За 23 гады нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” адзначаны 8 педагогаў Маларытчыны. Нядаўна да іх далучыліся выкладчыкі Маларыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Сяргей Кавалевіч і Ірына Крысіна.

— Калі работа любімая, яна заўсёды прыносіць радасць і задавальненне, — гаворыць Ірына Аляксандраўна. — Штодзень з добрым настроем іду ў каледж, дзе зараджаюся пазітыўнай энергіяй ад усмешак навучэнцаў.
Ірына Крысіна нарадзілася ў нямецкім Магдэбургу ў сям’і вайскоўцаў. Нягледзячы на частыя пераезды, дзяўчына скончыла школу ў Гродне толькі з дзвюма чацвёркамі, але да апошняга не магла вызначыцца з будучай прафесіяй. У выніку апынулася ў тагачасным Гродзенскім СПТВ № 41, дзе вучылася на агародніка.
Вырашальную ролю ў выбары жыццёвай сцежкі адыграла куратар вучылішча Наталля Аляксандраўна, прозвішча якой, на жаль, Ірына Крысіна ўжо не памятае. Дзяўчыне вельмі падабалася гэтая выкладчыца: далікатная, тактоўная, ветлівая, усмешлівая… Пасля вучылішча накіравалася ў тагачасны Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе асвоіла спецыяльнасць “Ахова раслін”. Пераехала з мужам на яго малую радзіму ў Маларыту: уладкавалася лабарантам міжгаспадарчай аграхімічнай лабараторыі Маларыцкага раённага аграпрамысловага аб’яднання.
Лёсавырашальным стала 1 мая 1991 года, калі ў горад па нейкіх справах прыехаў дэкан факультэта аховы раслін Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута Васіль Міхальчык, які добра ведаў дырэктара Маларыцкага ПТВ № 155 Васіля Каляду. Падчас размовы з ім дэкан добрым словам успомніў былую студэнтку-актывістку Ірыну Крысіну, намякнуўшы, што з яе атрымаўся б добры выкладчык. Так яна апынулася ў вучылішчы, дзе спачатку працавала майстрам вытворчага навучання, а потым выкладчыкам спецдысцыплін па ахове працы, тэхналогіі і арганізацыі механізаваных работ, біялогіі.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Аксаны Мірчук, Ірына Аляксандраўна на занятках эфектыўна прымяняе рознаўзроўневую дыферэнцыяцыю, збалансавана спалучае традыцыйныя і новыя метады, прыёмы і тэхналогіі, стварае электронныя дыдактычныя матэрыялы, вучэбныя тэматычныя міні-фільмы, камп’ютарныя тэсты па тэме “Абарона раслін ад шкоднікаў і хвароб”. Акрамя таго, з’яўляецца аўтарам вучэбна-метадычнага комплексу па вучэбным прадмеце “Тэхналогія і арганізацыя механізаваных работ”. Больш за 10 гадоў была кіраўніком метадычнай камісіі майстроў вытворчага навучання і педагогаў спецдысцыплін каледжа.
Ірына Крысіна — актыўны ўдзельнік творчай групы па правядзенні конкурсаў прафмайстэрства сярод навучэнцаў установы. Амаль кожны год рыхтуе каманду для ўдзелу ў адкрытым абласным конкурсе прафмайстэрства па кваліфікацыі “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. У 2023 годзе навучэнец і майстар вытворчага навучання, падрыхтоўкай якіх займалася Ірына Крысіна, занялі адпаведна 2-е і 1-е месцы ў асабістым заліку, а каманда каледжа — 2-е месца ў агульным заліку. Летась 2-е месца заняў майстар вытворчага навучання ў асабістым заліку гэтага ж спаборніцтва.
Сваю асноўную задачу як выкладчыца Ірына Крысіна бачыць не толькі ў тым, каб даваць навучэнцам трывалыя веды, але і выхоўваць кожнага з іх добрасумленным, актыўным і адказным грамадзянінам.
— Не ўяўляю жыцця без роднай установы адукацыі, якой аддала больш за 34 гады. На пенсіі без любімай справы сумна. Таму і далей знаходжуся ў гушчыні падзей каледжа, — адзначае Ірына Аляксандраўна.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара





