Як развіваць сенсорыку ў малодшых дашкольнікаў з дапамогай дыдактычных гульняў і практыкаванняў

- 16:31Образование

Без сенсорнага развіцця немагчыма авалодаць любой практычнай дзейнасцю. Дзеці спазна­юць навакольны свет праз зрок, слых, праз дотык — на аснове адчуванняў і ўспрымання. Выніковасць разумовага, фізічнага і эстэтычнага выхавання ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі малышы чуюць, бачаць і адчуваюць навакольную рэча­існасць.

Дзякуючы дыдактычным гульням і практыкаванням дзеці лягчэй засвойваюць прыметы прадметаў, знаёмяцца з іх уласцівасцямі, што дапамагае назапашваць уяўленні пра форму, колер і велічыню прадметаў, іх месца ў прасторы.

Для таго каб зацікавіць дзяцей, звяртаюся да мастацкага слова і дыдактычных цацак. Развіваць уменні адрозніваць прадметы па форме дазваляюць гульні “Адрамантуй адзенне”, “Зачыні акенцы”, “Грузавік з фігурамі”, “Зацыруй штонікі”; па велічыні — “Што мішку, што зайку?”, “Вялікія і маленькія”, “Які мяч большы?”, “Пачастуй зайчыка”, “Дапаможам кветкам распусціцца”, “Кожны грыб — у свой кошык”; па колеры — “Пасадзі матылькоў на кветку”, “Алоўкі”, “Каляровыя гномікі”, “Рознакаляровыя шары”, “Падбяры кубачкі да сподачкаў”, “Рукавічкі”, “Магазін цацак”, “Дапаможам вожыку зварыць кампот”, “Вясёлыя фігуры”, “Каляровыя ліхтарыкі”.

Для ўскладнення задачы ў некаторых дыдактычных гульнях і практыкаваннях прапаную выканаць заданні дзвюма рукамі адначасова. Гэта дапамагае развіваць увагу, памяць, мысленне, маўленне, а таксама эмацыянальна-валявую сферу.

Не абыходжу ўвагай дыдактычныя практыкаванні з выкарыстаннем дэталей канструктара, шкляначак, рознакаляровых прадметаў, плоскіх і аб’ёмных геаметрычных форм (“Пацеркі”, “Пакармі птушанят”, “Вежы”, “Злаві колер”, “Каляровыя далонькі”, “Хованкі”).

Для ўскладнення задачы ў некаторых дыдактычных гульнях і практыкаваннях прапаную выканаць заданні дзвюма рукамі адначасова. Гэта дапамагае развіваць увагу, памяць, мысленне, маўленне, а таксама эмацыянальна-валявую сферу.

Каб далучыць дзяцей да практычнай дзейнасці, ствараю гульнявыя сітуацыі, задаю пытанні, пабуджаю да дзеянняў. У выніку дашкольнікі актыўна і з цікавасцю ўключаюцца ў гульню.

Юлія МАКОЎЧЫК,
выхавальніца дзіцячага сада № 4 Пружан