Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Будзем развіваць наша супрацоўніцтва так, каб гэта было выгадна нашым народам”

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Беларусь – Малдова

Беларусь не драматызуе сітуацыю з арыентацыяй Малдовы на Еўрасаюз. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Мінску на сустрэчы з Прэзідэнтам Малдовы Мікалаем Цімофці.

“Мы не драматызуем сітуацыю з арыентацыяй Малдовы на Еўрасаюз, з тым дакументам, які вы падпісалі з Еўрапейскім саюзам аб асацыяцыі, — сказаў беларускі лідар. — Мы гэта ўспрымаем як данасць”.
На думку Прэзідэнта Беларусі, у любой сітуацыі трэба шукаць варыянты, каб выкарыстоўваць гэтую сітуацыю на карысць дзвюх краін.
“Мы вам удзячны, нягледзячы на тое што, можа, недзе ў якасці падтрымкі сваіх саюзнікаў, у якасці пэўных абяцанняў вы і павінны былі падтрымліваць Еўрасаюз, ЗША, пры гэтым ніколі не было, каб гэта было супраць Беларусі. Мы гэта вельмі цэнім”, — сказаў беларускі лідар. На яго думку, гэта сведчыць аб значнасці двухбаковых адносін, аб высокім узроўні даверу. “Вы можаце быць упэўнены, што мы ніколі Малдове нічога дрэннага не рабілі і не зробім. Мы будзем развіваць наша супрацоўніцтва так, каб гэта было выгадна нашым народам”, — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.
У палітыцы, дыпламатыі ў Беларусі і Малдовы няма ніякіх праблем, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. “Дай бог, каб з усімі ў нас былі такія адносіны па ўсіх пытаннях”, — сказаў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу на высокі ўзровень тавараабароту ў памеры $400 млн, якога краіны дасягнулі па выніках мінулага года. “Гэта ўлічаны тавараабарот. Лічу, мы пад паўмільярда дакладна цягнем у тавараабароце, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Я ніколі нават уявіць не мог, што мы можам падняцца на такую вышыню”. Тым не менш, паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, у дзвюх краін ёсць рэзервы для нарошчвання аб’ёмаў узаемнага гандлю.
Аляксандр Лукашэнка лічыць перспектыўным стварэнне сумесных вытворчасцей як у Беларусі, так і ў Малдове, і выхад на вялікія рынкі Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. “Гэта толькі прыбавіць у нашых адносінах, у тым ліку ў тавараабароце”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
У дзвюх краін шмат напрамкаў супрацоўніцтва, няма закрытых тэм у адносінах, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Мы гатовы вам паказаць усё, што вы захочаце. Калі вы захочаце гэта мець у Малдове, мы гатовы працаваць разам з вамі ў Малдове для таго, каб наш вопыт перанесці на тэрыторыю дружалюбнай і блізкай нам Малдовы”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму рэалізацыі кааперацыйных праектаў. Ён адзначыў, што ў Малдове вырабляюцца беларускія тралейбусы і трактары, прапрацоўваецца праект зборачнай вытворчасці аўтобусаў МАЗ. Беларускія вытворцы гатовы да павелічэння аб’ёмаў выпуску прадукцыі на дзеючых вытворчасцях.
На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, ёсць магчымасць для планамернага павышэння працэнта лакалізацыі, для таго каб выйсці з сумесна вырабленай прадукцыяй на рынкі суседніх еўрапейскіх краін.
“Такія праекты выгадныя абодвум бакам. Разлічваем на іх падтрымку кіраўніцтвам Малдовы”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў узаемную зацікаўленасць дзвюх краін у наладжванні эканамічнага партнёрства. Паводле яго слоў, у гэтым напрамку бакі працуюць выключна прагматычна. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што ў мінулым годзе быў устаноўлены нават своеасаблівы рэкорд — упершыню пераадолена планка тавараабароту ў $400 млн. Малдова для Беларусі з’яўляецца чацвёртым па тавараабароце партнёрам сярод краін СНД.
Беларусь пастаўляе шырокі пералік тавараў, запатрабаваных на рынку Малдовы. Гэта аўтатрактарная тэхніка, прадукцыя нафтахімічнага комплексу, лякарствы, халадзільнікі, газавыя пліты, тавары лёгкай прамысловасці, малочныя прадукты. “Сёння ў нас ёсць магчымасць дэталёва абмеркаваць перспектывы развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Упэўнены, што наша сустрэча стане важным этапам у развіцці беларуска-малдаўскіх адносін і надасць дадатковы імпульс актывізацыі супрацоўніцтва ва ўсіх сферах”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
З улікам развітой прамысловасці і транспартна-лагістычнай інфраструктуры Беларусь можа стаць пляцоўкай для перапрацоўкі, захоўвання і прасоўвання малдаўскіх тавараў на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым плане Беларусь адкрыта для прапаноў малдаўскага боку. “Галоўнае — каб гэтая прадукцыя была якаснай і прадпрымальнікі ішлі да нас з адкрытым сэрцам і душой! Ніякіх хабараў, ніякіх пабораў! І якасць! Перамог на конкурсе, на тэндары — усё будзе сумленна і справядліва. Я паабяцаў гэта Прэзідэнту Малдовы”, — сказаў беларускі лідар.
Адначасова ёсць зацікаўленасць у арганізацыі сумеснай перапрацоўкі малдаўскай пладова-агародніннай прадукцыі ў Беларусі. “На малдаўскай зямлі спеюць добрыя садавіна і агародніна, выпускаюцца якасныя віны, каньякі, іншая прадукцыя. І мы яе закупляем у вас у вялікіх аб’ёмах”, — адзначыў беларускі лідар. Толькі ў 2014 годзе 42 працэнты аб’ёму малдаўскага экспарту вінаробчай і каля 25 працэнтаў пладова-агародніннай прадукцыі прыпалі на Беларусь.
Беларусь таксама гатова падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў тых сферах, дзе мае сур’ёзны вопыт і рэсурсы, у прыватнасці ў будаўніцтве дарог і інфраструктуры, узвядзенні малочнатаварных комплексаў і іншых сельгасаб’ектаў. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, бакам можна больш актыўна папрацаваць у гэтых напрамках, калі ў гэтым ёсць інтарэс малдаўскіх партнёраў.
“У нас няма ніякіх камянёў за пазухай. Мы вельмі адкрыты ў адносінах з нашымі малдаўскімі сябрамі. Наш народ вельмі дабрадушны, ён вельмі добра ставіцца да малдаўскага народа”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў дзвюх краін ёсць тая аснова, на якой можна выбудоўваць двухбаковыя адносіны. Ён выказаў упэўненасць, што пасля гэтага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Малдовы краіны значна прыбавяць у супрацоўніцтве, хоць гэты ўзровень ужо сёння даволі высокі. “Ёсць да чаго імкнуцца, ёсць куды расці, і мы поўныя рашучасці гэта зрабіць”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Узаемапавага і імкненне быць сумленнымі ў адносінах дадуць добрыя вынікі для Беларусі і Малдовы, перакананы Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці.
“Карані ўзаемапавагі, якія закладзены паміж нашымі краінамі, імкненне быць сумленнымі ў адносінах дадуць добрыя вынікі”, — сказаў у час сустрэчы Мікалай Цімофці.
Прэзідэнт Малдовы адзначыў, што гэты яго візіт у Беларусь надасць новы імпульс далейшаму развіццю адносін абедзвюх краін. “Тое, што мы будзем рабіць у далейшым, будзе на карысць нашых народаў, — падкрэсліў ён. — Мы не робім адзін супраць аднаго штосьці, наадварот, мы садзейнічаем паляпшэнню нашых адносін”. “Мы павінны заўсёды бачыць толькі добрае і за гэта змагацца”, — адзначыў кіраўнік малдаўскай дзяржавы.
Беларусь і Малдова выступаюць за істотнае пашырэнне ўзаемавыгадных эканамічных адносін і ўмацаванне традыцыйных сувязей ва ўсіх галінах узаемадзеяння, заявіў Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у пашыраным складзе.
Паводле слоў Прэзідэнта Малдовы, у яго адбылася шчырая і карысная дыскусія з беларускім лідарам. “Мы з задавальненнем канстатавалі існаванне паміж Беларуссю і Малдовай цудоўных двухбаковых адносін, якія пастаянна развіваюцца. Мінулагодні візіт у Кішынёў Аляксандра Лукашэнкі і мой цяперашні візіт у адказ з’яўляюцца пераканаўчымі доказамі гэтага”, — сказаў Мікалай Цімофці.
Беларусь і Малдова выступаюць за ўрэгуляванне праблем бяспекі на аснове норм міжнароднага права, заявіў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці.
Беларускі і малдаўскі лідары абмяняліся думкамі па міжнароднай сітуацыі і рэгіянальнай бяспецы. “Мы пацвердзілі прыхільнасць да прынцыпаў захавання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашых дзяржаў. Мы выступаем за ўрэгуляванне праблем бяспекі на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права”, — падкрэсліў Мікалай Цімофці.
Прэзідэнт Малдовы выказаў перакананасць, што дасягнутыя ў ходзе яго візіту ў Беларусь дамоўленасці, як і падпісаныя дакументы, будуць істотна садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва паміж краінамі.
Мікалай Цімофці выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі за адкрытасць і дружбу, якія ён праяўляе да Малдовы. У сваю чаргу малдаўскі лідар пацвердзіў гатоўнасць прыкласці ўсе намаганні для дасягнення якасна новага ўзроўню двухбаковых адносін.
Па выніках перагавораў лідары дзвюх краін з задавальненнем адзначылі высокую інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў у гуманітарнай сферы — навуцы, адукацыі, спорце, іншых галінах.
У прысутнасці лідараў дзвюх краін былі падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам эканомікі Малдовы, мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва і абмену прававой інфармацыяй паміж Вярхоўным Судом Беларусі і Вышэйшай судовай палатай Малдовы.
Падпісаны таксама пакет дакументаў, накіраваных на развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Сярод іх — пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, адукацыйным і культурным супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і выканаўчым камітэтам аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія. З Магілёўскім аблвыканкамам Гагаузія падпісала план мерапрыемстваў на 2015—2017 гады па выкананні пагаднення аб гандлёва-эканамічным і культурным супрацоўніцтве.