Погляд
У рамках Уфімскага саміту краін БРІКС і ШАС адбылося шмат важных падзей, і адна з іх — кіраўнікі дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прынялі рашэнне аб прадастаўленні Беларусі статусу дзяржавы-назіральніцы. Аб гэтым упершыню было аб’яўлена падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна там жа, ва Уфе. Навіна гэта была доўгачаканай. Яшчэ ў 2010 годзе Беларусь атрымала статус “партнёра па дыялогу”, аднак далейшаму прасоўванню адносін з гэтай буйнейшай міжнароднай арганізацыяй перашкаджала геаграфічнае становішча нашай краіны: яе ніяк нельга аднесці да азіяцкай. Цяпер жа, уступіўшы ў Еўразійскі эканамічны саюз, Беларусь элегантна пераадолела гэтую перашкоду і атрымала магчымасць павышаць узровень свайго ўзаемадзеяння з ШАС.
Генеральны сакратар арганізацыі Д.Мезенцаў выказаў упэўненасць, што Беларусь, атрымаўшы статус назіральніка ў ШАС, “зможа прапанаваць свае ініцыятывы, а сама арганізацыя ў гэтым выпадку ўмацуецца”. Адным словам, не толькі мы, але і нашы партнёры чакаюць, што беларусы ў ШАС будуць не столькі назіраць, колькі ўдзельнічаць, будаваць, гандляваць і прапаноўваць. А прапанаваць нам ёсць што. Увогуле, Беларусь атрымлівае ўжо не аператыўную, а стратэгічную прастору — ад Масквы да Шанхая. І не толькі…
Цяпер ужо ўсім відавочна, што ЕАЭС стаў трамплінам не толькі для набыцця Беларуссю статуса еўразійскай дзяржавы, але і для яе ўзлёту ў рамках ШАС. Наступная арбіта — аналагічны ўзровень удзелу Рэспублікі Беларусь у рабоце БРІКС: мы павінны быць прадстаўлены, як мінімум, на ўзроўні назіральніка і ў гэтым аб’яднанні. Гэта створыць магчымасць нашага ўдзелу ў банку БРІКС, што выгадна па дзвюх прычынах. Па-першае, гэты наваствораны банк у бліжэйшы час пачне іграць даволі сур’ёзную ролю ў свеце; па-другое, правіламі вызначана, што карыстацца паслугамі банка могуць толькі ўдзельнікі сумесных праектаў БРІКС.
Што ж, у такіх праектах Беларусь гатова ўдзельнічаць. Тым больш у банка БРІКС зусім іншы алгарытм работы, чым у заходніх фінансавых інстытутаў. Што МВФ, што ЕЦБ, што Сусветны банк дзейнічаюць як ліхвяры — яны даюць грошы ўрадам, а потым чакаюць вяртання працэнтаў і крэдытаў. І іх не хвалюе, як і якім коштам крэдыты вяртаюцца. Банк БРІКС дзейнічае па-іншаму: ён сам удзельнічае ў рэалізацыі праектаў, пад якія дае грошы, і, па сутнасці, сам вяртае сабе крэдыты. Такім чынам, упершыню з’яўляецца супадзенне інтарэсаў пазычальніка і крэдытора, і сфера фінансаў ператвараецца з зоны вечных канфліктаў і банкруцтваў у зону ўзаемавыгаднай кааперацыі. “Краіны, якія ўваходзяць у БРІКС, не звязваюць супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу з нейкімі дадатковымі ўмовамі. Яны не імкнуцца дыктаваць сваю волю іншым дзяржавам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Больш за тое, сёння ўсе ўдзельнікі БРІКС становяцца рэальнымі цэнтрамі інтэграцыйнага прыцяжэння ў сваіх рэгіёнах”.
Сардэчна запрашаем у шматпалярны свет! У свет альтэрнатыў і сапраўднай, а не рэкламнай дэмакратыі! А гэта ўжо не толькі эканамічныя, палітычныя, але і… глабальныя геапалітычныя перспектывы. Падкрэслю, не ігрышчы, а перспектывы! Што пацвердзіў Уладзімір Пуцін, заявіўшы, што на еўразійскай прасторы павінен панаваць мір, яна не можа быць полем для геапалітычных гульняў. У гэтым сіла — мяккая сіла! — і еўразійскай інтэграцыі, і інтэграцыі ШАС, і інтэграцыі БРІКС.
І залог перамогі гэтых інтэграцыйных праектаў. Перамогі ў чым? — спытаеце вы. Ну, вядома ж, не ў вайне, і нават не ў канкурэнцыі. Таму што канкурэнцыю таксама можна разумець па-рознаму. Справа ў тым, што так званы “залаты мільярд” ці “вялікая сямёрка” разумеюць канкурэнцыю як знішчэнне ўсіх, хто можа іх дагнаць у эканамічным развіцці. Яны душаць у зародку ўсе пункты эканамічнага росту, вытоптваючы сусветнае эканамічнае поле вакол сябе да стану пустыні, у якой яны адны, — аазіс, жаданы і недаступны, на які ўсе глядзяць з прагнасцю! І, дададзім, вельмі маленькі аазіс: нават блізкая “трансатлантыстам” Грэцыя і тая не змагла там памясціцца, што ўжо казаць пра астатніх…
А павінна быць канкурэнцыя як здаровае спаборніцтва, дзе ніхто нікога не “топіць” і ўсе вучацца адзін у аднаго быць больш эфектыўнымі. Але век такой канкурэнцыі яшчэ не настаў, яго толькі зараз запускаюць краіны БРІКС. І яны пачынаюць ужо перамагаць. Ва ўсякім выпадку, ужо апярэджваюць па тэмпах развіцця. У 2001 годзе, калі ў свеце толькі загаварылі аб краінах БРІКС, іх сукупны ВУП складаў усяго чвэрць ад амерыканскага. Сёння гэты паказчык ужо роўны ВУП ЗША, што, вядома, спужала Амерыку. Але галоўнае не ў гэтым, а ў тым, што за 10 гадоў краіны БРІКС паказалі рост у 5 разоў! Само слова BRICS у англійскай транскрыпцыі падобнае на слова bricks — “цагліны”, што сімвалічна для краін, за кошт росту якіх у многім будзе забяспечвацца будучыня сусветнай эканомікі. Вось чаму да ШАС далучыліся ва Уфе яшчэ дзве ядзерныя дзяржавы — Індыя і Пакістан.
Такім чынам, ад новай біпалярнасці — да шматпалярнасці! Такі лозунг сучаснасці. Таму, хто лічыць, што да пашырэння ШАС жыў у бяспечным і глабалізаваным свеце, раю паглядзець у мінулае. І сёе-тое ўспомніць. Напрыклад, такія факты. Сучасная агрэсія ЗША і НАТА супраць Ірака. Агрэсія ЗША і НАТА супраць Югаславіі. Агрэсія ЗША і НАТА супраць Лівіі… Сірыі… Емена… Дарэчы, Емен за два месяцы “міратворчай” аперацыі амерыканскіх сатэлітаў на Блізкім Усходзе практычна ўвесь пераўтварыўся ў руіны, яго эканоміка адсутнічае.
Удумайцеся, з 26 мільёнаў еменцаў 21 мільён ужо на грані галоднай смерці. І гэта зусім не кіношныя “галодныя гульні”…
Словазлучэнне “агрэсія ЗША і НАТА” можна зрабіць перманентным, а мяняць толькі назвы краін і рэгіёнаў. І, на жаль, сярод гэтых назваў з’явіліся краіны, зусім блізкія ад нас. І ўсё гэта — вынікі монапалярнасці, г.зн. аднаполюснасці сусветнага ўладкавання, калі супердзяржава была адна — Злучаныя Штаты Амерыкі. Свет тады не глабалізаваўся, ён імкліва амерыканізаваўся.
Біпалярная сістэма — гэта альтэрнатыва. Прычым альтэрнатыва ва ўсіх сэнсах — і ў эканамічным, і ў палітычным, і ў абаронным. Каб ідэя ажыла, яе трэба матэрыялізаваць. І вось на нашых вачах ужо фарміруецца архітэктура новай шматпалярнасці, якая непазбежна вырастае з двухполюснасці. Пашырэнне ШАС азначае і стварэнне альтэрнатыўнага клуба ядзерных дзяржаў — для балансу. У гэты новы ядзерны клуб уступаюць Расія, Кітай, Індыя, Пакістан і, магчыма, ПАР. Сёй-той сцвярджае, што Паўднёвая Афрыка яшчэ з часоў апартэіду тайна валодае ядзернай зброяй. Ну што ж, у любым выпадку ўсе яе прызналі “перадпарогавай дзяржавай”, як прынята называць такія краіны ў МАГАТЭ, і яна яўна ўзмацняе пазіцыі новага клуба.
Падобная біпалярная архітэктура тым добрая, што ў новым ядзерным клубе ёсць краіны, Расія і Кітай, якія ўваходзяць і ў стары клуб. Што, па-першае, размагнічвае супярэчнасць паміж старымі і новымі ядзернымі дзяржавамі, якая наспявае, а па-другое, паніжае да мінімуму магчымасць рэальнага супрацьстаяння паміж двума клубамі. Бо Расія і Кітай могуць істотна ахалоджваць градус напружанасці ўнутры абодвух клубаў. А значыць, і на ўсёй планеце.
Хто ад гэтага выйграе? Увесь свет. Але, перш за ўсё мы, славянскія дзяржавы-саюзнікі, Расія і Беларусь. Бо чыста геаграфічна “спружына” ваеннай актыўнасці Захаду ўсё мацней і мацней прыціскалася да рэліктавай, карэннай постсавецкай прасторы. Да таго, што мы называем славянскім ядром, а дакладней, сэрцам! Галоўнае, трэба разумець, што біпалярная сістэма — гэта толькі неабходны, хоць і цяжкі крок да шматпалярнасці. Гэтак жа як нельга ад аднаго перайсці да трох, прапусціўшы двойку, так нельга і адысці ад монапалярнага стану ЗША да шматпалярнасці без таго, каб пабудаваць спярша новую біпалярнасць. І як нельга наладзіць у свеце баланс сіл, не забяспечыўшы рэальную процівагу Захаду. І якраз баланс сіл — наша мэта: ён — аб’ектыўная перадумова да міру і раўнапраўнага супрацоўніцтва.
Вадзім ЯЛФІМАЎ,
палітолаг.