Бацькоўскі клуб садзіка № 12 Светлагорска дапамагае мамам і татам знаходзіць адказы на нялёгкія пытанні выхавання

- 16:25Новости

“Сямейная рада” — так называецца бацькоўскі клуб дзіцячага сада № 12 Светлагорска, які дапамагае мамам і татам знаходзіць адказы на нялёгкія пытанні выхавання.

Часам нам проста не хапае часу спыніцца і падумаць, ці правільна мы разумеем сваё дзіця, як дапамагчы яму справіцца з эмоцыямі, як з ім размаўляць, каб яно чула нас. Менавіта для гэтага і створаны наш клуб — вучыцца разам і падтрымлі­ваць адно аднаго.

На сустрэчах клуба пануе ўтульная, даверлівая атмасфера. Тут ніхто не чытае натацый і не раздае гатовых рэцэптаў. Замест гэтага — жывая размова, абмен вопытам, сумесны пошук адказаў. Тэмы сустрэч самыя розныя: “Адаптацыя да дзіцячага сада”, “Капрызы і межы дазволенага”, “Талерантнае стаўленне да дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі”, “Як захаваць спакой аднаго з бацькоў і заслужыць давер дзіцяці”, “Гаджэты і дзяцінства — дзе баланс?”. Бацькі задаюць пытанні, педагог-псіхолаг і выхавальнікі дзеляцца сваімі ведамі.

Бацькоўскі клуб “Сямейная рада” працуе па розных напрамках. Цэлы блок тэматычных сустрэч прысвечаны маральнай падтрымцы бацькоў дзяцей з АПФР. Бо выхаванне асаблівага дзіцяці — гэта не толькі вялікая праца, але і пастаяннае пераадоленне сумненняў, трывог і стомленасці. Вельмі важна, каб побач з такімі бацькамі былі людзі, якія гатовы выслу­хаць, зразумець і дапамагчы. У клубе мамы і таты могуць падзяліцца сваімі перажываннямі, задаць пытанні спецыялістам, абмеркаваць цяжкасці і знайсці рашэнні разам. Часам нават простыя зносіны з іншымі бацькамі, якія праходзяць падобны шлях, дае велізарны рэсурс — пачуццё, што цябе разумеюць.

 — Калі чуеш: “Я таксама праз гэта праходзіла, у нас атрымалася”, становіцца лягчэй. З’яўляецца вера ў сябе і сваё дзіця, — дзеліцца адна з мам.

— Пасля такіх сустрэч адчуваеш падтрымку і ўпэўне­насць, што ўсё можна вырашыць з любоўю і цярпеннем, — расказвае яшчэ адна мама.

Педагогі дзіцячага сада дапамагаюць бацькам уба­чыць поспехі іх дзяцей, нават самыя маленькія крокі наперад. Менавіта з такіх крокаў складаецца шлях развіцця. Сумесныя святы, выставы, творчыя праекты і проста цёплыя размовы — усё гэта дапамагае бацькам адчуць упэўненасць, а дзецям — падтрымку і любоў.

Яшчэ адзін напрамак работы клуба — патрыятычнае выхаванне дзяцей і дарослых. Мэта такіх сустрэч — не толькі расказаць бацькам аб формах работы з дзецьмі, але і абу­дзіць ціка­васць дарослых да гісторыі сваёй сям’і, роднай краіны. Сапраўдныя вытокі патрыятызму — у доме, дзе захоўваюць старыя фатаграфіі, лісты пра­дзедаў, дзе расказваюць дзецям, хто абараняў Радзіму, хто будаваў гарады і працаваў дзеля будучыні. Сёння важна захоўваць сувязь пакаленняў, шанаваць гісторыю і традыцыі, багацце беларускай культуры.

Такія сустрэчы не толькі дапамагаюць бацькам па-новаму паглядзець на выхаванне, але і аб’ядноўваюць сем’і. Бо патрыятычнае выхаванне — гэта не проста словы аб Радзіме, а пачуццё павагі і датычнасці да мінулага, жаданне рабіць дабро і прыносіць карысць грамадству.

Бацькоўскі клуб “Сямейная рада” дапамагае ства­рыць адзі­ную выхаваўчую прастору, дзе дарослыя і педагогі становяцца сапраўднымі парт­нёрамі. Толькі разам можна выгадаваць шчаслівага, упэўненага ў сабе і добрага чалавека!

Вольга МУТОЎКІНА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 12 Светлагорска
Фота аўтара