Асноўная функцыя настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей

- 10:52Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі прайшла прамая лінія, у якой прыняў удзел міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч ЖУРАЎКОЎ. Кіраўніку міністэрства паступіў шэраг пытанняў ад педагогаў, кіраўнікоў устаноў, навучэнскай моладзі, якія тычацца развіцця сістэмы адукацыі на найбліжэйшую перспектыву, а таксама пытанні прыватнага характару. Сёння наш сайт пачынае размяшчэнне адказаў міністра на пытанні, якія найбольш хвалююць наша грамадства. 

— Як вы ставіцеся да статусу класнага кіраўніка і да таго, каб класнае кіраўніцтва ажыццяўляў не настаўнік-прадметнік, а вызвалены педагог? Як вы лічыце, ці трэба ўзмацніць прафесійны адбор пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці?
— Сёння асаблівая ўвага ўдзяляецца статусу класнага кіраўніка. Узмацненне яго ролі — важная задача дзейнасці сучаснай установы адукацыі. Педагагічны работнік, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка, з’яўляецца ключавой фігурай выхаваўчага працэсу. Мы не лічым, што настаўнік-прадметнік павінен быць вызвалены ад класнага кіраўніцтва. Наадварот, сёння асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на ўзмацненне выхаваўчага патэнцыялу ўрока, паколькі большую частку часу навучэнцы праводзяць менавіта на вучэбных занятках. У настаўніка-прадметніка ёсць унікальная магчымасць выхоўваць навучэнцаў як праз змест вучэбнага прадмета (падбор вучэбных заданняў, дыдактычнага матэрыялу і інш.), так і праз розныя формы арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, якія спрыяюць развіццю камунікатыўных уменняў, фарміраванню навыкаў самаацэнкі дзейнасці. Разам з тым я згодны, што трэба ўзмацніць прафесійны адбор пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. Магчыма, трэба вярнуцца да характарыстык-рэкамендацый з улікам удзелу ў валанцёрскім руху, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднаннях і інш.
Сучасная інфармацыйная прастора дазваляе ўкараняць новыя тэхналогіі сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы. У практыку дзейнасці класных кіраўнікоў для зносін з вучнямі і іх бацькамі ўсё больш павінна ўваходзіць прымяненне электроннай пошты, развіццё ўнутрысеткавага ўзаемадзеяння на аснове пазітыўнага дыялогу. Педагогам рэкамендуецца звярнуць асаблівую ўвагу на культуру сеткавых зносін з навучэнцамі і бацькамі, не забываць аб этыцы і маралі.
На жаль, школьная нагрузка “класны кіраўнік” з’яўляецца не зусім прэстыжнай і не папулярная сярод настаўнікаў. Адна з прычын — гэта неабходнасць вядзення вялікай колькасці дакументаў.
На класных кіраўнікоў ускладаюцца функцыі па зборы сродкаў на рамонт класаў, распаўсюджванне білетаў на спартыўныя мерапрыемствы, музеі, кінатэатры. Таксама настаўнікі прыцягваюцца да розных дзяжурстваў, суботнікаў, патрулявання і інш.
Лічу, што асноўнай функцыяй настаўніка павінна быць функцыя вучыць і выхоўваць дзяцей, усе іншыя функцыі, непасрэдна не звязаныя з педагагічнай працай, павінны быць прыбраны з практыкі дзейнасці школ. Неабходна максімальна выключыць непатрэбныя і дубліруючыя дакументы, а вядзенне дакументацыі перавесці ў электронны фармат.

Даведка
У адпаведнасці з Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 20 снежня 2011 года № 283, выхаваўчую работу з вучнямі класа ўстановы адукацыі пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі арганізоўвае настаўнік, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка. Падставай для ажыццяўлення настаўнікам арганізацыйна-выхаваўчай работы (класнага кіраўніцтва) служаць службовыя абавязкі настаўніка, вызначаныя ў 28 выпуску Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, зацверджанага пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 21 кастрычніка 2011 года № 105.
Класны кіраўнік прызначаецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі з ліку настаўнікаў на перыяд навучання вучняў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі. Аплата працы класнага кіраўніка забяспечваецца за кошт выдзеленых на клас 5 гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы. Як паказвае практыка, гэтыя гадзіны выкарыстоўваюцца ў школах не толькі для аплаты працы класных кіраўнікоў, але і для аплаты за загадванне кабінетам, за прышкольны ўчастак і г.д.
Арганізацыя работы класнага кіраўніка рэгламентуецца інструктыўна-метадычным пісьмом аб арганізацыі класнага кіраўніцтва і работы куратара вучэбнай групы ва ўстановах адукацыі (Зборнік нарматыўных дакументаў Міністэрства адукацыі № 24, 2012 год).
Дакументацыя класнага кіраўніка: план ідэалагічнай і выхаваўчай работы класнага кіраўніка на чвэрць або паўгоддзе (уключаючы работу на канікулах, у шосты школьны дзень); сацыяльна-педагагічная характарыстыка класа (падтрымліваецца ў актуальным стане на працягу года); аналітычная справаздача аб выхаваўчай рабоце за год.

Вызваліць настаўнікаў ад выканання неўласцівых функцый

— Ці мае намер міністэрства весці дыялог са службамі МНС, аховы здароўя, МУС з мэтай скарачэння дакумента-абароту і вызвалення настаўнікаў ад неўласцівых ім абавязкаў?

— Міністэрствам адукацыі прыняты шэраг мер, накіраваных на скарачэнне дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Устаноўлены вычарпальны пералік дакументаў, якія неабходна весці асобным катэгорыям педагагічных работнікаў, у тым ліку настаўнікам і класным кіраўнікам (пісьмо Міністэрства адукацыі ад 21.10.2014 № 05-21/212). У інструктыўна-метадычным пісьме да пачатку 2014/2015 і 2015/2016 навучальных гадоў уведзены агульны раздзел “Вядзенне планавай і ўлікова-справаздачнай дакументацыі”, у якім дакладна прапісаны абавязковыя дакументы настаўніка, які выкладае той ці іншы вучэбны прадмет, пры гэтым зроблены акцэнт на тое, што форму планавання настаўнік вызначае самастойна. Прапанаваны канкрэтныя меры па зніжэнні дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (пісьмо Міністэрства адукацыі ад 10.04.2015 № И-05-21/70 накіравана ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкамаў, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама).
Аднак пытанне канчаткова не вырашана. У мэтах выканання патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 135 ад 23 сакавіка 2015 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дырэктыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і зніжэння дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі ініцыіравала перад Саветам Міністраў падрыхтоўку і накіраванне пісьма ў аблвыканкамы, Мінгарвыканкам, іншыя органы дзяржаўнага кіравання, у тым ліку і МНС, аховы здароўя, МУС.
У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання даведзена да ведама падначаленых і падведамных арганізацый і структур інфармацыя аб зніжэнні дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і вызвалення настаўнікаў ад выканання неўласцівых функцый, а таксама праведзены аналіз дакументацыі, якую вядуць педагагічныя работнікі падведамных iм устаноў адукацыі.

— Хацелася б даведацца, ці плануюцца пераўтварэнні ў сферы метадычных структур? Які лёс чакае раённыя вучэбна-метадычныя кабінеты, абласныя інстытуты развіцця адукацыі?
— На сённяшні дзень інстытуты развіцця адукацыі з’яўляюцца шматфункцыянальнымі ўстановамі, якія вырашаюць задачу не толькі павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, але і іншыя задачы ў сферы адукацыі, якія ставяцца ў рэгіёнах. Таму далучэнне інстытутаў развіцця адукацыі да рэгіянальных універсітэтаў, аб чым ідзе гаворка ў педагагічным асяроддзі, лічым немэтазгодным.
Што тычыцца вучэбна-метадычных кабінетаў, то цяпер Міністэрствам адукацыі сумесна з зацікаўленымі структурамі вядзецца работа па вызначэнні аптымальнай структуры метадычнай службы, якая дазволіць найбольш эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы.

— Пасля заканчэння ўніверсітэта я планаваў паступаць у аспірантуру акадэміі навук. Але нядаўна прачытаў у “Настаўніцкай газеце”, што ў Кодэксе аб адукацыі аспірантура будзе лічыцца трэцяй ступенню вышэйшай адукацыі. Ці значыць гэта, што аспірантура застанецца толькі ва ўніверсітэтах?
— Праект закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб навуковай дзейнасці” і ў Кодэкс аб адукацыі” не ўтрымлівае палажэнняў, якія ўшчамляюць правы навуковых арганізацый, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні НАН Беларусі, паколькі выключэнне з Кодэкса аб адукацыі раздзела XII “Пасляўніверсітэцкая адукацыя” не пазбаўляе права навуковых арганізацый на рэалізацыю адукацыйнай праграмы аспірантуры (ад’юнктуры) і падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў форме саіскальніцтва.
У праекце закона прадугледжана, што да арганізацый, якія рэалізуюць адукацыйную праграму аспірантуры (ад’юнктуры), адносяцца ў тым ліку навуковыя арганізацыі, падначаленыя НАН Беларусі.
— Мой сын у цэлым вучыцца добра (сярэдні бал за першую чвэрць — 7,5), але яму не зусім даецца руская мова — у яго за чвэрць “чацвёрка”. Пры гэтым настаўніца выклікае яго да дошкі на кожным уроку. Магчыма, яна лічыць, што такім чынам стымулюе дзіця да вучобы. Хаця, па маім меркаванні, яна стварае для яго стрэсавую сітуацыю. Скажыце, наколькі правільна паступае настаўніца?
— Калі ўзнікаюць такія праблемы, то перш-наперш трэба звярнуцца па дапамогу да адміністрацыі ўстановы адукацыі, якая павінна разабрацца ў сітуацыі: правесці гутарку з настаўнікам-прадметнікам, наведаць яго ўрокі, прыцягнуць педагога-псіхолага для аказання псіхалагічнай дапамогі вучню, а таксама з мэтай паспяховага засваення вашым дзіцем вучэбнага матэрыялу па прадмеце арганізаваць правядзенне падтрымліваючых заняткаў па рускай мове.
Калі гаварыць у цэлым пра існуючыя нарматывы, то для правядзення бягучай і прамежкавай атэстацыі навучэнцаў устанаўліваецца паўрочны і тэматычны кантроль. Паўрочны кантроль ажыццяўляецца ў вуснай і пісьмовай форме ці ў іх спалучэнні шляхам правядзення апытання (індывідуальнага, групавога, франтальнага). Тэматычны кантроль ажыццяўляецца з дапамогай правядзення самастойных і кантрольных работ, іншых метадаў і сродкаў кантролю. Метады і сродкі кантролю вызначаюцца педагогам з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў у мэтах атрымання аб’ектыўнай інфармацыі аб якасці вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў і іх вучэбных дасягненнях, прадастаўляючы ім роўныя магчымасці быць ацэненымі ў адпаведнасці з 10-бальнай сістэмай ацэнкі ведаў.

Раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці

У рэгіёнах навучальным установам па-ранейшаму даводзяцца нормы па зборы другаснай сыравіны. Горш за ўсё, што гэтыя нормы не толькі неправамерныя, але і нерэальныя для выканання.
— На сённяшні дзень планы па зборы другаснай сыравіны не даводзяцца.
Ва ўстановах адукацыі ў мэтах прывіцця дзецям і падлеткам ведаў пра каштоўнасць прыродных рэсурсаў, далучэння іх да сацыяльнай працы, значнай для захавання лясных запасаў краіны, праводзяцца розныя акцыі, да якіх прыцягваюць вучняў малодшых і старшых класаў.
Падобныя акцыі арганізоўваюцца ў гульнявой, спаборніцкай форме, яны не абцяжарваюць школьнікаў нейкімі клопатамі і абавязкамі, але дазваляюць адчуць сваю значнасць у грамадстве, а таксама праявіць лідарскія якасці. За ўдзел у такіх акцыях, як правіла, узнагароджваюць усіх удзельнікаў, а лідараў заахвочваюць падарункамі.
Працую педагогам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Нядаўна было прынята рашэнне аб забароне правядзення заняткаў па нядзелях. З чым гэта звязана? Выхадны ж дзень найбольш спрыяльны для правядзення заняткаў і адцягнення дзяцей ад вуліцы.
— У адпаведнасці з п. 71.4 Санітарных норм і правіл “Патрабаванні да ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў”, зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 04.06.2013 № 43, са змяненнямі і дапаўненнямі ад 29.07.2014 № 63, заняткі з дзецьмі ва ўстановах дадатковай адукацыі могуць праводзіцца ў любы дзень тыдня, уключаючы нядзельныя і канікулярныя дні.
Якой павінна быць сучасная інклюзіўная школа ў кантэксце работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, мігрантамі, адоранымі, дзецьмі з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы?
— Інклюзіўная школа — гэта школа, у якой улічваюцца асаблівасці і патрэбы кожнага вучня, школа, якая гатова прыняць любога навучэнца, незалежна ад яго праблем або дасягненняў. І не проста прыняць, а стварыць усе неабходныя ўмовы для яго ўключэння ў адукацыйны працэс. Спецыяльныя ўмовы — гэта і спецыяльныя педагагічныя методыкі, сучасныя тэхналогіі, у тым ліку інфармацыйна-камунікацыйныя, дыстанцыйныя, гэта і забеспячэнне індывідуальнага падыходу, і падрыхтаваныя кадры, у некаторых выпадках — дадатковыя штатныя адзінкі. Вядома, павінна быць створана добразычлівае адукацыйнае асяроддзе, у шырокім сэнсе гэтага слова: ад безбар’ернага архітэктурнага асяроддзя для пэўных катэгорый навучэнцаў да талерантнага стаўлення, якое дазваляе раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці, забяспечыць найбольш поўны ўдзел кожнага навучэнца ў жыцці ўстановы адукацыі.
Сёння ў нашай краіне мы разглядаем інклюзіўную адукацыю часцей у адносінах да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прынята Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь, распрацоўваецца план мера-прыемстваў па рэалізацыі гэтай Канцэпцыі. Ідзе эксперыментальная работа ў некалькіх школах краіны. Пэўны імпульс развіццю інклюзіўнай адукацыі азначанай катэгорыі навучэнцаў дае і факт падпісання нашай краінай Канвенцыі аб правах інвалідаў (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня 2015 года № 401).

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі не з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі

— Ці прыраўноўваюцца дырэктары школ да дзяржслужачых?
— Не, дырэктары школ не прыраўноўваюцца да дзяржаўных служачых.
Разам з тым дырэктары ўстаноў адукацыі выконваюць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя абавязкі. У сувязі з гэтым, згодна з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”, іх можна аднесці да дзяржаўных службовых асоб, на якіх распаўсюджваюцца абмежаванні, прадугледжаныя гэтым законам.

— У Беларусі нядаўна ўступілі ў сілу змены ў Законе “Аб альтэрнатыўнай службе” ў войску. У той жа час назіраецца недахоп настаўнікаў у школах. Чаму б не прыраўнаваць настаўніцкую працу да альтэрнатыўнай службы для маладых людзей, якія маюць адпаведную адукацыю або неабходныя веды для навучання дзяцей?
— У адпаведнасці з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб альтэрнатыўнай службе”, альтэрнатыўная служба ўяўляе сабой грамадска карысную дзейнасць, ажыццяўленне якой ускладаецца на грамадзян Рэспублікі Беларусь узамен вайсковай службы.
Згодна з артыкулам 4, грамадзяне праходзяць альтэрнатыўную службу ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, у арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных пуцей.
Пералік арганізацый, у якіх грамадзяне праходзяць альтэрнатыўную службу, устанаўліваецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь з улікам заявак на ўключэнне ў пералік арганізацый або выключэнне з яго абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў на падставе пераліку відаў работ (вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь), што могуць выконваць грамадзяне, якія праходзяць альтэрнатыўную службу.
Для ўключэння ў пералік арганізацый і выключэння з яго арганізацыі падаюць у абласныя (Мінскі гарадскі) выканаўчыя камітэты заяву па форме, вызначанай Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, узгодненую з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню (у Мінску — мясцовай адміністрацыяй раёна).
Такім чынам, пры падачы заяўкі абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў на ўключэнне ў пералік арганізацый для праходжання альтэрнатыўнай службы пры ўмове захавання пераліку відаў работ, якія могуць выконваць вышэйназваныя грамадзяне, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь зможа прыняць адпаведнае рашэнне.

— Як вы ставіцеся да таго, што ў сталічныя дашкольныя ўстановы з мэтай запаўнення выхавальнікамі пустуючых ставак пачалі прымаць людзей без адукацыі?
— Думаю, што з дзецьмі дашкольнага ўзросту павінны працаваць кваліфікаваныя спецыялісты. Дзіцячы сад — гэта не проста догляд і нагляд, гэта адукацыя, а галоўнае, гэта здароўе і бяспека маленькага дзіцяці. Мы разумеем, што існуюць праблемы з педагагічнымі кадрамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі нашай сталіцы, і таму прыцягваюцца на работу спецыялісты без адпаведнай адукацыі. У такім выпадку неабходна вырашаць пытанне аб іх перападрыхтоўцы. Мяркуючы па захадах, якія прымае кіраўніцтва сталічнай адукацыі па падрыхтоўцы выхавальнікаў для мінскіх дашкольных устаноў, у хуткім часе сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.

— Хацелася б пачуць ваша меркаванне наконт увядзення безадзнакавага навучання на ўроках фізкультуры. Ці магчыма ўвядзенне гэтай сістэмы ацэньвання ў найбліжэйшы час?
— У 2015/2016 навучальным годзе ў рамках маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі (загад міністра адукацыі ад 9 верасня 2015 года № 712) будзе вывучана пытанне мэтазгоднасці ўвядзення ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі безадзнакавага навучання па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

Развіццё спорту — адзін з кірункаў дзяржаўнай палітыкі

— Міхаіл Анатольевіч, вы з’яўляецеся кіраўніком Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту. Чым сёння займаецца асацыяцыя і ці ўдаецца ёй выконваць самую галоўную функцыю — папулярызаваць спорт сярод студэнтаў?

— Цэнтральнае месца ў сістэме масавага студэнцкага спорту займае Рэспубліканская ўніверсіяда. Штогод спартыўныя спаборніцтвы праводзяцца сярод устаноў вышэйшай адукацыі па 29 відах спорту, па летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе” па праграме Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу нашай краіны. За апошнія гады значна вырас статус гэтых спаборніцтваў. У мэтах фарміравання зборных каманд для ўд зелу ў іх праводзяцца ўнутрыўніверсітэцкія спаборніцтвы па відах спорту, у якіх толькі ў мінулым годзе прынялі ўдзел каля 124 тысяч студэнтаў, або 62,5 працэнта ад агульнай колькасці студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі, што на 18 230 студэнтаў больш, чым у 2010 годзе. Назіраецца станоўчая дынаміка ўд зелу ў фінальных спаборніцтвах па праграме рэспубліканскіх універсіяд. Калі ў 2010 годзе ў фіналах па відах спорту прынялі ўдзел 7357 студэнтаў з 48 УВА, то ў 2014 годзе ўдзельнікамі Рэспубліканскай універсіяды сталі ўжо 8766 студэнтаў з 51 установы адукацыі.
У 48 УВА створаны і працуюць кафедры фізічнага выхавання і спорту.
Даведка: не створана кафедра фізічнага выхавання і спорту ў прыватных установах адукацыі “Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці”, “Інстытут сучасных ведаў”, “Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва”, “Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут”.
У гэтым годзе ў 39 УВА для арганізацыі і правядзення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы са студэнтамі і выкладчыкамі дзейнічаюць асобныя структурныя падраздзяленні — спартыўныя клубы (у 2011/2012 навучальным годзе было 35 спартыўных клубаў).
Даведка: спартыўныя клубы не створаны ў 13 УВА: у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь, Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, у прыватных установах адукацыі “Інстытут сучасных ведаў”, “Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці”, “Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва”, “Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін”, “Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут”, “Беларускі інстытут правазнаўства”, “Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва”, “Мінскі інстытут кіравання”.
У мэтах развіцця студэнцкага спорту ва ўстановах вышэйшай адукацыі ствараюцца спартыўныя вучэбныя аддзяленні з ліку студэнтаў, якія паказалі добрую фізічную падрыхтоўку у выбраным відзе спорту. У іх навучаюцца студэнты толькі асноўнай медыцынскай групы, якія маюць спартыўныя разрады і званні. За апошнія шэсць гадоў колькасць спартыўных вучэбных аддзяленняў і студэнтаў-спартсменаў, якія там займаюцца, павялічылася ў два разы. Так, у 2015/2016 годзе арганізавана 986 спартыўных вучэбных аддзяленняў з агульнай колькасцю 14 873 студэнты. (У 2010/2011 навучальным годзе было 425 спартыўных вучэбных аддзяленняў, дзе займаліся 7225 студэнтаў.)
Падрыхтоўку фізкультурных і спартыўных кадраў у краіне сёння ажыццяўляюць 12 устаноў вышэйшай адукацыі, у якіх ёсць факультэты па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне фізічнай культуры і спорту. Гэта БНТУ, БДУФК, БДПУ імя Максіма Танка, БрДУ імя А.С.Пушкіна, БарДУ, ВДУ імя П.М.Машэрава, ГДУ імя Францыска Скарыны, ГрДУ імя Янкі Купалы, МДПУ імя І.П.Шамякіна, МДУ імя А.А.Куляшова, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Спецыялістаў рыхтуюць па 5 спецыяльнасцях і 12 напрамках, у тым ліку па кірунку “Трэнерская работа” па 32 відах спорту. З 9 педагагічных УВА падрыхтоўку трэнерскіх кадраў вядуць 5 універсітэтаў. У 2010 годзе ў ІППК БДУФК адкрыта новая спецыяльнасць “Спартыўнае права”, дзе ў 2011 годзе арганізавана перападрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці “Юрыст з веданнем спартыўнага права”. Таксама на базе спартыўна-тэхнічнага факультэта БНТУ з 2010/2011 навучальнага года ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў па новай спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне і эксплуатацыя спартыўных аб’ектаў”.
У адпаведнасці з мерапрыемствамі Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь на 2011—2015 гады, на базе УВА неабходна развіваць гульнявыя віды спорту. Па праграме рэспубліканскіх універсіяд фінальныя спаборніцтвы праводзяцца па 7 гульнявых відах спорту — 5 алімпійскіх (баскетбол, валейбол, гандбол, футбол, пляжны валейбол) i 2 неалімпійскіх відах спорту (міні-футбол і футзал). За апошнія тры гады значна павялічылася колькасць аматарскіх студэнцкіх каманд па гульнявых відах спорту. Калі ў праграме Рэспубліканскай універсіяды ў 2011 годзе прынялі ўдзел толькі 225 аматарскіх каманд, то ў 2012 годзе спаборнічалі 280 каманд, а ў 2013 і 2014 годзе — ужо 336 і 324 аматарскія каманды адпаведна.
У мэтах рэалізацыі даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ад 1 лістапада 2005 года № 30 пры УВА створаны і замацаваны клубы (каманды) па гульнявых відах спорту з мэтай іх удзелу ў нацыянальных чэмпіянатах. У цяперашні час пры 17 вышэйшых навучальных установах функцыянуюць 18 клубаў, у склад якіх уваходзяць 18 каманд па гульнявых відах спорту, і ў 10 УВА — 13 каманд па гульнявых відах спорту. У нацыянальным чэмпіянаце 2015—2016 гадоў прымаюць удзел 29 каманд, з іх 24 каманды ад УВА, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, 2 — Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, па адной — Міністэрству спорту і турызму, Міністэрству абароны, Міністэрству транспарту і камунікацый.
Даведка: у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь 2014—2015 гадоў гандбольныя клубы “БНТУ-БелАЗ” (жанчыны) і “БДК імя А.П.Мяшкова” (мужчыны), валейбольная каманда “Жамчужына Палесся” занялі першае месца, баскетбольны клуб “Гродна-93”(мужчыны) і валейбольная каманда “БДУ-БАТЭ” (мужчыны) — другое месца ў вышэйшай лізе.
Усяго 29 каманд па 7 гульнявых відах спорту. З іх па баскетболе — 8 каманд, валейболе — 9 каманд, гандболе — 5 каманд, футболе — 3 каманды, міні-футболе — 2 каманды, футзале — 1 каманда, хакеі на траве — 1 каманда.
У мэтах развіцця студэнцкага спорту ў 2013 годзе за 52 установамі вышэйшай адукацыі замацаваны ў якасці профільных алімпійскія віды спорту. Пры гэтым большасцю УВА выбар зроблены па некалькіх відах спорту. План развіцця профільных відаў узгоднены ў Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з планам, з агульнай колькасці УВА футбол развіваюць 11, баскетбол — 12, валейбол — 10, пляжны валейбол — 2, плаванне — 10, дзюдо — 9, лёгкую атлетыку — 9, барацьбу грэка-рымскую — 7, барацьбу вольную — 4 , бокс — 3, веславанне — 2, таэквандо — 2, біятлон — 2, гандбол — 7, тэніс настольны — 6, лыжныя гонкі — 6, цяжкую атлетыку — 2, веласіпедны спорт — 1.
Хочацца спыніцца больш падрабязна на Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту (БАСС). Яна была створана для кансалідацыі намаганняў па развіцці сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву рашэннем устаноўчага сходу 8 лістапада 2012 года. Заснавальнікамі БАСС выступілі 54 установы вышэйшай адукацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Мэтай дзейнасці гэтай арганізацыі з’яўляецца садзейнічанне развіццю студэнцкага спорту ў нашай краіне, правядзенне фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод навучэнскай моладзі, а таксама папулярызацыя здаровага ладу жыцця маладога пакалення як аднаго з кірункаў дзяржаўнай палітыкі. Па асноўных напрамках дзейнасці асацыяцыя ўзаемадзейнічае з Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам спорту і турызму, нацыянальнымі федэрацыямі (асацыяцыямі) па відах спорту, упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў і камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, аддзеламі адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама з 7 рэгіянальнымі цэнтрамі фізічнага выхавання і спорту.
На пасяджэнні выканаўчага камітэта асацыяцыі выносяцца найбольш актуальныя пытанні, у прыватнасці аб заснаванні імянных стыпендый студэнтам-спартсменам, якія дасягнулі найвышэйшых спартыўных вынікаў, аб арганізацыі рэспубліканскага конкурсу сярод УВА на лепшае правядзенне спартыўнай работы са студэнтамі, аб стварэнні студэнцкага штаба па падрыхтоўцы і правядзенні VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ.
Са сродкаў заснавальнікаў БАСС па выніках удзелу ў сусветных летняй і зімовай універсіядах, чэмпіянатах свету сярод студэнтаў з 2013 года забяспечваюцца выплаты грашовых узнагарод студэнтам, якія заваявалі медалі ў названых міжнародных спаборніцтвах, і іх трэнерам.
У 2012 годзе Рэспубліка Беларусь была афіцыйна прынята ў члены Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (ISF), а ў лістападзе 2013 года беларускія школьнікі ўпершыню прынялі ўдзел у XV Сусветнай гімназіядзе ў горадзе Бразіліа (Федэратыўная Рэспубліка Бразілія), дзе заваявалі адзін залаты, два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі.
Для павышэння палітычнага і спартыўнага іміджу краіны, павышэння аўтарытэту БАСС, прадстаўляючы Рэспубліку Беларусь у міжнароднай спартыўнай супольнасці, у 2013 годзе выйграў конкурс на правядзенне VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ. Чэмпіянат адбыўся ў жніўні 2014 года на вяслярным канале Заслаўя. У гісторыі суверэннай дзяржавы названыя спаборніцтвы міжнароднага маштабу сярод студэнцкай моладзі праводзіліся ўпершыню.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.