Дзіцячы трэнер — пра тое, чаму нелюбоў дзяцей да спорту — гэта нармальна
Лічыцца, што, каб дзіця вырасла здаровым і актыўным, абавязкова трэба з малых гадоў прывучаць яго займацца спортам. Але ў якую менавіта секцыю лепш аддаць дзіця і калі? І што рабіць, калі дзіця катэгарычна адмаўляецца рабіць нават зарадку? Рэдактар The Challenger Маша Цырулёва паразмаўляла пра гэта з дзіцячым трэнерам і спецыялістам па рэабілітацыі, кандыдатам педагагічных навук Дзмітрыем Федзіным.
—На пытанне аб тым, у якім узросце дзецям можна пачынаць займацца спортам, няма адназначнага адказу. Усё індывідуальна і залежыць ад фізічных параметраў: росту, вагі, целаскладу. Чаго катэгарычна нельга рабіць, дык гэта спяшацца. Немэтазгодна нават, каб дзіця рана ставілі на ногі. Да 4—5 гадоў у дзіцяці заўсёды павінна быць магчымасць сесці ў каляску, калі яно стамілася. Часта назіраецца такая карціна: хлопчык ужо з цяжкасцю варушыць нагамі, а бацькі цягнуць яго за руку, як казла на вяровачцы. Таму што яны ці паленаваліся ўзяць з сабой каляску, ці наслухаліся парад аб тым, што з малых гадоў дзеці павінны шмат хадзіць. А тым часам у дзіцяці яшчэ не сфарміраваліся да канца сцегнавыя суставы і калені. І перагружаць іх катэгарычна нельга. Тое ж самае — з галёнкаступнёвым суставам. Не трэба даваць вялікую нагрузку, гэта перашкаджае правільнаму фарміраванню ступні і спрыяе развіццю плоскаступнёвасці.
Калі дзіцяці споўнілася пяць гадоў, можна акуратна спрабаваць далучаць яго да заняткаў спортам. Пачынаць трэба не з бегавой падрыхтоўкі, не з сілавых трэніровак і не са складана скаардынаваных відаў. Пачынаць лепш за ўсё з агульнай гімнастычнай падрыхтоўкі, якая ўключае ў сябе практыкаванні на выраўноўванне і ўмацаванне пазваночніка, расцяжку, сустаўную гімнастыку. Можна таксама падключыць заняткі плаваннем, харэаграфію.
Сур’ёзная памылка — адразу шукаць спецыялізацыю. Не трэба, напрыклад, з самага ранняга ўзросту спрабаваць зрабіць з дзіцяці марафонца.
Я бачыў дзяцей, якіх рана пачынаюць гнаць на прабежку. Яны плачуць, яны не хочуць, а тата або мама, аматары лёгкай атлетыкі, прымушаюць. Ужо зразумела, што з гэтых дзяцей лёгкаатлеты наўрад ці атрымаюцца. Ёсць такое паняцце — “жыццёвы рэсурс”. Трэба разумець, што мы павінны гэты рэсурс павялічваць. Фарсіруючы фізічнае развіццё дзіцяці, мы яго толькі скарачаем.
Аб спецыялізацыі звычайна задумваюцца, калі дзіцяці гадоў сем (у некаторых відах спорту — крыху раней). Калі вы забяспечылі сваім дзецям добрую гімнастычную падрыхтоўку, ім будзе лёгка давацца практычна любая дысцыпліна, таму што яны будуць умець валодаць уласным целам, ведаць тэхніку руху, навучацца не стамляцца. Гэта вельмі важна — навучыць дзiця не стамляцца. Калі чалавек баіцца стаміцца, ён пачынае працаваць менш. Але і стомленасць у адказ на гэта надыходзіць раней. Вы зніжаеце нагрузкі — і стамляецеся яшчэ хутчэй. У рэшце рэшт, калі вы пазбаўляеце сябе нават мінімальных нагрузак, пачынаеце стамляцца ад самай нязначай актыўнасці. Часам трэба “ісці на стомленасць”, каб гэтая стомленасць адыходзіла.
А вось некалькі парад, як абраць спартыўную секцыю і не нашкодзіць пры гэтым дзіцяці.
Самае складанае ў дзіцячым спорце — знайсці мяжу паміж дапушчальнай стомленасцю і ператрэніраванасцю. Разлічыць нагрузку павінен дапамагчы трэнер. Ідэальная сітуацыя — дзіця хоча займацца, бацькі падтрымліваюць яго і падаюць прыклад, а трэнер ведае, як гэта правільна зрабіць. На жаль, такое здараецца не так ужо і часта.
Як адрозніць добрага трэнера ад дрэннага? Па-першае, вельмі часта добры трэнер — гэта трэнер з вялікім вопытам работы. Да дзяцей трэба ўмець знайсці падыход, а такое ўменне прыходзіць толькі з вопытам. Па-другое, звярніце ўвагу на здароўе вашага дзіцяці. Галоўнае ў трэніроўках дзяцей — гэта бяспека. І калі ваш сын ці ваша дачка часта атрымлівае траўмы, хутчэй за ўсё, трэнер дзесьці дапускае памылку. Па-трэцяе, асцерагайцеся трэнераў, якія хаваюць трэніроўкі ад бацькоў. Маё меркаванне — бацькі могуць і нават павінны прысутнічаць на трыбунах або ў зале падчас трэніровак, а яшчэ лепш — таксама займацца. Гэта дае дзецям дадатковы стымул. Наогул, больш прыцягвайце дзяцей да заняткаў спортам на асабістым прыкладзе. Калі вы выцягнеце дзіця з ложка раніцай крыху раней і паспрабуеце прымусіць яго рабіць зарадку, а самі пры гэтым будзеце гультаяваць, гэта наўрад ці спрацуе. Дзеці, асабліва ў зусім юным узросце, капіруюць паводзіны бацькоў. Калі вы хочаце, каб яны рабілі практыкаванні раніцай, пачніце рабіць іх самі. У рэшце рэшт, гэта і для вас будзе карысна.
Некаторыя бацькі прызвычаіліся думаць, што натуральны стан для дзіцяці — быць актыўным, любіць рухацца, бегаць, скакаць, займацца спортам. Але не ўсе дзеці такія. Ваша дзіця можа быць вельмі спакойным, старанным. І, магчыма, спорт — проста не яго. У гэтым няма нічога ненармальнага, усе дзеці розныя, у кожнага — свой, асаблівы характар. Не трэба спрабаваць любой цаной прымусіць ваша дзіця займацца. Захоўвайце цярпенне і шукайце тыя фізічныя актыўнасці, якія спадабаюцца вашаму сыну або вашай дачцэ. Падтрымлівайце іх сваім прыкладам.
Бывае яшчэ такая сітуацыя. Дзіця з задавальненнем займалася нейкім відам спорту, а пасля раптам перагарэла, яму перастала падабацца, яно не хоча хадзіць на заняткі. Звычайна гэта вынік ператрэніраванасці. У такіх выпадках таксама не трэба ціснуць на дзіця. Лепш зрабіць паўзу, змяніць від спорту ненадоўга, а можа, зрабіць вялікі перапынак на некалькі месяцаў. Для прафілактыкі такой ператрэніраванасці і эмацыянальнага выгарання не забывайце даваць дзецям адпачыць, арганізоўвайце ім выхадныя. Не толькі ад заняткаў спортам, ад усяго — ад вучобы, ад шматлікіх гурткоў і секцый. У дзіцяці павінен быць час на тое, каб яно проста пасядзела ў сваім пакоі або дзе-небудзь яшчэ, памалявала, пачыталала кніжку, проста паглядзела ў сцяну. Гэта яго асабісты час. І такога часу павінна быць як мінімум дзве гадзіны ў тыдзень.
І апошняе. Калі вы прыводзіце дзіця на трэніроўку, не марце аб тым, што з яго вырасце чэмпіён. Для вас галоўнай мэтай павінна быць здароўе. А абярэ ваш сын ці ваша дачка кар’еру спартсмена альбо будзе шукаць сябе ў іншай галіне, не мае вялікага значэння.