Першы маладзёжны, працоўны

- 11:01Інфармацыйная гадзіна

Першы форум працуючай моладзі прайшоў у Мінску. У ім прынялі ўдзел каля 150-ці маладых супрацоўнікаў больш чым 120-ці сталічных прадпрыемстваў і арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Арганізаваў форум Мінскі гарадскі камітэт БРСМ.

Спачатку ўдзельнікі сустрэчы наведалі “Мінсктранс”, завод колавых цягачоў, СААТ “Камунарка”, пазнаёміліся з карпаратыўнымі стандартамі работы з моладдзю, вытворчай базай і сацыяльнай структурай прадпрыемстваў. Потым сталі ўдзельнікамі псіхалагічных трэнінгаў, папрацавалі на чатырох секцыях: “Развіццё прамысловага сектара краіны і роля моладзі ў ім”, “Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе”, “Культурна-забаўляльная дзейнасць на прадпрыемствах Мінска для працуючай моладзі” і “Асаблівасці арганізацыі работы з маладымі сем’ямі”.
Экспертамі работы секцый сталі дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі прадпрыемстваў і іх намеснікі, супрацоўнікі Мінгарвыканкама, навукоўцы. У пленарным пасяджэнні форуму прынялі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Віктаравіч Шорац і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінску Аляксандр Серафімавіч Якабсон.
У Мінскім гарадскім камітэце БРСМ нам паведамілі, што хутчэй за ўсё сустрэчы, падобныя на Форум працуючай моладзі, будуць праводзіцца ў больш шырокім фармаце, з прыцягненнем да яго работы большай колькасці маладых рабочых і спецыялістаў. Не выключана і тое, што форум стане інтэрнацыянальным.

Марына ХІДДЖАЗ.