Прафарыентацыйнай рабоце ў сярэдняй школе № 8 Ваўкавыска надаецца важнае значэнне. У 2025/2026 навучальным годзе класы на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі маюць прафесійную накіраванасць: 10-ы клас — ваенна-патрыятычную, 11-я класы — ваенна-патрыятычную і інжынерную.

Нядаўна ва ўстанове адукацыі быў праведзены тыдзень прафарыентацыі, у межах якога вучні пабывалі на экскурсіі ў Ваўкавыскім РАУС і дзяржаўнай натарыяльнай канторы, удзельнічалі ў гульні «Прафесіі розныя патрэбны» і інш. Яркім акордам прадметнага тыдня стала ўрачыстае адкрыццё кабінета прафарыентацыі. Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена начальніку ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пятру Красько і дырэктару школы Галіне Булай. Значнасць і важнасць гэтай падзеі надае той факт, што гэта першы кабінет прафесійнай накіраванасці ў раёне.
Кабінет прафарыентацыі — гэта ўнікальная прастора для комплекснай дапамогі вучням у выбары будучай прафесіі, якая ўключае дыягностыку схільнасцей, інфармаванне аб прафесіях, кансультаванне і развіццё прафесійных навыкаў. Яго задача — дапамагчы сучаснаму школьніку свядома падысці да выбару свайго кар’ернага шляху, улічваючы інтарэсы, здольнасці і запатрабаванні рынку. У кабінеце ёсць ўсе неабходныя тэхнічныя сродкі навучання, якія дазваляюць хутка знайсці інфармацыю аб кожнай прафесіі і ўстановах адукацыі Беларусі, прайсці анлайн-дыягностыку.
У кабінеце сабраны змястоўны метадычны матэрыял. Асаблівая каштоўнасць метадычнай часткі кабінета ў тым, што матэрыялы па прафарыентацыі разлічаны на вучняў з 1-га па 11-ы клас, уся работа ў гэтым кірунку пачынаецца з самага ранняга ўзросту праз гульні і знаёмства з цікавым светам прафесій.

У межах адкрыцця кабінета была праведзена інтэрактыўная гутарка вучняў 11-га класа з гасцямі «100 пытанняў даросламу». Вучні мелі магчымасць задаць свае пытанні педагогам, якія свядома зрабілі свой выбар і пранеслі гэтую адданасць прафесіі праз усё жыццё. П. Красько падкрэсліў высокі аўтарытэт педагога, значнасць гэтай прафесіі.
Напрыканцы размовы госці далі школьнікам каштоўную параду — прыслухоўвацца да сябе, не гнацца за моднымі прафесіямі. Дрэнных прафесій няма, у кожнай можна дасягнуць поспеху. Галоўнае — выбраць прафесію па душы, якая будзе не толькі сродкам для забеспячэння жыцця, але і крыніцай творчасці і самарэалізацыі.
Ганна ЛІТОЎКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі





