1 верасня ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце адбылася ўрачыстая сустрэча першакурснікаў з кіраўніцтвам універсітэта. З прывітальным словам да новых членаў вялікай універсітэцкай сям’і звярнуліся не толькі члены рэктарата, але і намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.
— 1 верасня мы сустракаемся са студэнтамі-першакурснікамі з адной мэтай — каб яны ўбачылі і адчулі, як па-сяброўску, як гасцінна і з якім жаданнем мы прымаем іх у сваю сям’ю, члены якой жывуць па ўсёй планеце. Сённяшнія першакурснікі пераступаюць парог альма-матар у вельмі няпросты час: узлёты і падзенні валюты, крывацёчныя раны Украіны, тэрарыстычныя акты па ўсім свеце, нелегальная міграцыя… Нашы студэнты звязалі сваё жыццё з прафесіяй, якая можа дапамагчы гэты час змяніць, — сказала рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Пятроўна Баранава. — Нашы першакурснікі выбралі сапраўды адну з лепшых моўных ВНУ не толькі нашай краіны, не толькі прасторы СНД, не толькі прасторы Еўропы, але і свету. Я кажу гэта з такой упэўненасцю таму, што далёка не ўсе ВНУ краіны маюць кантракты з ААН, яго выкладчыкі праходзяць там стажыроўкі, а студэнты практыку. У нас 173 дагаворы аб супрацоўніцтве! Мы вывучаем 21 мову і сёлета ўводзім вывучэнне партугальскай мовы і пушту (дзяржаўная мова Пакістана). У нас без перабольшання цудоўны педагагічны калектыў — 753 найвышэйшыя прафесіяналы, аўтары школьных падручнікаў. Усе яны розных узростаў, але ўсе аднолькава патрабавальныя, аднолькава інтэлігентныя і гэтую інтэлігентнасць і патрабавальнасць да саміх сябе будуць патрабаваць ад сваіх новых студэнтаў.
Дарэчы, праз некалькі гадоў універсітэт будзе святкаваць сваё 70-годдзе. Ад невялікага інстытута, дзе вывучаліся толькі дзве мовы — англійская і нямецкая, — ён вырас да ганаровага звання ўніверсітэта.Глыбокая прафілізацыя дазваляе ВНУ цалкам задаволіць сучасныя адукацыйныя патрэбы моладзі ў галіне гуманітарнай, філалагічнай, лінгвістычнай і педагагічнай адукацыі па замежных мовах. — Тэма сёлетняга першага школьнага ўрока “На цябе, наша моладзь, надзея”. Для студэнтаў я бы пераўтварыў яе ў слоган “Мы — маладыя надзеі краіны”. Студэнцкая моладзь сапраўды наша надзея, — адзначыў, звяртаючыся да першакурснікаў МДЛУ, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. — Імідж і статус лінгвістычнага ўніверсітэта і ў еўрапейскай, і ў сусветнай сістэме ўніверсітэтаў вельмі высокі. Нашы студэнты сябе таксама паказваюць з найлепшага боку. Я дагэтуль узгадваю мінулагодні чэмпіянат свету па хакеі, калі ў Беларусь прыехала вялікая колькасць людзей з розных краін. Як была арганізавана работа валанцёраў! Гэта было не толькі бездакорнае веданне замежных моў, але і выхаванасць, уменне мець зносіны. Студэнты-валанцёры МДЛУ справіліся са сваёй задачай на 11 балаў па 10-бальнай шкале. Зусім нядаўна мы прымалі дзяцей з КНР па выніках дамоўленасці на самым высокім узроўні. Калі даведаўся, што перакладчыкамі сустрэчы будуць студэнты МДЛУ, прызнаюся, трохі засумняваўся, ці атрымаецца ў іх: гэта ж кітайская мова! Але калі прыехалі дзеці, то яны выдатна адно аднаго разумелі. Узровень майстэрства ў студэнтаў быў нават вышэйшы, чым у штатнага перакладчыка кітайскай дэлегацыі. У рамках візіту было шмат мерапрыемстваў, дзе студэнты (падкрэсліваю, не магістранты, не прафесійныя перакладчыкі) справіліся са сваімі абавязкамі проста цудоўна. Выбраўшы МДЛУ, сістэму беларускай вышэйшай адукацыі ўвогуле, маладыя людзі зрабілі правільны выбар, і я жадаю ім ганаровае званне студэнта разам са званнем патрыёта і грамадзяніна сваёй краіны годна несці на працягу ўсіх студэнцкіх гадоў.
Марына ДЗМІТРЫЕВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.