Ці не страшна школьнікам займацца пчалярствам? У Здзітаўскай сярэдняй школе, што ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, даўно пераканаліся: не страшна, карысна і вельмі цікава! Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Напрыканцы лета дырэктар школы Таццяна Ажажа падзялілася радаснай навіной. Вучні выхаваўча-аздараўленчай установы адукацыі “Пчолка”, створанай на час канікул пры школе, у цэнтры “Зубраня” паспяхова паўдзельнічалі ў рэспубліканскім злёце выхаванцаў лагераў “Лета нашых дасягненняў” — дыплом І ступені за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні тэматычных пляцовак! На відэа бачна, як на сцэне яны расказваюць пра ўрокі ў “Пчалінай школе”. Прычым юныя пчаляры не толькі вывучалі загадкі пчаліных раёў, але і самі бралі на пасецы мёд. Сапраўдны квест для аматараў прыгод! І той мёд, вядома ж, быў саладзейшы, чым звычайна: бо самі школьнікі пад наглядам дарослых даставалі соты з вуллёў, потым і медагонку пакруцілі. “Мы сталі камандай даследчыкаў прыроды, яе сябрамі, далучыліся да пачэснай справы працавітых пчаляроў. Мы цяпер ужо каманда “Пчолка”, мы сябры прыроды і захавальнікі народных традыцый. Наш лагер — гэта крок у будучыню, крок да здароўя і крок да роднай зямлі, жыцця ў поўнай гармоніі з ёй і з прыродай”, — расказвалі пра сваё лета здзітаўскія школьнікі.
У ліку рупліўцаў, хто праводзіць заняткі ў лагеры “Пчолка”, і Алена Мартысевіч, настаўніца пачатковых класаў і куратар “пчалінага” класа. Яна далучылася да справы, калі ў школе завялі пчол.

Мэта праекта высакародная: не проста пашырэнне ведаў пра карысць пчол, прадуктаў пчалярства — школьнікі атрымліваюць і навыкі, патрэбныя ў гэтай справе.
Мы пісалі пра школьны мёд і класны вулей у Здзітаве, пра тое, што праект дапамагае рэалізаваць Віктар Дземідовіч, пчаляр з суседняй вёскі. Праз мясцовае пчалярства планавалася паспрыяць развіццю вёскі, колькасць жыхароў у якой змяншаецца, і паказаць, што ў экалагічна чыстым месцы, пры знакамітых Спораўскіх балотах, пчалярства можа даваць стабільны прыбытак. Пад ідэю і праект выдзяляліся салідныя гранты, школе ўдалося набыць абсталяванне, аформіць адметны “пчаліны” клас.
Летам я ў розных месцах згадваў здзітаўскі праект, але мае спробы зацікавіць ім школы пакуль марныя. Наўрад ці хто з педагогаў наведаў Здзітава, “Пчаліную школу”, каб на свае вочы пераканацца: пчолы і школа зусім не антаганісты. На гэтую тэму мы і гутарым з Аленай Мартысевіч, каб пашыраць каштоўны вопыт.

— Алена Мікалаеўна, як, вобразна кажучы, заляцелі пчолы ў Здзітаўскую школу?
— Можна сказаць, мэтанакіравана. Мы пачалі займацца пчалярствам з 2017 года: на базе школы была рэалізавана сумесная ініцыятыва “Да ўстойлівага развіцця Спораўскага сельсавета — праз павышэнне эканамічнай актыўнасці моладзі”. Вучням прапанавалі наведваць тэарэтычныя і практычныя заняткі па адным з трох напрамкаў: пчалярства, раслінаводства і веласэрвіс. Быў і курс “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці” па гэтых напрамках, з распрацоўкай бізнес-планаў. У кожнай групы быў тэматычны каардынатар: прафесіянал сваёй справы з ліку мясцовых жыхароў. А лідарамі груп сталі настаўнікі школы, мы ж і вучыліся новаму разам з вучнямі.
— І вам лёс прадвызначыў быць бліжэй да пчол…
— Мой тата быў пчаляром, і я крыху ведала спецыфіку справы. Правялі анкетаванне, і 9 вучняў ад 10 да 15 гадоў зацікавіліся пчалярствам. Дарэчы, з іх толькі два хлопчыкі, у аднаго з іх бацькі — пчаляры. За кошт гранта на праект набылі абсталяванне, інвентар, каб зладзіць школьны пчальнік. Па гэтым кірунку са мной працавала калега Ірына Васілеўская. І мы разам з дзецьмі пачалі паглыбляцца ў дзівосны свет пчол на занятках з Віктарам Дземідовічам, па некаторых тэмах праводзілі тэарэтычныя і практычныя заняткі самастойна.
Віктар Іосіфавіч — дасведчаны пчаляр-аматар, захоплены сваёй справай, якой і нас усіх здолеў зацікавіць і захапіць. Да заняткаў ён падыходзіць грунтоўна і сур’ёзна, дзеліцца сваімі ведамі і ўменнямі як у класе, так і на сваёй пасецы. Там, дарэчы, і была наша першая практыка. Дзе і для чаго патрэбны ахоўны касцюм, дымар, стамескі? Як адрозніць матку ці трутня ад рабочай пчалы? Мы назіралі, як нясуць пчолкі пылок і нектар у вуллі, дзе ўтвараецца праполіс… Атрыманыя веды замацоўвалі на школьным пчальніку, які размясцілі пры краязнаўчым музеі “Здзітаўскі фальварак”. Засялілі тры першыя вуллі, якія пафарбавалі ў розныя колеры: блакітны, зялёны і жоўты.
— Выхаванне пчоламі — у чым яго сутнасць?
— У такім выхаванні няма залішняй дыдактыкі. Яно прыадкрывае таямніцы таго, як уладкаваны ўвесь наш свет, чалавечы ў тым ліку: як бачны, так і нябачны. Чаму і нябачны? Бо нельга ж да канца спасцігнуць, скажам, як удаецца пчолам, не маючы звычнай для нас мовы, так зладжана працаваць. Якой сілай гэта ўсё ўпарадкавана і рухаецца? Мы ведаем, што пчолы ў многіх культурах абагаўляліся, гэта вельмі важная частка экасістэмы планеты: яны і апыляльнікі, і вытворцы, і фармацэўты. Надзвычай важны і ў многім загадкавы экаэлемент! Скажам, яны вельмі востра рэагуюць на пагаршэнне экастановішча і забруджванне біясферы.
З першых дзён мы дзівіліся працавітасці пчол, былі ў захапленні ад арганізацыі працы, ладу-згоды ў пчаліных сем’ях. Пчолкі, дарэчы, адчуваюць, з якім настроем і намерам ты прыходзіш да іх, і гэта найлепшае сведчанне: паміж намі ёсць нябачная сувязь.
Пчолам патрэбен пастаянны догляд, на працягу ўсяго года, і таму кажуць у народзе: каб пчолак вадзіць, трэба сэрцам іх любіць. Мяркую, тонкую сувязь мы з пчоламі наладзілі, бо ўжо ў першы сезон школьная пасека дала 16 кілаграмаў мёду.

Практычныя заняткі на пасецы для юных пчаляроў праводзіць Віктар Дземідовіч. Па правую руку ад яго — Алена Мартысевіч
— Як рухаліся далей?
— Вырашылі, што для навучання варта ствараць нейкія апорныя канспекты… І разам з юнымі пчалярамі адпрацавалі, зафіксавалі неабходныя віды работ на пасецы. Навучыліся, скажам, рыхтаваць вуллі да засялення, фарміраваць адводак, прымаць меры, каб не было раення ў вясенне-летні перыяд. Памятаеце, у Якуба Коласа ў паэме “Новая зямля” ёсць раздзел “Падгляд пчол”? Дык і такую далікатную справу мы асвоілі! Умеем і адпампаваць мёд, і падрыхтаваць пчальнік да зімоўкі… Віктар Іосіфавіч кансультуе дзяцей па любых пчалярскіх пытаннях. А якая была радасць нам, калі юныя пчаляры казалі: “Самы смачны і духмяны мёд — з нашай школьнай пасекі!” Мы яшчэ паспрабавалі такі ласунак: мёд са свежымі агуркамі. Важным нашым набыткам з’яўляюцца і навучальныя відэаролікі ад Віктара Дземідовіча “Практычныя парады па развядзенні пчол і па іх доглядзе”. Да таго ж пад кіраўніцтвам лідараў групы нашы выпускнікі з бізнес-інкубатара зладзілі заняткі ў фармаце “Старэйшы вучыць малодшага” — гэта быў лагічны выхад на фармат “Пчаліная школа — 2”. Заняткі наведвалі ўсе, каму цікавае пчалярства. І такія справы далі добры плён. У прыватнасці, мы наладзілі супрацоўніцтва з грамадскім аб’яднаннем “Беларускія пчаляры”, паўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе юных пчаляроў: яго праводзілі Смілавіцкі аграрны каледж і Саюз беларускіх пчаляроў. Адна з нашых вучаніц у ліку трох прадстаўнікоў ад Беларусі ўдзельнічала у X Міжнароднай сустрэчы маладых пчаляроў у Славакіі. Там быў конкурс, і яна сярод амаль 80 удзельнікаў была шостай.

— Але ж юныя пчаляры становяцца з часам выпускнікамі. Ці рыхтуеце ім змену?
— Абавязкова! Жыццём пчол мае вучні зацікавіліся з 2 класа. Займаліся ў “Пчалінай школе”, заняткі ў якой праводзілі старэйшыя ўдзельнікі бізнес-інкубатара. Улетку мы наведвалі нашу пасеку: назіралі, як жыве пчаліная сям’я, удзельнічалі ў ператопцы воску і рабілі з яго свечкі да свята мам. Юныя пчаляры прынялі ўдзел у конкурсе “Юны даследчык” з работай “Пчаліная школа здароўя”. Правяралі, што называецца, на сабе карысныя ўласцівасці забрусу і праполісу. На працягу другой чвэрці ў 2021 годзе, калі ў разгары была каранавірусная эпідэмія, вучні сістэмна, штодня ўжывалі гэтыя прадукты. І сапраўды: у той час ніхто не захварэў — мы тое задакументавалі ў графіках і табліцах. Вучні самі зрабілі выснову: прадукты пчалярства дабратворна ўплываюць на арганізм чалавека і ўмацоўваюць здароўе.
— Алена Мікалаеўна, выклікае захапленне кабінет “Пчаліная школа”. Як удалося такое стварыць?
— Павучыліся ў пчолак, папрацавалі ўсе разам (усміхаецца). Вы ж ведаеце: хто сам стараецца — таму і Бог у дапамогу. Яшчэ паспрыяла тое, што мы далучыліся да праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Ландшафтнаарыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельды пры ўдзеле мясцовага насельніцтва”. Тады было набыта рознае абсталяванне для пчалярства, якім карыстаюцца і нашы мясцовыя пчаляры. Знайшліся сродкі, паспрыялі нам і спонсары з ліку былых выпускнікоў школы, каб аформіць кабінет. Цяпер там праходзяць заняткі, ладзяцца шматлікія адукацыйныя экскурсіі: як для навучэнцаў школ, так і для дарослых. У кабінеце зберагаем і набытае абсталяванне, і метадычныя матэрыялы.
— Яшчэ ў вас у кабінеце праводзяцца вельмі цікавыя экскурсіі — з інтэрактывам і нават дэманстрацыяй жыцця пчол у вуллі. Чые гэта прыдумкі-напрацоўкі?
— Усё робім-прыдумваем разам, у тым ліку і вучнёўскую ініцыятыву падтрымліваем. З розных элементаў складвалася адукацыйная экскурсія “Знаўцы пчол”. Знаёмім гасцей з гісторыяй развіцця пчалярства ў розных краінах і культурах, беларускага пчалярства ў тым ліку. Расказваем, як наладжана жыццё ў пчалінай сям’і, прыводзім цікавыя факты. І сапраўды, у нас можна паназіраць за пчоламі ў рэжыме рэальнага часу: прама ў кабінеце ёсць два спецыяльныя вуллі з празрыстымі сценкамі. З вуллёў праз доўгія ляткі-жалабкі пчолы выпаўзаюць на вуліцу і ў кветкавы сезон збіраюць нектар. Прытым, заўважу, нікога не ўджалілі! Юныя экскурсаводы расказваюць пра карысныя ўласцівасці прадуктаў пчалярства, ёсць магчымасць прадэгуставаць некаторыя з іх. Расказваем і пра мясцовыя расліны-меданосы, паказваем іх. Дарэчы, самы адметны на смак мёд мы збіраем у жніўні, у яго складзе ёсць нектар з чальчаку вербалістага (яго яшчэ называюць плакун-травой), які цвіце на тэрыторыі рэспубліканскага біязаказніка “Спораўскі”.

— Сёлетняй фішкай, бачыў на свае вочы, стаў прышкольны апідомік. Што гэта за дзіва?
— Віктар Іосіфавіч прапанаваў яго паставіць, і сёлета мы засялілі апідомік, праводзілі для жадаючых аздараўленчыя апіпрацэдуры. Са старажытных часоў пчолы і прадукты пчалярства выкарыстоўваюцца для аздараўлення людзей. Апідомік — гэта дзве зручныя ляжанкі пад дахам прама на вуллях. Даказана, што знаходжанне ў іх спрыяе павышэнню імунітэту, умацаванню сардэчна-сасудзістай сістэмы, лячэнню неўрозаў, нармалізацыі сну і шмат у чым іншым карыснае. Паветра і цяпло ўнутры апідомікаў цыркулююць паміж прасторай для людзей і пчалінымі сем’ямі. Унікальны мікраклімат! Ствараецца неверагоднае ўражанне, нібы ты жывеш унутры пчалінай сям’і, удыхаючы гаючае паветра з водарам праполісу, мёду і воску.
Якраз у апідоміку асабліва востра ўсведамляеш: мы жывыя часцінкі прыроды, мы з ёй — адно цэлае і біялагічна, і духоўна. У пчол можна бясконца вучыцца мудрасці, працавітасці, дысцыпліне… І таму, як жыць у гармоніі з прыродай, соцыумам, самім сабой. Дарэчы, экапраблемы — гэта не пра тое, каб прыроду ахоўваць, а пра тое, каб адчуць-спасцігнуць гэтую вялікую гармонію.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Алены Мартысевіч





