Праектуе, арганізоўвае, натхняе

- 11:31Людзі адукацыі, Рознае

Уладзіслаў Уладзіміравіч Крайноў у педагогіку прыйшоў усвядомлена, таму паступленне ў БДПУ імя Максіма Танка, як гаворыцца, не абмяркоўвалася. Вучыць — гэта сутнасць Уладзіслава Уладзіміравіча, напэўна таму спіс яго педагагічных і кіраўнічых дасягненняў штогод папаўняецца новымі пунктамі.

Уладзіслаў Уладзіміравіч — намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце, настаўнік геаграфіі і біялогіі сталічнай гімназіі № 5. У 2015 годзе ён стаў пераможцам гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і атрымаў грант Мінгарвыканкама. У гэтым жа годзе Уладзіслаў Уладзіміравіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за добрасумленную, плённую працу і поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.

У бягучым годзе Уладзіслаў Уладзіміравіч атрымаў дыплом III ступені за ўдзел у гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Лідар адукацыі”. “Мае прафесійныя перакананні цалкам супадаюць са словамі сапраўднага члена Расійскай акадэміі адукацыі, доктара педагагічных навук, прафесара Марка Максімавіча Паташнікава, які адзначае: “Калі вы ўмееце праектаваць работу калектыву, арганізоўваць выкананне вызначанага, стымуляваць людзей на творчую і добрасумленную працу, кантраляваць працэс і аналізаваць вынікі, значыць, вы валодаеце ўменнем кіраваць”, — заўважыў Уладзіслаў Уладзіміравіч.

Уладзіслаў Уладзіміравіч якраз з тых, хто ўмее не толькі праектаваць дзейнасць калектыву. Ён умее натхняць, выклікаць цікавасць і весці за сабой, а ўсё таму, што сам цікавіцца многім, штодзень праяўляючы пазнавальныя патрэбы. У прыватнасці, Уладзіслаў Уладзіміравіч — актыўны ўдзельнік інавацыйных працэсаў у гімназіі, з’яўляецца генератарам ідэй, ажыццяўляючы каардынацыю работы педагогаў па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў.

Яго ідэя прымянення праектна-матрычнай структуры як інавацыйнага механізма ў развіцці ўстановы адукацыі стала ключавой у інавацыйным менеджменце гімназіі. На пачатак 2015/2016 навучальнага года ў рамках праектна-матрычнай арганізацыі кіравання педагагічныя работнікі, навучэнцы гімназіі сталі распрацоўшчыкамі 47 праектаў, з якіх 15 — кіраўнічых, 7 — метадычных, 19 — педагагічных, 6 — вучнёўскіх.

“У рабоце з кадрамі камандны голас не з’яўляецца галоўным рычагом кіравання.Чакайце ад людзей надзейнасці і кампетэнтнасці — і яны іх праявяць. З чаго пачаць? Ёсць цудоўны выраз Антуана дэ Сент-Экзюперы: “Калі ты хочаш пабудаваць карабель, трэба заразіць людзей імкненнем да бясконцага мора”. А гэта, як вядома, патрабуе ад намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце асаблівага такту, тонкасці, камунікатыўных уменняў”, — працягваў суразмовец.

Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце функцыянуюць раённы рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, які з’яўляецца каардынатарам дзейнасці ўстаноў адукацыі Партызанскага раёна Мінска ў галіне інфарматызацыі, і раённы рэсурсны цэнтр прыродазнаўча-матэматычнай і грамадазнаўчай накіраванасці. У.У.Крайноў узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне па інфарматызацыі і праводзіць майстар-класы. Уладзіслаў Уладзіміравіч арганізаваў і правёў некалькі міжраённых, гарадскіх семінараў і майстар-класаў для настаўнікаў: “Бяспека дзяцей у інтэрнэце”, “Арганізацыя педагагічнай дзейнасці на аснове дыстанцыйных тэхналогій навучання”, “Профільнае навучанне па фізіцы”.

Яшчэ адным прафесійным інтарэсам У.У.Крайнова з’яўляецца арганізацыя даследчай дзейнасці гімназістаў. Навучэнцы гімназіі прадстаўляюць свае навукова-даследчыя праекты на штогадовых раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, прымаюць удзел у Міжнародным конкурсе “Матэматыка без межаў” (Балгарыя). У 2014—2015 гадах навучэнцы гімназіі на гарадскім, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях конкурсаў даследчых работ атрымалі 23 дыпломы. Пяць навучэнцаў былі ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Акрамя таго, Уладзіслаў Уладзіміравіч актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці па пашырэнні знешніх сувязей сваёй гімназіі, умее знаходзіць агульную мову з людзьмі навукі. У сістэме навукова-даследчай работы важным кампанентам з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне гімназіі з прафесарска-выкладчыцкім складам дзяржаўных універсітэтаў, у прыватнасці педагагічным, БДУ, Палескім універсітэтам, а таксама НІА, НАН Беларусі. З 2013 года гімназія з’яўляецца філіялам кафедры педагогікі МДЛУ. Арганізаваны абмен вопытам з адміністрацыяй і настаўнікамі Славянскай асноўнай школы Кохтла-Ярве (Эстонія), сярэдняй школай № 97 Заходняй акругі Масквы (у рамках праекта “Мост дружбы Мінск — Масква”), школай № 23 Дзяснянскага раёна Кіева (Украіна).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.