна ўстойлівых і ўпэўненых у сабе людзей. Мы спадзяёмся, што ў матэрыялах гэтага нумара вы знойдзеце натхненне, новыя ідэі і практычныя інструменты для штодзённай працы. Бо толькі сілай ведаў і сэрца мы можам змяніць свет да лепшага, пачынаючы з кожнага вучня і кожнага ўрока. Чытайце — і дзейнічайце!
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар часопіса





