Сілай думкі, з дапамогай робатаў

- 14:57Выхаваўчая прастора

У краіне створана шматузроўневая, бесперапынная сістэма адукацыі ў галіне электронікі і робататэхнікі. Яна ўяўляе сабой сучасны навукова-адукацыйны комплекс, работа якога накіравана на развіццё робататэхнікі сярод навучэнцаў розных узроставых груп, павышэнне ўзроўню ведаў па інфарматыцы і камп’ютарных тэхналогіях, фізіцы, матэматыцы, уцягванне моладзі ў сферу інфармацыйных тэхналогій, папулярызацыю гэтага кірунку ў маладзёжным асяроддзі. Каардынатарам такой работы з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Багаты вопыт назапашаны ў Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Адукацыйная робататэхніка, якая аб’ядноўвае класічныя падыходы да вывучэння асноў тэхнікі і такія сучасныя напрамкі, як інфармацыйнае мадэляванне і праграмаванне, з’яўляецца адной з найбольш інавацыйных галін у сферы дзіцячай тэхнічнай творчасці. Зараз у рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Робататэхніка: інжынерныя веды моладзі для інавацыйнай Беларусі” ў абласным Цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі створана пляцоўка па робататэхніцы. На базе ўстановы адкрыты 7 аб’яднанняў па інтарэсах па напрамках робататэхніка і радыёэлектроніка, у якіх займаюцца 56 навучэнцаў. Развіццю робататэхнікі спрыяе праект “Інапарк”. З гэтага года навучанне ідзе на трох узроўнях: падрыхтоўчы (Lego Ведо), пачатковы (LegoEV3) і канструяванне робатаў на аснове апаратна-вылічальнай платформы (ARDUINO). Сёння ў цэнтра ўжо ёсць цікавыя планы і на найбліжэйшую будучыню. Калектыў мае намер развіваць такі напрамак, як тэхналогія беспілотных лятальных апаратаў, нейрапілатаванне. Гэта тэхналогія, якая дазваляе чалавеку кіраваць рознымі аб’ектамі пад вадой, на зямлі, у паветры і нават у космасе “сілай думкі”, перадачай мазгавых імпульсаў на нейраінтэрфейс. А на пачатку сакавіка ў Гомелi ўпершыню пройдзе абласны турнір па робататэхніцы ROBOQUEST.

Інавацыйныя напрамкі актыўна развіваюць педагогі аддзела навукова-тэхнічнай і інавацыйнай творчасці на чале з загадчыкам аддзела Аленай Мартынавай — прызнаным майстрам радыёэлектронікі, электратэхнікі і энергетыкі. Алена Георгіеўна стварыла праграму работы аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка”, пад яе кіраўніцтвам у аб’яднанні па інтарэсах “Радыёканструяванне” створаны праекты, якія адзначаны ўзнагародамі на рэспубліканскім і міжнародным конкурсах.

— Для таго каб адукацыйныя праграмы аб’яднанняў адпавядалі сучасным патрабаванням і былі цікавыя навучэнцам, яны павінны абапірацца ў сваёй аснове на сучасныя тэхнічныя сродкі навучання, камп’ютарныя і інтэрактыўныя мадэлі, тэхнічныя канструктары, — лічыць Алена Мартынава. — Калі дзіця канструюе робата, развіваюцца яго творчыя, даследчыя і тэхнічныя здольнасці. У дзяцей развіваецца мысленне, яны вучацца прымяняць тэарэтычныя веды ў практычнай дзейнасці. Калі гаварыць пра падлеткаў, то заняткі робататэхнікай спрыяюць развіццю цікавасці да тэхнічных спецыяльнасцей і дапамагаюць павысіць прэстыж інжынернай адукацыі.

Насамрэч, адну са сваіх галоўных задач Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці бачыць у выпрацоўцы прафесійных навыкаў і вызначэнні з выбарам будучага месца навучання і працы выхаванцаў. А таму ўдзел у спаборніцтвах самага рознага ўзроўню ставіцца ў прыярытэт. Так, актыўнае развіццё спектра адукацыйных паслуг цэнтра ў галіне інавацыйных тэхналогій дае магчымасць яго выхаванцам прымаць удзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі JuniorSkills у кампетэнцыях “Протатыпаванне”, “Мабільная робататэхніка”, “Прамысловая робататэхніка”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Інжынерны дызайн САПР”. Значную ролю ў падрыхтоўцы юнакоў і дзяўчат да спаборніцтваў адыгрываюць заняткі ў вучэбных лабараторыях. Вынікі, якія паказваюць выхаванцы цэнтра, — добры доказ таго, што педагагічны калектыў установы рухаецца ў правільным кірунку. Так, у нядаўнім ХVIII Абласным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект” каманда абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці заняла першае месца, абышоўшы 25 іншых каманд з усяго рэгіёна. А таксама чарговы раз выхаванцы Алены Георгіеўны занялі два з трох магчымых прызавыя месцы ў секцыі “Радыёэлектроніка, электратэхніка і энергетыка”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.