Педагагічнае асяроддзе для будучых настаўнікаў

- 11:27Адукацыйная прастора, Рознае

Адкрыццё профільнага педагагічнага класа — справа адказная. Прычым адказнасць нясуць усе ўдзельнікі педагагічнага калектыву, бо толькі настаўніцкая згуртаванасць і ідэйнасць могуць натхніць вучняў на педагагічны шлях. Як бы гэта банальна ці пафасна ні гучала, але настаўнікі ў школе з педкласамі павінны быць узорнымі, каб, гледзячы на іх, падлетку хацелася пераймаць.

Тэхналогіі стварэння педагагічнага класа няма. У школе павінна быць пэўная атмасфера, мікраклімат, якія будуць спрыяць павышэнню цікавасці да педагагічнай прафесіі. Калі ў вас ёсць задума арганізаваць педагагічны клас, то пачынаць неабходна з сябе, са свайго стаўлення да гэтай прафесіі. У гэтым перакананы ў сярэдняй школе № 6 Мінска, якая з 2015 года з’яўляецца школай-лабараторыяй вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. З мінулага навучальнага года тут дзейнічаюць педагагічныя класы.

“Фарміраванне асобы вучня адбываецца пад уплывам асобы педагога. Школе неабходны настаўнік, які будзе здольны (з улікам змен сацыяльна-эканамічных умоў і агульнай сітуацыі ў сістэме адукацыі) выбіраць найлепшыя варыянты арганізацыі педагагічнага працэсу, прагназаваць іх вынікі. Унікальная магчымасць узгадаваць такога настаўніка з’явілася дзякуючы стварэнню сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Дапрофільнае і профільнае навучанне педагагічнай накіраванасці на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі выступае падмуркам, асновай гэтага навучання”, — адзначыла ў пачатку нашай размовы дырэктар школы Галіна Іванаўна Гетманчук.

Адной з задач школы-лабараторыі з’яўляецца арганізацыя ўзаемадзеяння і інтэграцыя вучэбна-навукова-інавацыйнага патэнцыялу сярэдняй навучальнай установы і вышэйшай. Як падкрэслілі ў школе, гэта неабходна для вырашэння актуальных праблем псіхолага-педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі.

Адной з вызначальных умоў адкрыцця профільнага педагагічнага класа ў сярэдняй школе № 6 Мінска з’яўляецца сістэма сеткавага ўзаемадзеяння з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Так, напрыклад, у рамках школы-лабараторыі ў мінулым навучальным годзе практыка студэнтаў універсітэта была арганізавана з выкарыстаннем шматвектарнай схемы, якая ўключала ў сябе прадметны напрамак, выхаваўчую работу і абавязковую метадычную работу са студэнтамі. Такая схема атрымала адабрэнне кіраўнікоў практыкі і студэнтаў. Пасля практыкі ў адрас адміністрацыі і педагогаў школы было выказана шмат слоў падзякі.

Не менш важным з’яўляецца стварэнне эксперыментальна-інавацыйнай пляцоўкі для трансферу інавацый, апрабацыі і ўкаранення навукова-метадычных распрацовак у педагагічную практыку. Наступная задача — стварэнне базы бесперапыннай педагагічнай практыкі, уключэнне будучых педагогаў у адукацыйнае асяроддзе апераджальнага асобасна-прафесійнага развіцця. Школа-лабараторыя — гэта і метадычная, і арганізацыйная падтрымка творчых ініцыятыў, аказанне кансультацыйнай дапамогі педагогам.

Як падчас размовы заўважыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Віктараўна Фядосава, у межах школы-лабараторыі ствараюцца ўсе ўмовы для фарміравання эксперыментальна-інавацыйнага асяроддзя бесперапыннай педагагічнай адукацыі і для функцыянавання профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Педагогі школы маюць высокі прафесійны і культурны ўзровень: пераважная большасць настаўнікаў маюць вышэйшую і першую катэгорыю. Для карыстання настаўнікам і навучэнцам прадастаўлены матэрыяльна-тэхнічныя і вучэбна-метадычныя рэсурсы школы ў выглядзе сучаснай камп’ютарнай тэхнікі, праграмнага забеспячэння, інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы. У школе ствараецца полістылёвая адукацыйная прастора, якая развівае кагнітыўную мабільнасць педагогаў за кошт асваення сучасных тэхналогій і сродкаў навучання.

У гэтым навучальным годзе, як і ў мінулым, у школе дзейнічае профільны педагагічны клас з вывучэннем на павышаным узроўні такіх вучэбных прадметаў, як “Матэматыка”, “Руская мова”. Конкурсны адбор у яго ажыццяўляўся на падставе адпаведнага Інструктыўна-метадычнага пісьма Міністэрства адукацыі. На этапе адбору навучэнцаў у профільны клас педагагічнай накіраванасці сур’ёзная работа была праведзена адміністрацыяй і псіхалагічнай службай школы, якая, дарэчы, займае адну з ключавых пазіцый падчас стварэння такіх класаў, а затым і суправаджэння. Тэсціраванне навучэнцаў, анкетаванне законных прадстаўнікоў, бацькоўскія сходы — усе праведзеныя мерапрыемствы былі накіраваны на выяўленне зацікаўленасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў адкрыцці такога класа.

“Актыўную падтрымку ў гэтым пачынанні мы разлічвалі атрымаць ад бацькоў і законных прадстаўнікоў вучняў. І не памыліліся. На працягу ўсяго мінулага навучальнага года і зараз з іх боку назіраюцца ўвага і зацікаўленасць не толькі ў выніках вучэбнай дзейнасці іх дзяцей, але і ва ўсіх пазакласных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках профільнага навучання педагагічнай накіраванасці”, — адзначыла Ала Віктараўна Фядосава.

Падводзячы вынікі першага года ў статусе школы-лабараторыі з педагагічнымі класамі, адміністрацыя сярэдняй школы № 6 Мінска адзначае, што павышаны ўзровень вывучэння матэматыкі і рускай мовы даваўся няпроста. Навучэнцам давялося пераразмяркоўваць свае часавыя рэсурсы, больш увагі ўдзяляць падрыхтоўцы дамашніх заданняў як па профільных прадметах, так і па абавязковых факультатывах. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагогаў, іх педагагічнаму вопыту, павышанай матывацыі навучэнцаў, мінулы навучальны год яны завяршылі паспяхова: сярэдні бал па згаданых прадметах ― 7,7 і 7,5. Акрамя таго, усе вучні профільнага класа маюць высокія адзнакі і па іншых вучэбных прадметах.

Педагагічная матывацыя школьнікаў падтрымліваецца, а для некаторых толькі зараджаецца на факультатыўным курсе “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. У педкласах 6-й мінскай школы яго вядзе высокакваліфікаваны спецыяліст — дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі БДПУ імя Максіма Танка Вольга Іосіфаўна Мітраш, якая здолела наладзіць цесны кантакт з вучнямі літаральна з першых заняткаў.

У мінулым годзе ў рамках праграмы курса навучэнцы прайшлі праз першыя педагагічныя пробы — пабылі памочнікамі класнага кіраўніка. На падставе Палажэння аб педагагічнай практыцы, вучні педагагічнага класа паўдзельнічалі ў адукацыйным працэсе чацвёртакласнікаў. Па заданні педагогаў, яны праводзілі пазакласныя мерапрыемствы, сцэнарыі якіх пісалі самі, паспрабавалі падрыхтаваць і правесці фрагменты ўрокаў.

“Для старшакласнікаў гэта было сур’ёзнае выпрабаванне. Практычныя заняткі з вучнямі на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці сталі для іх чарговай праверкай сябе і правільнасці прафесійнага выбару. Усе вынікі работы навучэнцаў фіксаваліся ў заліковых кніжках, якія яны ўрачыста атрымалі на цырымоніі пасвячэння ў педагагічную прафесію.

Дзякуючы Вользе Іосіфаўне і цеснай сувязі з БДПУ, нашы вучні падключыліся да валанцёрскай дзейнасці, якая праводзіцца ў педуніверсітэце, сталі аўтарамі навукова-даследчых работ. У выніку навучэнцы педагагічнага класа былі ўдастоены двух дыпломаў І ступені і грамат за паспяховы ўдзел у Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў і навучэнцаў “Актуальныя праблемы сацыяльна-гуманітарных ведаў” і Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Студэнцкая навука — інавацыйны патэнцыял будучыні”, якія праходзілі ў БДПУ імя Максіма Танка.

На працягу навучальнага года вучні стваралі свае партфоліа, у якіх збіралі практычныя і тэарэтычныя матэрыялы. Для таго каб аптымізаваць матэрыяльныя затраты навучэнцаў і прадстаўляць іх матэрыялы ў поўным аб’ёме, было вырашана стварыць пашыранае электроннае партфоліа, што неабходна для назапашвання не толькі тэкставага, але і графічнага, аўдыя- і відэаматэрыялу. У сувязі з гэтым для дзяцей запланаваны заняткі па вывучэнні спецыялізаванай камп’ютарнай праграмы, у якой прадугледжаны ўсе згаданыя магчымасці.

Канец мінулага навучальнага года таксама стаў насычаным і запамінальным на падзеі. Каманда школы годна прадставіла сваю ўстанову на Першым адкрытым злёце навучэнцаў педагагічных класаў, які праходзіў у Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым лагеры “Лідар”. Хлопцы і дзяўчаты яшчэ раз замацавалі набытыя веды і, што вельмі важна, знайшлі новых сяброў і аднадумцаў”, — працягвала Ала Віктараўна.

У маі бягучага года ў сярэдняй школе № 6 Мінска прайшла выніковая канферэнцыя “Педагог XXI стагоддзя” для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Да ўдзелу запрашаліся каманды навучэнцаў профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці агульнаадукацыйных школ з усёй краіны. На ініцыятыву адгукнуліся Грэская сярэдняя школа, Іўеўская сярэдняя школа, сярэдняя школа № 4 Віцебска, сярэдняя школа № 3 Смалявіч, Чысцінская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна, сярэдняя школа № 126, гімназія № 20 Мінска.

Тэматыка выступленняў удзельнікаў была разнастайнай: “Старонкі гісторыі педагогікі”, “Педагог будучыні”, “Першыя крокі ў педагагічную прафесію”, “Кодэкс настаўніка XXI стагоддзя”, “Настаўнік, якога мы выбіраем”. Навучэнцы прадставілі свае паведамленні, эсэ, прэзентацыі асабістых партфоліа, творчыя работы. Але галоўнае — яны сталі паплечнікамі ў дасягненні пастаўленай мэты. А замацавалі атрыманы эфект закладкай педагагічнай алеі.

У 6-й школе ўпэўнены: правядзенне такіх канферэнцый стане традыцыяй, што будзе садзейнічаць далейшаму наладжванню ўзаемадзеяння педагогаў і навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці.

“І яшчэ. Летам навучэнцы педагагічнага класа прынялі ўдзел у праекце “Лідары новага пакалення — будучая кіраўнічая эліта незалежнай Беларусі”, — зноў уключылася ў размову дырэктар школы Галіна Іванаўна. — Аўтарамі праекта сталі начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук дацэнт Аляксандра Валянцінаўна Пазняк і дацэнт Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Аляксандр Аляксеевіч Трусь.

Праект з’яўляецца складовай часткай сістэмнай падрыхтоўкі сённяшніх вучняў да будучай самастойнай працоўнай дзейнасці. Ён накіраваны на разуменне яго ўдзельнікамі сваіх рэсурсных галін, суаднясенне іх жаданняў і магчымасцей, вырашэнне прафарыентацыйных задач, усведамленне асаблівасцей менеджарскай практыкі, вызначэнне кірунку свайго развіцця, магчымай пабудовы прафесійнай, дзелавой і кіраўнічай кар’еры. Вырашэнне гэтых задач зводзіцца не толькі да фарміравання запатрабаванасці маладога чалавека на сучасным рынку працы і яго інтэграцыі ў прафесійны і кіраўнічы працэс, але і да прыняцця ім адказнасці за сваю будучыню”.

З 2016/2017 навучальнага года ў сярэдняй школе № 6 Мінска пачаў дзейнічаць новы, 10-ы, профільны клас педагагічнай накіраванасці. Камплектаванню гэтага класа зноў папярэднічалі мерапрыемствы па выяўленні зацікаўленасці ў профільнай адукацыі навучэнцаў 9 класаў, іх законных прадстаўнікоў. Быў прааналізаваны і прафесійны патэнцыял педагогаў, якія працуюць у класе. Асаблівая работа вялася па адборы класнага кіраўніка, які задае тон педагагічнай рабоце з адабранымі дзецьмі. Класны кіраўнік, па меркаванні Алы Віктараўны, выступае своеасаблівым арыенцірам у педагогіцы для вучняў, якія ў будучыні плануюць стаць настаўнікамі.

Акрамя таго, з гэтага года ў школе вырашылі пашырыць кола адукацыйных паслуг для вучняў педагагічных класаў. Так, напрыклад, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Інай Аляксандраўнай Капко, уладальніцай міжнароднага сертыфіката Цэнтра эфектыўных камунікацый “Фітбэк”, у якім яна асвоіла курс “Медыяцыя як метад эфектыўнага вырашэння канфліктаў”, створана праграма курса навучання тэхналогіі школьнай медыяцыі для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. У новым навучальным годзе гэты курс прапанаваны для вывучэння вучням 10—11 педагагічных класаў. А настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Дзмітрыеўна Ламака будзе вучыць будучых настаўнікаў асновам мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі.

Першы год работы паказаў неабходнасць дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У сувязі з гэтым сярэдняя школа № 6 Мінска як школа-лабараторыя стала ўдзельніцай эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Як заўважылі мае суразмоўніцы, планаў на будучыню ў іх багата.

“У заключэнне адзначым, што ў матэрыялах мемарандума Балонскага працэсу вызначаны неабходныя для выпускніка якасці, якія дапамогуць яму паспяхова адаптавацца да будучай прафесіі. Да іх аднесены ініцыятыўнасць, крэатыўнасць, камунікатыўнасць, гнуткасць мыслення, дыялагічнасць, адсутнасць страху рабіць выбар, уменне шукаць інфармацыю і актыўна з ёй працаваць, асабістая адказнасць, здольнасць да змены відаў дзейнасці, адаптыўнасць. Мы ўпэўнены, што менавіта сістэма профільнай адукацыі педагагічнай накіраванасці будзе эфектыўна працаваць у напрамку комплекснага развіцця выпускнікоў школы, павышэння прэстыжу навучальнай установы”, — рэзюмавалі Галіна Іванаўна Гетманчук і Ала Віктараўна Фядосава.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.