Якім ВНУ пакінуць спецыялізацыю? Чаму галіновыя ўніверсітэты не хочуць злівацца з класічнымі? Каго заўтра будуць выпускаць аграрныя ВНУ? Ці патрэбна дзяржпадтрымка прыватным ВНУ? Пра гэта ішла размова на парламенцкіх слуханнях у Дзярждуме, прысвечаных перспектывам развіцця вышэйшай адукацыі, паведамляе “Российская газета”.
Сёння ў Расіі каля 900 ВНУ, дзе вучыцца больш за 5 млн студэнтаў. Вышэйшая адукацыя заўсёды была ў прыярытэце ў расіян, яе мараць атрымаць 60% выпускнікоў школ. Але праблем у ВНУ назапасілася за апошнія гады вельмі шмат.
“Гэта, напрыклад, даступнасць адукацыі ў малых гарадах, крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці ВНУ, падрыхтоўка кадраў для вышэйшай школы, ёсць складанасці ў ведамасных ВНУ, у недзяржаўных”, — пералічыў “балючыя” месцы старшыня Камітэта Дзяржаўнай Думы па адукацыі Вячаслаў Ніканаў.
Узяць хоць бы вышэйшыя навучальныя ўстановы транспарту. На думку статс-сакратара — намесніка міністра транспарту Расіі Сяргея Арыстава, няпрофільныя факультэты — эканамічныя, юрыдычныя — у галіновых ВНУ закрываць нельга.
“Навошта мне юрыст, які прыходзіць на вытворчасць і шукае ў даведніку, што такое колавая пара? — абураецца намеснік міністра. — У галіны ёсць спецыяльнасці, якія нельга перакладаць на бакалаўрыят. Напрыклад, авіядыспетчар, пілот грамадзянскай авіяцыі”.
Сяргей Арыстаў лічыць, што трэба заканадаўча замацаваць права аказваць фінансавую падтрымку галіновым ВНУ (зараз нават такім буйным работадаўцам, як Расійская чыгунка, гэта зрабіць няпроста) і даць універсітэтам права самім зацвярджаць стандарты навучання.
У медыцынскіх ВНУ — іншыя праблемы: занадта шмат з’явілася студэнтаў-платнікаў. Усяго на медыцынскіх спецыяльнасцях вучыцца 267 тысяч чалавек, 208 тысяч з іх атрымліваюць веды ва ўніверсітэтах і акадэміях Міністэрства аховы здароўя. Калі пазабюджэтныя аддзяленні ў сваіх ВНУ Міністэрства аховы здароўя кантралюе, то ў іншых да выпускнікоў ёсць пытанні.
Сельскагаспадарчыя ВНУ гатовы да ўзбуйнення і згодныя з тым, што галіновыя апорныя ВНУ патрэбныя. Рэктараў турбуе тое, што самымі запатрабаванымі сёння сталі не заатэхнікі і аграномы, а спецыялісты тэхнічнага забеспячэння сельскай гаспадаркі. У галіновым міністэрстве лічаць, што з развіццём аўтаматызацыі вытворчасці ў найбліжэйшы час будзе зніжацца патрэба ў маладых спецыялістах.
Адна з прапаноў — рабіць упор на падрыхтоўку прадпрымальнікаў для сельскай гаспадаркі, каб з ВНУ выходзілі гатовыя каманды прафесіяналаў, якія могуць адразу падняць усю гаспадарку. Але гэта справа будучыні, а пакуль што у Міністэрстве сельскай гаспадаркі прапаноўваць улічваць пры фінансаванні галіновых ВНУ тое, што амаль усе яны маюць фермы альбо доследныя ўчасткі, якія патрабуюць дадатковых значных выдаткаў. Можна надаваць сельскагаспадарчай ВНУ статус сельгасвытворцы, тады ёй гарантавана дадатковая дзяржаўная падтрымка.
Галаўны боль рэгіянальных ВНУ — адток абітурыентаў у буйныя гарады.
“У 2015 годзе да нас прыехалі 3 тысячы абітурыентаў, а з’ехалі 10 тысяч. У некаторых рэгіёнах з’язджае да 50% выпускнікоў школ, а вяртаюцца потым на малую радзіму адзінкі”, — расказаў рэктар Паволжскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Яўген Раманаў.
На думку некаторых экспертаў, узбуйненне і аб’яднанне ВНУ, закрыццё філіялаў у рэгіёнах прыводзіць да таго, што адукацыя становіцца недаступнай для дзяцей з глыбінкі.
Ёсць прэтэнзіі да маніторынгу ВНУ, на падставе якога часта прымаюцца кіраўніцкія рашэнні. Удзельнікі парламенцкіх слуханняў прапаноўваюць змяніць методыку маніторынгу і ўлічваць галіновую спецыфіку ВНУ.
Яшчэ адна прапанова — падтрымаць недзяржаўныя ВНУ, якія даюць якасную адукацыю, дапусціць іх да ўдзелу ў конкурсах і праграмах Мінадукацыі і навукі, якія скіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Па выніках абмеркавання ўдзельнікі парламенцкіх слуханняў рэкамендавалі Міністэрству адукацыі і навукі распрацаваць Канцэпцыю тэрытарыяльнага развіцця сеткі вышэйшых навучальных устаноў з улікам галін гаспадаркі і спецыфікі рэгіёнаў, дакладна вызначыць мэты і задачы аптымізацыі ВНУ, даць магчымасць узаемадзеяння ВНУ-партнёраў без працэдуры зліцця. Сярод іншых прапаноў — штогадовы маніторынг стыпендый, забяспечанасці інтэрнатамі, больш шырокі ўлік меркавання работадаўцаў пры ацэнцы ВНУ, удасканаленне мэтавага прыёму, змяненне правілаў удзелу ў конкурсе на стварэнне апорных вышэйшых навучальных устаноў.