Мастацтва быць чалавекам: агляд лістападаўскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 17:25Журнал "Народная асвета", Новости

Максім Горкі пісаў свайму сыну: “Калі ты хочаш, каб вакол цябе былі добрыя, спагад­лівыя людзі, паспрабуй ставіцца да іх уважліва, ласкава, ветліва — і ўбачыш, што ўсе ста­нуць лепшымі. Усё ў жыцці зале­жыць ад цябе самога, павер мне”. Быць уважлівым да іншых, з павагай ставіцца да чужых меркаванняў, нават калі яны для вас цалкам непрымальныя. Разумець, што кожны чалавек мае багаты ўнутраны свет, і гэта — вялікая каштоўнасць. Умець слухаць і разумець не толькі словы. Усведамляць, што непадобны на нас — не значыць дрэнны.

Вучыцца браць на сябе адказнасць, імкнуцца вырашаць канфлікты, а не пазбягаць іх. Усё гэта, канечне, няпроста, але вялікаму мастацтву — быць чалавекам — можна навучыцца і можна навучыць.

Таму мы запрашаем вас да дыялогу аб развіцці ўмення жыць сярод людзей, а калі гава­рыць на мове навукі — аб механізмах і інструментах развіцця сацыяльнай кампетэнтнасці. Размову пачынаюць удзельнікі нашага праекта “Педагагічная асамблея”. Вы даведаецеся пра сутнасць паняцця “сацыяльна-эмацыянальныя навыкі”, падыходы да іх удасканалення і магчымыя рызыкі, пра тое, як на занятках па мастацтве, літаратуры, грамадазнаўстве, біялогіі і іншых прадметах умацоўваць псіхалагічны і сацыяльны імунітэт дзяцей, як працаваць са школьнікамі і іх бацькамі ў пазаўрочны час.

Адкуль школьныя настаўнікі чэрпаюць натхненне і крэатыўныя ідэі? Чаму выпускнікі заўсёды з радасцю завітваюць у родную школу? На гэтыя пытанні напярэдадні 80-гадовага юбілею даюць адказ педагогі сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма. Візітнай карткай школы, яе духоўным цэнтрам з’яўляецца народны музей баявой i працоўнай славы iмя А.С.Жукоўскага. Дарэчы, двойчы Герой Савецкага Саюза генерал арміі Павел Іванавіч Батаў на працягу многіх гадоў дапамагаў супрацоўнікам музея. На старонках рубрыкі “Энцыклапедыя Беларусі” настаўнікі школы дзеляцца вопытам, як арганіза­ваць метадычны палілог па развіцці функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў, прадстаўляюць мадэль арганізацыі змены ў школьным лагеры, запрашаюць на інтэрактыўную экскурсію ў музей.

Усё часцей бацькі дзеляцца назіраннямі: дзеці разлічваюць на тэхналогіі там, дзе патрэбна ўласная думка, уласнае рашэнне. Падлетак сядае за ўрокі — і… націскае кнопку пошуку, каб знайсці гатовае рашэнне. Не таму, што не хоча вучыцца, а таму, што штучны ін­тэлект прапануе хуткія адказы. Але ці дапамагаюць лічбавыя тэхналогіі сталець? Ці вучаць разважаць, адказваць за свае словы, слухаць сябе?

Гэтыя пытанні сёння непакояць і педагогаў, і бацькоў. Бо лічбавыя тэхналогіі — вялікае дасягненне чалавецтва — могуць быць і падтрымкай, і пасткай. Важна навучыць дзяцей выкарыстоў­ваць іх разумна: адрозніваць неабходнае ад лішняга, шукаць дакладную інфармацыю, бачыць рызыкі, заставацца самастойнымі ў мысленні. Пра гэта — матэрыялы праекта “Бацькоўскі сход”.

…Нельга вылічыць аб’ём намаганняў сям’і, школы, грамадства ў выхаванні і падрыхтоўцы падрастаючага пакалення да самастойнага жыцця. Але калі кожны, хто сустракаецца на шляху дзіцяці, будзе ставіцца да яго ўважліва, з улікам інтарэсаў, здольнасцей, магчымасцей, калі стане прыкладам паводзін, адносін да справы, то мы зможам быць упэўненымі ў заўтрашнім дні сваёй краіны.

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар