Верныя піянеры, гатовыя да добрых спраў

- 11:36Актуально, Апошнія запісы

“Мы — піянерыі верныя!” — пад такім дэвізам прайшоў Рэспубліканскі злёт Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Больш за 400 лідараў і актывістаў БРПА сабраліся разам у НДЦ “Зубраня”, каб на працягу трох дзён падвесці вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія тры гады і намеціць планы на наступны перыяд.

Гэты год для беларускіх піянераў асаблівы. БРПА адзначыла сваё 25-годдзе, прайшоў V Рэспубліканскі агляд-конкурс піянерскіх агітбрыгад “Запалі касцёр дабрыні”, наперадзе — 75-годдзе цімураўскага руху. І ўсё гэта адбываецца ў Год моладзі, год юбілею Вялікай Перамогі. Таму юбілейны XX справаздачна-выбарчы злёт адбываўся ў асаблівай урачыстай і святочнай атмасферы.
Па традыцыі злёту папярэднічала профільная піянерская змена ў “Зубраняці”. Удзел у ёй прынялі каля 350 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў краіны, зорачкі піянерскага алімпу, якія добра праявілі сябе ў конкурсах, праектах, акцыях і якія разам з дэлегатамі ўсіх абласцей краіны сталі ўдзельнікамі мерапрыемства.
Да работы злёту далучыліся Сяргей Сяргеевіч Герасіменя, намеснік загадчыка аддзела па рабоце з грамадскімі аб’яднаннямі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і Марыя Аляксандраўна Саротнік, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі. Марыя Аляксандраўна перадала прывітанні і найлепшыя пажаданні міністра адукацыі Міхаіла Анатольевіча Жураўкова форуму піянерыі краіны, а таксама адзначыла, што піянерскія дружыны апошнім часам значна выраслі колькасна, а іх пачынанні выраслі якасна: праекты, якія піянеры здзейснілі, і ідэі, якія ажыццявілі, маюць вялікае сацыяльнае значэнне.
Сёння піянерская арганізацыя ў нашай краіне аб’ядноўвае больш за 632 тысячы чалавек. Гэта каля 3 тысяч піянерскіх дружын, 152 тэрытарыяльныя саветы. За апошнія тры гады колькасць членаў БРПА павялічылася на 60 тысяч чалавек. Лічба ўражвае, як і тыя справы, за якія бяруцца сучасныя піянеры. Так, імі была створана і выдадзена кніга “Ніколі не забудзем: унукі аб вайне” — гэта зборнік 73 твораў розных жанраў, у якіх знайшлі адлюстраванне ўспаміны аб Вялікай Айчыннай вайне яе ўдзельнікаў і сведкаў. Праект заклікаў піянераў пагутарыць са сваімі роднымі і блізкімі, суседзямі і знаёмымі, якія маглі расказаць ім аб ваенных часах, і запісаць іх аповеды. На гэты заклік адгукнулася каля 700 піянераў. Створана таксама аднайменная аўдыякніга. Піянеры збіраюцца прадоўжыць работу ў гэтым кірунку.
Кожны жадаючы можа даведацца падрабязнасці гісторыі дзейнасці піянерскіх арганізацый, іх багатых традыцый і шматлікіх поспехаў з “Атласа Піянерыі”. Гэтае ілюстраванае выданне расказвае аб значных падзеях з дня заснавання арганізацыі ў 1922 годзе і да цяперашняга часу. Да свайго 25-га дня нараджэння БРПА запусціла інтэрнэт-партал і займела ўласны гімн, а таксама правяла міжнародны злёт. Да 50-годдзя Дня юнага героя-антыфашыста быў створаны піянерскі вернісаж “Героі ніколі не паміраюць, героі ў нашай памяці жывуць”, больш за 50 відэаролікаў знялі дзеці ў рамках Рэспубліканскага конкурсу сацыяльнай рэкламы “Будзь здароў”, у маі запланаваны выпуск літаратурна-мастацкага выдання “Піянерыя, піянерыя, свята ўсіх беларускіх дзяцей”. Брэндамі БРПА з’яўляюцца конкурсы “Піянер года” і “Суперзорачка”, злёт цімураўскіх атрадаў “Цімураўцы.BY”, збор “Я піянер сваёй краіны”, ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”. Піянеры аказваюць шэфскую дапамогу 15 тысячам ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, даглядаюць 980 мемарыялаў і помнікаў, збіраюць другасную сыравіну, а даходы ад гэтай дзейнасці плануюць накіраваць на добраўпарадкаванне і азеляненне парка імя піянера-героя Марата Казея. Спіс дасягненняў, якімі піянеры могуць ганарыцца, бясконцы. Пазнаёміцца бліжэй з некаторымі пунктамі з гэтага спіса ўдзельнікі злёту маглі на выставе “ТРЫумф Піянерыі”. Яшчэ адно цікавае знаёмства — з самымі яскравымі зорачкамі піянерыі — адбылося падчас выступлення на сцэне дуэтаў лідараў, якія сталі фіналістамі Рэспубліканскага конкурсу “Піянер года-2015”.
Злёт піянераў — гэта погляд не толькі ў мінулае, але і ў будучыню. Паўплываць на яе мог кожны ўдзельнік мерапрыемства, бо на злёце выбіралі новы склад дарослай і дзіцячай палаты Цэнтральнага Савета. Для малодшых піянераў была праведзена арганізацыйна-дзелавая гульня “Прагаласуй.by”: умовы выбараў у дзіцячую палату былі максімальна прыбліжаны да ўмоў выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Працавала выбарчая камісія, незалежныя назіральнікі, прэс-цэнтр, дзеці галасавалі, апускаючы бюлетэні ў урну. Калі новыя члены абедзвюх палат былі вызначаны, яны амаль адразу ж пачалі работу: на пленарных пасяджэннях яны разам строілі планы і абмяркоўвалі кірункі далейшай работы. Не сумавалі тым часам і іншыя піянеры, яны ўдзельнічалі ў вучэбным квесце, спартыўных спаборніцтвах, рабоце “адкрытага мікрафона”. А ўвечары дзяцей аб’яднаў піянерскі касцёр.
Безумоўна, злёт — важная падзея ў жыцці кожнага яго ўдзельніка. Але асабліва значным ён стаў для 20 акцябрат Мядзельскага і Вілейскага раёнаў Мінскай вобласці. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця злёту яны былі прыняты ў піянеры. Стоячы на сцэне перад лепшымі піянерамі краіны, яны прамовілі клятву, далі абяцанне жыць згодна са статутам і законамі БРПА. І вось ужо наваяўленыя піянеры ў чырвона-зялёных гальштуках салютуюць старэйшым таварышам і атрымліваюць першае піянерскае даручэнне — працягнуць работу над зборам успамінаў аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэты момант прыгожы, чуллівы і сімвалічны: маленькія грамадзяне нашай краіны ўсвядомлена бяруць на сябе адказнасць за рэалізацыю важных спраў, запланаваных на злёце, яны выбіраюць справы на карысць Радзімы, дабра і справядлівасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.